Суббота, 10 апреля 2021

Рэцэпты на Біс: галушкі «Палтаўскія»

565

Рэцэпт ад эканаміста ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Юліі Перапяляк.

Галушкі — вельмі сытная старадаўняя страва ўкраінскай кухні, а Палтаўшчына з’яўляецца радзімай яе з’яўлення. І я, як карэнная палтаўчанка, вырашыла паказаць, як у нас гатуюць гэтую страву.
Дарэчы, галушкі варацца ТОЛЬКІ на пары, а ніяк не ў вадзе. Калі шчыра, сапраўдныя галушкі гатуюцца без начыння, але я раблю іх з фаршам.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
мука пшанічная — 550 г,
малако — 350 мл,
дрожджы (я аддаю перавагу сухім) — 0,5 ч.л.,
падчарэўе (сала з праслойкай) — 200 г,
фарш свіны — 500 г,
алей — 50 мл,
цыбуля — 1-2 шт.,
соль, перац — на смак.

ПРЫГАТАВАННЕ
Малако крышачку нагрэць, дадаць дрожджы і соль, даць пастаяць некалькі мінут. Затым усыпаць прасеяную муку і, памешваючы, уліць алей. Цеста замясіць да аднароднасці і даць яму «адпачыць» 30-40 мінут.
Фарш абсмажыць, дадаць соль і перац, добра перамяшаць. Падчарэўе парэзаць на кавалкі і абсмажыць з цыбуляй.
Рукі добра пасыпаць мукой, адшчыпнуць кавалачак цеста, сфармаваць блін, у цэнтр змясціць шарык фаршу, зашчыпнуць краі, а далей зрабіць «калабок» і абкачаць яго ў далонях. «Калабкі» выкладваць на дошку, пасыпаную мукой.
У чашу мульціваркі наліць ваду (прыкладна на 1/3), а параварку пасыпаць мукой. «Калабкі» выкласці на вялікай адлегласці адзін ад аднаго (яны павялічацца ў памеры пры гатаванні). Кожную партыю гатаваць на пары 5 мінут.
Галушкі шчодра абкачаць у абсмажаным з цыбуляй падчарэўі.
Смачна есці!