Среда, 4 августа 2021

Прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу далучыўся да традыцыйнай акцыі «Наш жывёлавод»

618

Іх будні – штодзённая, цяжкая, але для многіх любімая праца. Ад таго, наколькі эфектыўна працуюць жывёлаводы, без перабольшання, залежыць харчовая бяспека краіны. Каб падтрымаць тых, хто з дня ў дзень шчыруе на фермах і комплексах, рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць традыцыйную акцыю “Наш жывёлавод”.


Не першы год далучаецца да яе і раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Як расказаў яго старшыня Д.У.Чайкоўскі, мэта акцыі – ахапіць увагай як мага больш фермаў, незалежна ад колькасці іх работнікаў і вытворчых паказчыкаў.

Падчас наведвання вывучаюцца ўмовы працы людзей, узровень арганізацыі быту, даюцца канкрэтныя парады, а яшчэ ўручаюцца падарункі.


На гэтым тыдні Д.У.Чайкоўскі і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук наведалі малочнатаварныя фермы ААТ “Ружаны-Агра” і ААТ «Радзіма». Дзмітрый Уладзіміравіч і Таццяна Юр’еўна пабывалі ў Юндзілах, Калазубах, Варанілавічах і Лыскава.

Усе тры фермы разлічаны на 1100 галоў дойнага статка, кожную абслугоўвае 28 чалавек. Гэта аператары машыннага даення, даглядчыкі жывёлы, асемянатары, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, вартаўнікі…

Калектывам фермаў у Юндзілах і Калазубах былі ўручаны мікрахвалевыя печы, а работнікам Варанілавіцкай МТФ, якая з’яўляецца леташнім лідарам гаспадаркі па вытворчасці малака, – мяккія ўтульныя пледы.


У Пружанскім раёне налічваецца больш за 50 даільных комплексаў, на кожны з іх у межах акцыі завіталі прадстаўнікі прафсаюзаў. Каштоўныя падарункі атрымалі калектывы і работнікі 20-ці лепшых фермаў раёна. Усяго бу-дзе ўручана 15 мікрахвалевых печак і 35 пледаў. Завяршыць акцыю мяркуецца напачатку красавіка наведваннем ААТ “Жураўлінае”.


Але самае галоўнае, па словах жывёлаводаў, далёка не падарункі, а ўвага і падтрымка, якую аказваюць прафсаюзы і кіраўніцтва гаспадарак, а яшчэ штодзённае задавальненне ад па-сапраўднаму важнай і патрэбнай работы.

На здымках: падчас наведвання фермаў у Варанілавічах і Калазубах.
Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота).