Суббота, 12 июня 2021

Чужых дзяцей не бывае. Наталля Кадука з Бельчыц выгадавала чатырох сыноў, а сёння апякуе дзвюх дачок

1 105

Мамы бываюць розныя: свае, якія для нас самыя лепшыя на свеце, і чужыя, аб добрых якасцях якіх мы можам толькі падазраваць. А ёсць прыёмныя мамы — гэта людзі, якія разумеюць, што чужых дзяцей не бывае, гатовыя ахвяраваць асабістым камфортам, каб хоць аднаму дзіцяці падарыць шчасце. Жыхарка в. Бельчыцы Наталля Кадука выгадавала сваіх чатырох сыноў, дачакалася ўнукаў. А сёння апякуе дзвюх прыёмных дочак.


— Вось такое маё жаночае царства! – смяецца жанчына, з якой мы ў сілу абставін сустрэліся не дома, а ў працоўнай абстаноўцы, у Рудніцкім дзіцячым садку, дзе яна працуе ўжо чвэрць стагоддзя спачатку памочніцай выхавальніка, а цяпер загадчыцай гаспадаркі.
Сама Наталля Уладзіміраўна родам з вёскі Баравікі, гадавалася ў вялікай сялянскай сям’і, дзе адзін за аднаго стаялі сцяной, дзе жылі павага, сумленне, прыстойнасць і любоў.


— Менавіта таму мне хацелася мець сваю вялікую сям’ю, і мая мара спраўдзілася. Я рана выйшла замуж, але ні аб чым не шкадую, — прызнаецца субяседніца. — Мой муж Саша быў вельмі прыстойным, працавітым, любячым чалавекам. З такім, як кажуць, можна было пайсці на край свету і не прапасці. Нам вельмі хацелася мець дачку, таму нарадзілі чатырох… сыночкаў. Старэйшых муж яшчэ паспеў выгадаваць…

Дзесяць гадоў, як Аляксандр Кадука пайшоў з жыцця. Наталля Уладзіміраўна расказвае:
— Канечне, цяжка было… Але я разумела, што дзеля сыноў не маю права апускаць рукі. Старэйшы сын Саша на той момант вучыўся ў Горках, у сельгасакадэміі, Міколка служыў у войску. А Жэнька з Дзяніскам у школе вучыліся… Але ўсё ў мінулым. І сёння мае сыны, якімі я вельмі ганаруся, вяртаюць мне любоў і клопат, памножаныя ў шмат разоў.


Аляксандр зараз жыве ў Калядзічах, працуе ў сельскай гаспадарцы інжынерам-механікам. Мікалай – у Пружанах, у магазіне “Белмаркет”. Яўген – дальнабойшчык. А Дзяніс яшчэ да прызыву ў войска паспеў скончыць Пінскі аграрны каледж, некаторы час працаваў у Клепачах на ферме ветурачом. А сёння служыць у Мінску ў АМАПе і хоча на гэтай службе застацца.


— Як час прабег! Разляцеліся мае хлопчыкі з бацькоўскага гнязда. У трох старэйшых ужо ёсць свае сем’і і сваё цудоўнае каханне. Мае нявестачкі – таксама мой гонар, мая радасць! Яны нарадзілі мне дваіх унукаў і ўнучку, чакаем чацвёртае дзіцятка! Ці ж гэта не шчасце? – задае рытарычнае пытанне жанчына.

Але пасля таго, як дзеці вылецелі з гнязда, яна не засталася адна: ёсць яшчэ дзве прыгожыя, разумныя, таленавітыя дзяўчыны Юлія і Анастасія, якім яна годна замяніла родных маці.


— Гэта, прызнацца, было даволі спантаннае рашэнне. Юля, можна сказаць, дасталася мне “ў спадчыну”, — шчыра ўсміхаецца Наталля. — Так здарылася, што сястра майго мужа ў свой час узяла на выхаванне дзяўчынку з прытулку, а потым вырашыла паехаць “у заробкі”. Што з дзяўчынкай рабіць? Нават сыны мае сказалі: “Юля – наша!” І я зразумела: мая мара пра дачку спраўдзілася. Мужа на той час ужо не было, але ўпэўнена, што і ён дзяўчынку прыняў бы як сваю. Родная маці Юлі памерла, а бацька… Не будзем пра сумнае.


Юля сёння працуе ў мясцовай гаспадарцы заатэхнікам-селекцыянерам, а ўвечары вяртаецца ў дом, дзе яе любяць, песцяць і паважаюць. Дзе яе чакае “цётка Наташа”, якая, дарэчы, у тэлефоне запісана як “мама”… Дзе чакае названую сястрычку Насця, якая сёння вучыцца ў 10-м класе Мокраўскай СШ і марыць стаць эканамістам. І можна быць упэўненым, што яе мара абавязкова спраўдзіцца, паколькі побач – усёмагутная матуля.


Насця родам з Андрыянаўкі. Родныя яе бацькі дзяўчынку не забываюць і часам нават завітваюць у госці. Проста так сталася… Тата – інвалід, а маці перыядычна лечыцца ад цяжкай хваробы, якая зрабіла няшчаснымі безліч людзей на свеце.


— Я вельмі рада, што мае сыны ставяцца да Юлі і Насці, як да родных сястрычак. Дзяніс увогуле з імі разам у школу хадзіў, заўсёды заступаўся за іх перад крыўдзіцелямі… Вядома, бываюць моманты непаразумення, але мы хутка знаходзім агульную мову. Дзеці ёсць дзеці. Я павінна зрабіць усё магчымае, каб дзяўчынкі былі шчаслівыя. Чужых дзяцей не бывае.

— Я не магу прадказаць, што будзе далей, — кажа Наталля Уладзіміраўна. – Але дакладна ведаю, што мае дзеці – і сыны, і дочкі — даюць мне больш, чым я ім. Пасля смерці мужа яны напоўнілі маё жыццё сэнсам і зрабілі мяне шчаслівай.

На здымку: радасна, калі амаль уся вялікая сям‘я разам.
Алена Зялевіч. Фота з архіва Наталлі Кадука.