Суббота, 10 апреля 2021

«Пайду — закрыюць ФАП». 75-гадовая Алена Валько адказвае за здароўе жыхароў дванаццаці вёсак

1 413

“Я буду медыкам!” — яшчэ ў дзяцінстве цвёрда сказала гераіня гэтага артыкула, калі ўбачыла, з якімі намаганнямі маме даводзіцца шукаць людзей, што ўмеюць рабіць уколы. Тата цяжка хварэў, а дапамагчы яму дзяўчынка не магла.


Прайшлі гады — і слова сваё яна стрымала: стала фельчарам.
— І не шкадую пра свой выбар, — кажа жыхарка аг.Руднікі Алена Сяргееўна Валько, якая сёння, нягледзячы на сталы ўзрост (жанчына адзначыла 75-годдзе), усё яшчэ працуе на ФАПе і, тым самым, дае надзею аднавяскоўцам на тое, што ім у любы момант на месцы можна атрымаць кваліфікаваную першую дапамогу.


Сама жанчына родам з Ружаншчыны, з в.Славацічы, якая пасля аб’яднання Ружанскага і Пружанскага раёнаў адышла да Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.


Па заканчэнні школы паступіла ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1968 годзе па размеркаванні пачала працаваць у невялікім літоўскім мястэчку Кармялава, што пад Каўнасам.


— А калі вярнулася да мамы, то ўладкавалася фельчарам у аддзяленне хуткай дапамогі ў Ваўкавыску, часам падзарабляла ў Свіслачы на здраўпункце. Там з будучым мужам і пазнаёмілася… Неўзабаве пераехалі ў Вялікае Сяло, дзе ў нас нарадзілася двое дзяцей… А пазней аселі ў Рудніках. Я спачатку восем гадоў працавала ў Мокрым на ФАПе, а ў 1988 годзе перайшла сюды. Дарэчы, мой дом бачны з акна ФАПа, — усміхаецца жанчына, якая аддала медыцыне ў агульнай складанасці больш за пяцьдзясят гадоў жыцця.


Сёння ў “зоне ўплыву” рудніцкага фельчара знаходзіцца дванаццаць вёсак.
— Руднікі, Бельчыцы, Сілічы, Несцяркі, Замошша, Навадворцы, Залессе, Шаняўцы, Касіншчына, Труханавічы, Стаі і Баравікі, — выразна, нібы сваіх дзяцей па імёнах, пералічвае назвы населеных пунктаў Алена Сяргееўна.


Усяго на ўліку ў яе стаіць 336 чалавек, з іх 27 — дзеці і падлеткі да 18 гадоў, тры немаўляці.


— А калі толькі пачынала працаваць, то адказвала за здароўе 1700 чалавек. Вельмі шмат было дзяцей! Да 50 цяжарных сама вяла! А цяпер… Тыя ж Труханавічы, вазьміце, былі калісьці велізарнай вёскай, а цяпер – чатыры чалавекі… Толькі вось адлегласць паміж вёскамі не зменшылася. Летам на веласіпедзе да людзей дабіраюся. Узімку праблематычней, таму з Кляпацкай амбулаторыі выклікаю машыну. Пасля прыёму, у выпадку неабходнасці, да пацыентаў “хуткая” прыязджае… Усё роўна цяжка ў такім узросце працаваць. Ужо некалькі разоў падавала заяву аб звальненні, і ўсе гэтыя разы мяне ўгаворвалі застацца, маўляў, пайду — закрыюць ФАП. Пасядзіш, падумаеш, пасумуеш — і зноў выходзіш на працу. Людзей шкада. Ім жа добра, што ёсць дзе купіць лекі. І ўколы зраблю, і рэцэпты выпішу, і якія трэба медыкаменты прывязу. Жанчын да медагляду падрыхтую. Калі хтосьці тэмпературыць, то на доме наведаю. Чым дрэнна?
Ёсць яшчэ адна прычына, па якой Алена Сяргееўна не змагла пакінуць ФАП. Сем гадоў таму не стала яе мужа, і каб неяк перажыць гора і адчай, яна з галавой пагрузілася ў працу.


— Засяроджвала ўвагу на людзях, а не на сваім болі, і станавілася лягчэй. І сёння глядзіш на сваіх пацыентаў — і разумееш, што ты ім патрэбны. Думка пра тое, што камусьці яшчэ можаш дапамагчы, і трымае, — прызнаецца рудніцкі фельчар, якой за сваю працоўную бытнасць давялося дапамагаць мноству людзей.


— Неяк ратавала мужчыну, які ледзь не патануў на Залескім возеры. Ратавала цяжарных. Нават роды прымала ў сябе дома, таму што “хуткая” не паспявала ў бальніцу завезці… І такіх выпадкаў — не пералічыць. Нездарма кажуць, што ў кожнага фельчара — свой шматтомнік перамог. І гэта правільна. У медыцыну павінен ісці той, хто вельмі любіць людзей і не баіцца… уколаў. Мае сын з дачкой баяліся, мабыць, таму і пайшлі па іншай сцежцы. А вось дзве з чатырох унучак, як і я, скончылі Слонімскае вучылішча і цяпер працуюць у Гродне. Можна сказаць, што жыццё маё пражыта нездарма.
НА ЗДЫМКУ: Алена Сяргееўна Валько.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.