Четверг, 15 апреля 2021

Масленіца! Масленіца прыйшла! (+відэа)

1 878

Тысячагоддзямі нашы продкі гэтымі словамі развітваліся з зімой і запрашалі ў госці сонечную вясну. Такі заклік гучаў і падчас свята Масленіца, што прайшло ў мінулую нядзелю на гарадской плошчы. На жаль, у зімы яшчэ хапіла сіл, каб «замарозіць» пружанцаў: з-за дрэннага надвор’я гледачоў было не вельмі многа. Але тыя, хто ўсё-такі не спалохаўся ні моцнага і халоднага ветру, ні снегу, што раз-пораз падаў з неба, ні на адну хвіліну не пашкадавалі патрачанага часу.


На працягу некалькіх гадзін самадзейныя артысты літаральна «запальвалі» гледачоў. Яскравымі танцамі забаўлялі ўдзельнікі народнага ансамбля танца «Спадчына», разам з якімі не маглі спакойна ўтрымацца на месцы ні малыя, ні дарослыя.

Прыцягальнымі і мілагучнымі песнямі парадавалі народны хор «Вербніца» і народны хор ветэранаў вайны і працы «Чырвоны гваздзік». Узнімалі настрой усім прысутным вакальныя гурты Кляпацкага, Ліноўскага і Калядзіцкага СДК, а таксама салісты Палаца культуры. Вельмі спадабалася многім інтэрактыўнае выступленне і народнага фальклорнага гурта «Бабіна лета», удзельнікі якога і жартавалі, і спявалі разам з гледачамі.


Цікавую выставу-продаж арганізавалі народныя майстры, якія разам з выхаванцамі рамесных гурткоў Палаца культуры вырабілі прыгожыя карціны на шкле, сувеніры і бытавыя прылады.


Тым, каму хацелася пацешыць не толькі душу, але і цела, разнастайныя прысмакі прапанаваў спажывецкі гандаль: салодкія і мясныя стравы, гарачыя і халодныя закускі — для кожнага падабралі кааператары рэцэпт на смак. Безумоўна, найбольшым попытам карысталіся бліны, якія ледзь паспявалі выпякаць. Нават артысты пажартавалі, што ў Пружанах, мяркуючы па чарзе, скончыцца мука.


Увогуле жартаў падчас свята было вельмі многа, а яшчэ жартоўных конкурсаў, пераможцы якіх атрымлівалі памятныя падарункі.


А самым галоўным конкурсам, дакладней кажучы, выпрабаваннем, стаў масленічны слуп з традыцыйнымі прызамі наверсе. Здавалася, хто зможа залезці пад парывамі ветру, дажджу са снегам на значную вышыню, не карыстаючыся ні вяроўкай, ні лесвіцай? Але ж адразу, на першы погляд, непераадольныя метры паддаліся жыхару вёскі Казлы Аляксандру Санукевічу, які літаральна за некалькі мінут здолеў узабрацца да самага верху слупа і зняць першы прыз.

Яго прыклад натхніў наступных канкурсантаў: гімназіст Максім Лапыка і жыхар аг.Лінова Дзмітрый Браздоў паўтарылі ўчынак першапраходца і былі ўзнагароджаны прызамі. Апошні сюрпрыз не так лёгка дастаўся, за яго спаборнічалі навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа. Некалькі няўдалых спроб… і пры дапамозе своеасаблівай піраміды доўгачаканы прыз аказаўся ў Дзяніса Білібухі.


Магчыма, нехта з чытачоў і пашкадаваў, што не змог прыйсці на гарадское свята Масленіцы. Да наступнага давядзецца чакаць цэлы год. Хаця масленічны тыдзень толькі пачаўся і працягнецца да 14 сакавіка. А значыць, ёсць яшчэ час паласавацца блінамі, запрасіць да сябе гасцей або самому напрасіцца за стол.

Больш фота тут: https://ok.ru/budni/album/916196101256
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).