Пятница, 16 апреля 2021

Адбыўся сход актыву раёна. Падрабязнасці ў нашым фотарэпартажы

1 516

Шматлікія працаўнікі раёна з’ехаліся на сход актыву, які ў чацвер на адыходзячым тыдні прайшоў у Палацы культуры.

Гучала музыка, у фае былі арганізаваны выставы творчых работ. А ўжо ў зале пачалася сур’ёзная размова аб выніках развіцця Пружанскага раёна ў мінулым годзе і задачах, якія стаяць перад асноўнымі галінамі народнай гаспадаркі, на год бягучы.


На сходзе прысутнічалі члены раённага выканаўчага камітэта, члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі ўпраўленняў, аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутаты абласнога, раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў, старшыні сельвыканкамаў, прафсаюзных арганізацый, старасты сельскіх населеных пунктаў.

Удзел у рабоце сходу прынялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г. Ляўчук, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў А.С. Крац, ганаровыя грамадзяне Пружанскага раёна В.І. Сарока і В.С. Лук’янчук.


Старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун, які ўзяў слова першым, адзначыў, што гаспадарчы актыў раёна сабраны, каб не толькі падвесці вынікі, але і абмеркаваць стратэгію сумесных дзеянняў на бліжэйшую перспектыву. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што, дзякуючы рэалізацыі комплексу мер эканамічнага і арганізацыйнага характару, у мінулым годзе па раёне было забяспечана выкананне большасці ўстаноўленых прагнозных паказчыкаў і заданняў. (Даклад старшыні райвыканкама змешчаны на 3-5 старонках нумара газеты за 13 сакавіка).


Таксама на сходзе выступілі дырэктар ААТ “Пружанскі завод радыёдэталяў” А.В. Каласей, галоўны ўрач Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы А.І. Пачынчык, дырэктар ААТ “Ружаны-Агра” А.М. Бурдук, дырэктар ДЛГУ “Пружанскі лясгас” У.У. Жалнерчык, выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама С.А. Амяльянец.

Выступоўцы пазнаёмілі прысутных з дасягненнямі ўзначальваемых імі калектываў і акрэслілі планы на будучае.


Пасля прыняцця рашэння сходу адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў раёна. З вынікамі штогадовага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна азнаёміла прысутных намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта С.М. Ханавец. На сходзе былі ўшанаваны пераможцы раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2020 годзе.

Старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун і пераможцы спаборніцтва — дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» М.С. Жогал, дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» А.І. Пішч і дырэктар ДУБП «ПМК-22» І.П. Нінічук.


Сярод прамысловых прадпрыемстваў перамогу атрымала ААТ “Пружанскі льнозавод” (дырэктар М.С. Жогал), на другім месцы ААТ “Пружанскі завод радыёдэталяў” (дырэктар А.В. Каласей), на трэцім — ААТ “Пружанскі малочны камбінат” (дырэктар А.Э. Лось).


Пераможцам сярод сельскагаспадарчых арганізацый прызнана ААТ “Агра-Калядзічы” (дырэктар А.І. Пішч). Другое і трэцяе месцы адпаведна прысуджаны ААТ “Велікасельскае Агра” (дырэктар В.Л. Севасцьянчык) і ААТ “Ружаны-Агра” (дырэктар А.М. Бурдук).
У будаўнічай галіне пераможцам абвешчана ДУБП “ПМК-22” (дырэктар І.П. Нінічук).


Старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун уручыў пераможцам Ганаровыя пераходныя сцягі райвыканкама і дыпломы. Прадпрыемствы-пераможцы былі адзначаны грашовымі прэміямі.


Таксама былі падведзены вынікі работы сярод сельвыканкамаў — пераможца Шарашэўскі сельскі выканаўчы камітэт (в.а. старшыні С.А. Амяльянец).


Лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі за 2020 год стала Ліноўская СШ (дырэктар А.Л. Макарэвіч), а лепшай установай дашкольнай адукацыі – ДУА “Яслі-сад №10 г.Пружаны” (загадчыца Ж.А. Калымага).


Былі вызначаны таксама лепшы сельскі Дом культуры, якім стаў Мокраўскі СДК (загадчыца В.М. Немцава), і лепшая сельская бібліятэка, якой па выніках работы за 2020 год прызнана Ліноўская сельская бібліятэка (загадчыца А.М. Антончык).

Не былі абдзелены ўвагай і творчыя калектывы. “Лепшым калектывам аматарскай творчасці па выніках работы за 2020 год” прызнаны ўзорны дзіцячы акадэмічны хор “Вітанак” дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы (кіраўнік І.А. Буланькова).


У сферы аховы здароўя пераможцай прызнана Навазасімавіцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі (загадчык Я.В. Несцярук).


Таксама на сходзе былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы з прысваеннем звання “Узорная арганізацыя Пружанскага раёна па ахове працы”, з уручэннем дыпломаў па трох намінацыях. Сярод арганізацый вытворчай сферы з колькасцю работнікаў звыш 100 чалавек пераможцам стаў філіял ДЭУ №25 (начальнік У.І. Пунько).

Сярод арганізацый вытворчай сферы з колькасцю работнікаў да 100 чалавек пераможцай прызнана УВП “Пружанскае ПМС” (дырэктар А.А. Шахновіч). Сярод арганізацый невытворчай сферы перамога прысуджана Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы (галоўны ўрач А.І. Пачынчык).


Усе пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. А затым неверагоднае задавальненне сваім выступленнем падарылі прысутным творчыя калектывы раёна.
Галіна Каляда, Кацярына Масік (фота).