Воскресенье, 11 апреля 2021

Колькі «каштуе» ўдзел у пратэсце? Адказвае пракурор раёна

709

У ходзе беларускага пратэсту, які працягваецца ўжо больш за паўгода, сфарміраваўся пэўны склад пратэстуючых. Хто выходзіць на вуліцы на Пружаншчыне?


Сацыяльны партрэт мясцовых пратэстуючых — прадстаўнікі сярэдняга класа працаздольнага ўзросту, якія неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, большасць з іх не працуе.

Да слова, з 10 жніўня па 10 сакавіка на Пружаншчыне да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 прыцягнута 61 асоба — 13 жанчын і 48 мужчын. Сярод іх ёсць і непаўналетні — навучэнец Пружанскага каледжа. Дзвюм асобам былі вынесены папярэджанні, у 27 выпадках назначаны арышты. Але ў дачыненні да большасці — у 43 выпадках — былі прыменены штрафныя санкцыі на агульную суму, якая перавысіла 14,6 тысячы рублёў. Гэтая сума спагнана з вінаватых у поўным аб’ёме. Трэба адзначыць, што шэраг жыхароў раёна прыцягваўся да адказнасці неаднаразова.


Але з 1 сакавіка г.г. пратэстуючых чакае больш жорсткая адказнасць: у сілу ўступіў новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях — цяпер правапарушэнне разглядаецца ў межах артыкула 24.23. Так парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання і іншага масавага мерапрыемства для ўдзельнікаў можа каштаваць да 100 базавых велічынь (да 2900 рублёў), для арганізатараў — ад 20 да 200 базавых велічынь ( ад 580 да 4350 рублёў). Для юрыдычнай асобы і таго больш. Можа быць прыменены арышт на тэрмін да 30 сутак. За паўторнае на працягу года парушэнне па гэтым артыкуле, удзел у масавым мерапрыемстве за грашовае ўзнагароджанне ці яго арганізацыю з выплатай узнагароджання прадугледжаны яшчэ больш жорсткія санкцыі (штраф для фізічнай асобы да 5800 рублёў, для юрыдычнай — ад 7250 да 14500 рублёў).


Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці цягнуць за сабой парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў альбо арганізацый, удзел у іх ацэньваюцца ў рамках Крымінальнага кодэкса.

Прадугледжаны не толькі штраф, але і пазбаўленне волі да трох гадоў. Удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаюцца насіллем, падпаламі, знішчэннем маёмасці, а таксама ўзброеным супраціўленнем, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Заўсёды добра думайце: ці каштуе парушэнне заканадаўства таго?
Аляксандр Вярбіцкі, пракурор раёна.