Воскресенье, 11 апреля 2021

У сельскіх гаспадарках раёна праходзяць узаемаправеркі

515

Вясна яшчэ толькі ўступае ў свае правы, а для аграрыяў пачаліся «гарачыя» дзянькі. Як толькі ўсталюецца адпаведны тэмпературны рэжым, прагрэецца і набудзе неабходную спеласць глеба, то трэба тэрмінова прыступаць да вясенніх палявых работ. Складанасць гэтага перыяду ў тым, што надвор’е ў нашай мясцовасці літаральна не пакідае ніводнай гадзіны на разварушэнне. Моцныя засушлівыя вятры ў апошнія гады — нярэдкія госці рэгіёна, яны аказваюць істотны негатыўны ўплыў на паказчыкі ўраджайнасці яравых культур. Асабліва там, дзе не захоўваліся рэкамендаваныя агратэхнічныя тэрміны.


Каб максімальна выключыць стрымліваючыя вясеннюю сяўбу фактары, загадзя гаспадаркі рыхтуюцца да наступлення сезона.

Праводзяцца рамонтныя работы машынна-трактарнага парка, набываюцца і нарыхтоўваюцца ў неабходным аб’ёме мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, асноўны і страхавы насенныя фонды. Важных мерапрыемстваў столькі многа, што ў такім кругавароце можна выпусціць з-пад увагі якую-небудзь дробязь, якая пазней прывядзе да страт.

Каб выключыць гэта, упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама праводзяцца ўзаемаправеркі гаспадарак з уключэннем у метадычныя групы дырэктараў і кіраўнікоў адпаведных службаў аграрных акцыянерных таварыстваў.


Падобны маніторынг прайшоў напачатку сакавіка і закрануў усе сельгаспрад-прыемствы. Як расказвае начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А. Шаркова, адзначаецца высокі ўзровень гатоўнасці да пачатку вясенніх палявых работ. Некаторыя таварыствы падрыхтаваліся самастойна, ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», «Ліноўскае» і «Айчына» скарысталіся фінансавай дапамогай раённага бюджэту. Максімальную гатоўнасць паказваюць адпаведныя службы ААТ «Агра-Калядзічы», «Шані-аграпрадукт», «Велікасельскае Агра» і «Ружаны-Агра». Падчас узаемаправерак асноўная ўвага надавалася рамонту тэхнікі і кадраваму забеспячэнню. Пры гэтым менавіта падрыхтоўка персаналу кантралюецца ў першую чаргу.


— Да пачатку актыўнага этапу вясенніх работ кіраўніцтву гаспадарак трэба вырашыць пытанні з даўкамплектаваннем кадрамі, правесці вучобу з механізатарамі, а таксама давесці сёлетнія расцэнкі,— зазначае Таццяна Аляксандраўна.— Менавіта такія рэкамендацыі былі выдадзены падчас маніторынгу аграрных таварыстваў.


Мяркуючы па надвор’і, вясна і сёлета пачнецца раптоўна, а значыць, кожны дзень будзе важны для будучага ўраджаю. Гэта разумеюць і самі аграрыі, якія гатовы адразу прыступіць да падкормкі азотам азімых культур, правесці веснавое закрыццё вільгаці культыватарам і іншыя мерапрыемствы. Падобны падыход надае ўпэўненасці, што сельскагаспадарчыя вынікі бягучага года ва ўсялякім разе не саступяць папярэднім.

На здымку: праверка тэхнікі вядзецца ў ААТ «Агра-Калядзічы».
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік