Суббота, 12 июня 2021

Гісторыя з фатаграфіяй. Стары будынак суда

1 619

Гэты будынак на рагу Савецкай і Сацыялістычнай вуліц быў узведзены ў 1902 годзе і праіснаваў роўна 100 гадоў — да пачатку XXI стагоддзя. Тады ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскіх «Дажынак-2003» кардынальна перабудавалі цэнтр горада.


Перад зносам у ім ужо размяшчалася прыватная крама «Апельсін». Але да гэтага — з пасляваенных часоў ажно да 1995-га сціплы асабняк з пячным ацяпленнем займаў народны суд.


Здымак, які мы сёння вырашылі змясціць, зроблены не раней, чым у 1967 годзе. Як гэта вызначылі? Вельмі проста. На сцяне будынка бачна мемарыяльная дошка. Якраз яна і была ўстаноўлена і ўрачыста адкрыта 19 кастрычніка 1966 г. Надпіс на дошцы сведчыў: «У гэтым будынку ў 1920 годзе размяшчаўся Пружанскі рэвалюцыйны камітэт (рэўкам), які праводзіў значную работу па ўстанаўленні Савецкай улады на тэрыторыі раёна». Дарэчы, паблізу, на доме №7 па вул. Сацыялістычнай, той жа восенню 1966-га адкрылі іншую мемарыяльную дошку. Яна нагадвала, што тут у 1923-1938 гадах знаходзілася явачная кватэра падпольшчыкаў КПЗБ. Дом таксама не захаваўся.
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.