Вторник, 16 апреля 2024

Аўталаўка ці магазін? У праблеме жыхароў Белага Ляска разбіралася карэспандэнт “раёнкі”

779

Быць дзяжурным журналістам — справа адказная: нам тэлефануюць чытачы з усяго раёна ў надзеі атрымаць разгорнутыя адказы на свае пытанні. І, прызнацца, становіцца вельмі няёмка, калі, як у выпадку з жыхарамі Белага Ляска, праблема застаецца нявырашанай.
Нагадаем, людзі цікавіліся, калі ў іх вёсцы зноў пачне працаваць магазін. І дырэктар філіяла раённага спажывецкага таварыства “Колас” Алена Мікалаеўна Старко адказала: “Калі знойдуць прадаўца”.


Каб даведацца, чаму гэты адказ не задаволіў жыхароў вёскі, журналісты “раёнкі” вырашылі выехаць на месца. Балазе, марознае надвор’е ў дзень нашага прыезду не перашкодзіла двум дзясяткам людзей сабрацца каля закрытага магазіна, каб пагаварыць з намі аб набалелым. Як аказалася, магазін перастаў працаваць у жніўні 2019 года з-за таго, што звольнілі прадаўца.


І вось ужо другі год двойчы на тыдзень — у сераду і суботу — у Белы Лясок прыязджае аўталаўка, якая, лічаць вяскоўцы, нават пры моцным жаданні не можа стаць
поўнай альтэрнатывай стацыянарнай гандлёвай кропцы.

— Маразы, завеі, непагадзь — у такіх умовах магазін “на колах” часта выбіваецца з графіку. І нам, старым людзям, даводзіцца чакаць прадуктовую машыну па некалькі гадзін. Добра, калі хтосьці з вёскі едзе ў Пружаны і не адмаўляецца прывезці ўсё, што мы заказваем, — кажуць пажылыя жанчыны, якія, трэба аддаць ім належнае, да работы самога прадаўца аўталаўкі ніякіх прэтэнзій не маюць.


— Дзяўчына-прадавец не вінавата, што аўталаўка спазняецца. Гэта нікому не зручна… Хлеб, які мы купляем, на жаль, праз некалькі дзён ужо ў душу не ўбіць, — абураецца другая жанчына.


Эмацыянальна далучаецца да размовы яшчэ адна гаспадыня:
— Мы ўжо не памятаем, што такое свежая садавіна! Хочацца ж пакаштаваць і мандарынку, і ківі, і банан! Але нават не гэта самае горшае. Сумна тое, што, напрыклад, летам на канікулы прыязджаюць да нас унукі, а мы марожанага ім не можам купіць! А неяк нечакана прыехалі госці, то — які сорам! — бегала па хатах у пошуках прадуктаў, каб годны стол накрыць.


— Гарадскія гаспадыні, у якіх на кожным кроку па некалькі магазінаў і супермаркетаў, і ўявіць сабе такога не могуць. Чым нашы бабулькі, якія ўсё жыццё працавалі ў калгасе, горшыя за гарадскіх і не могуць кожны дзень купіць свежае? — пыталіся людзі і, прызнацца, мелі рацыю.

Свае аргументы на карысць адкрыцця магазіна знайшліся і ў мужчын, якія завіталі на імправізаваны сход.


— Многія з нас працуюць у лясніцтве. А гэта значыць, кожны дзень трэба сабраць клунак з ежай. А калі вяртаемся з працы, ужо аўталаўкі след знік. Застаецца толькі прасіць у людзей, каб прадукты закупілі. Але занадта не накупішся на чатыры дні для кожнага, хто просіць. Увогуле, што за жыццё! То цэлы дзень чакаеш газаўшчыкоў, то аўталаўку! Не трэба нам тая аўталаўка. Няхай адкрываюць магазін. Вунь які будынак прастойвае! — казалі мужчыны.

Цагляны будынак магазіна, дарэчы, да гэтага часу выглядае даволі прыстойна. Ён быў пабудаваны гадоў сорак таму. Сумна становіцца ад думкі, што яго можа напаткаць лёс падобных пабудоў, якія былі прададзеныя за суму, эквівалентную двум мяшкам бульбы… Што цікава, магазін падзелены на дзве часткі, і жыхары Белага Ляска спадзяюцца, што хоць у меншай з іх адкрыюць гандлёвую кропку.

У шэрагу аргументаў на карысць магазіна, якія выказалі журналісту жыхары Белага Ляска, гучала спасылка і на развіццё турыстычнага патэнцыялу пушчанскага рэгіёна:
— Калі магазін працаваў, то турысты, якія накіроўваліся ў пушчу, заўсёды спыняліся ў Белым Ляску, каб купіць ежы. А сёння што? Усе едуць міма…

Кажуць, што на кожны аргумент заўсёды знойдзецца контраргумент. А спрабуйце іх знайсці ў гэтым выпадку! Як ужо казалі, Белы Лясок — не самая маленькая вёска на ўскрайку раёна, як, напрыклад, тое ж Залессе. Для па-раўнання ў суседняй Крыніцы, дзе на сённяшні дзень ажно чатыры пункты продажу (дзяржаўны і прыватны мага-зіны, кафетэрый і аддзяленне пошты), пражывае каля 200 чалавек. Атрымліваецца, на 50 чалавек — адна гандлёвая кропка кожны дзень. А ў Белым Ляску на 95 чалавек плюс у суседнім Ківачыне 28 – толькі двойчы на тыдзень аўталаўка, асартымент якой не параўнаеш з магазінам…

Як у гэтай арыфметыцы разбіраюцца ў раённым спажывецкім таварыстве і ў мясцовым сельвыканкаме, мы даведаліся ў выконваючай абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святланы Анатольеўны Амельянец.


Як аказалася, пасля сустрэчы з журналістам жыхары вёскі Белы Лясок сабралі подпісы і праз старасту перадалі сваю просьбу аб аднаўленні работы стацыянарнага магазіна старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрыю Іосіфавічу Наркевічу, які вёў прыём у сельвыканкаме.


Далей калектыўны зварот жыхароў Белага Ляска быў разгледжаны ў раённым спажывецкім таварыстве, па выніках чаго напрыканцы лютага спецыялісты таварыства разам з прадстаўнікамі сельвыканкама і старастам вёскі правялі падворны абход у Белым Ляску і Ківачыне. Падчас наведвання жыхароў вёсак высветлілася, што ў 27 дамах людзі аддалі перавагу стацыянарнаму магазіну, а ў 12 – аўталаўцы.


Акрамя таго, работа прадаўцом на паўстаўкі на ўмовах сумяшчальніцтва была пісьмова прапанавана прадаўцу магазіна ў Крыніцы і буфетчыку кафэ. Абедзве жанчыны ад гэтай прапановы адмовіліся.


Аналагічная прапанова працаваць на ўмовах няпоўнага працоўнага тыдня была зроблена яшчэ чатыром жанчынам. Трое з іх таксама не далі станоўчага адказу. Чацвёртая абяцала падумаць і ў бліжэйшы час даць адказ.


Такім чынам, па агульных выніках абходу было вырашана мерапрыемствы па падборы кадраў для работы прадаўцом магазіна прадоўжыць, у тым ліку праз размяшчэнне аб’явы ў сродках масавай інфармацыі.



А пакуль гандлёвае абслугоўванне жыхароў Белага Ляска і Ківачына вядзе аўталаўка ў ранейшым рэжыме.
Алена Зялевіч, фота аўтара.