Воскресенье, 11 апреля 2021

Аптэка №126 прызнана лепшай у вобласці сярод устаноў сваёй катэгорыі

1 187

Аптэка №126, якая размешчана ў будынку неўралагічнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы, адчыніла дзверы тры гады таму. Напрыканцы 2019 года працаваць сюды загадчыцай прыйшла Ірына Бажко. За кароткі тэрмін яна не толькі добра зарэкамендавала сябе сярод кліентаў, а і заслужыла ўзнагароду. Па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў 2020 годзе аптэка заняла першае месца ў вобласці сярод аптэк чацвёртай катэгорыі (тых, што працуюць пры медустановах) Брэсцкага РУП “Фармацыя”. 


Гаворачы пра ўласны шлях да гэтай перамогі, Ірына Рыгораўна прызнаецца, што яшчэ ў старэйшых класах цвёрда вырашыла вывучыцца на фармацэўта:
— У родным Шарашэве я часта забягала ў аптэку па гематаген, які любіла ў дзяцінстве. І так мне там падабалася, што самой захацелася звязаць з гэтай прафесіяй жыццё. Дарэчы, заўсёды найбольш вабіла вытворчая частка — прыгатаванне лекаў. Давялося папрацаваць у розных аптэках: і ў горадзе, і ў Шарашэве. Паўсюль была свая спецыфіка. У рабоце пры бальніцы таксама ёсць адметнасці. Найперш, гэта вялікая колькасць людзей. Усе, хто выходзіць ад доктара, адразу з рэцэптамі ідуць па лекі. Мая задача — як мага хутчэй адпусціць неабходнае, каб людзі не затрымліваліся ў чарзе.
Пра сваю перамогу Ірына Рыгораўна сціпла кажа:


— Працавала як заўсёды – сумленна. Навіна пра першае месца ў вобласці стала сапраўды прыемным сюрпрызам.
Кацярына Пашкевіч, фота Кацярыны Масік.