Суббота, 12 июня 2021

Дзмітрый Барысюк пра сваю прафесію: «Выратавальнік — лад жыцця»

551

У гэтую прафесію прыходзяць толькі свядома, з поўным разуменнем таго, наколькі яна складаная, небяспечная, але надзвычай важная і неабходная. Мужныя, дужыя, адказныя, кемлівыя – толькі людзі з такімі якасцямі могуць стаць выратавальнікамі. Зразумела, што ў 16-17 гадоў яшчэ мала хто адпавядае ўсім пералічаным крытэрыям, але на гэтым этапе дастаткова мець велізарнае жаданне дапамагаць іншым. Усяму астатняму навучаць ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь.


Сакрэтамі сваёй прафесіі дзеліцца інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Пружанскага РАНС Дзмітрый Барысюк.

— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— Я проста пайшоў услед за бацькам, які шмат гадоў аддаў выратавальнай службе. Я ведаў, што гэта ганаровая мужчынская прафесія і дагэтуль не расчараваўся у ёй.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Каб стаць курсантам, трэба добра здаць ЦТ па матэматыцы, фізіцы і адной з дзяржаўных моў, а таксама паказаць сваю фізічную форму пры здачы нарматываў. З апошнім праблем у мяне не было ніколі, але тым, хто збіраецца паступаць у наш універсітэт, раю звярнуць на гэта ўвагу і не ленавацца на занятках па фізкультуры, а таксама ў вольны час – гэта спатрэбіцца і ў далейшай вучобе. Я ўзгадаў, што наша прафесія мужчынская, але цяпер і многа дзяўчат, якія жадаюць ёй авалодаць, і конкурс сярод іх значна вышэйшы.
Я быў сур’ёзна настроены на паступленне, таму без дапамогі рэпетытараў вырашыў не рызыкаваць. Толькі да фізікі рыхтаваўся самастойна. На самой справе на яшчэ аднаго рэпетытара ў мяне не ха-піла б ні часу, ні сіл, таму давялося ўзяць волю ў кулак і не даваць сабе расслабіцца пры самападрыхтоўцы.
Адной з асаблівасцей паступлення з’яўляецца не прамая падача дакументаў у ВНУ МНС, а праходжанне першапачатковага адбору па месцы жыхарств. Для гэтага неабходна звярнуцца ў раённы ад-дзел па надзвычайных сітуацыях да 1 мая (не варта адцягваць да 30 красавіка), дзе ад вас прымуць заяву аб паступленні, а таксама накіруюць на медыцынскі агляд ваенна-ўрачэбнай камісіяй на прадмет прыдатнасці нясення службы ў МНС. Час вучобы залічваецца ў стаж службы, поўнасцю гарантуецца працаўладкаванне.
Дарэчы, пры ўніверсітэце існуе ліцэй, у які можна паступаць пасля шостага класа.

— Чым запомнілася вучоба?
— З першага дня вучобы курсант ужо лічыцца работнікам МНС. Першы год вучобы мы жылі ў адной вялікай казарме, пасля — у інтэрнаце на тэрыторыі ўніверсітэта. Кожная раніца пачыналася з зарадкі, наогул фізічнай падрыхтоўцы надавалася вельмі вялікая ўвага. Вучоба цікавая і тым, што складаецца з мноства практычных заняткаў. Пасля першага курса мы заступалі на сапраўдныя дзяжурствы ў выратавальнай часці, што таксама на тэрыторыі ўніверсітэта. Зразумела, вельмі адказныя справы нам не давяралі, але і асабліва не няньчыліся.

— Што ўваходзіць у Вашы штодзённыя абавязкі сёння? Што б Вы аднеслі да плюсаў, а што да мінусаў?
— Каб пазбегнуць пажараў і іншых непрыемнасцей, мы шмат займаемся прафілактычнай работай: выступаем у працоўных калектывах, абследуем жылыя дамы ў пэўных катэгорый грамадзян, тэхніку і інш. Інспекцыя займаецца і расследаваннем прычын пажараў, тут працуем у трывалай звязцы з міжраённым аддзелам Дзяржкамітэта судовых экспертыз. І гэта даволі цікава. Наогул у нас кожны дзень адрозніваецца ад папярэдняга, вельмі дынамічная работа.
Не заўсёды атрымліваецца працаваць выключна па графіку, даводзіцца прысвячаць рабоце больш часу. Гэта можна аднесці да недахопаў, але нязручнасці кампенсуюцца годнай заработнай платай. Яшчэ я ўпэўнены, што такога надзейнага і дружнага калектыву, як у аддзеле па на-дзвычайных сітуацыях, няма больш нідзе. Я ўпэўнены, тут кожнаму заўсёды падставяць плячо.

— Каму б Вы параілі абіраць такую спецыяльнасць?
— Не хачу нікога пакрыўдзіць, але я лічу нашу прафесію сапраўды мужчынскай. Гэта нават не прафесія, а лад жыцця.
Трэба мець моцны характар, а ўсяму астатняму можна навучыцца.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Кацярыны Масік.