Суббота, 10 апреля 2021

У бібліятэцы працуе выстава “Беларусы на абароне Сталінграда”

1 025

Паразважаць над гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, убачыць рэальныя здымкі баявых дзеянняў і іх непасрэдных удзельнікаў прапануе цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма. Тут працуе выстава “Беларусы на абароне Сталінграда”.


Экспазіцыя ўяўляе сабой 15 стэндаў. На кожным – звесткі пра жыхароў Беларусі, якія ўдзельнічалі ў Сталінградскай бітве. Адзін з іх – наш зямляк, ураджэнец в.Шубічы, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр Сяргей Антонавіч Бабрук. Побач імёны Паўла Іванавіча Батава і Барыса Сяргеевіча Бахарава, якія прымалі ўдзел у вызваленні Пружаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама прадстаўлена кароткая біяграфія сталінградцаў – удзельнікаў аперацыі “Баграціён”.
Стварэнню выставы папярэднічала даволі працяглая карпатлівая работа. “Беларусы на абароне Сталінграда” – гэта сумесны праект музея-запаведніка “Сталінградская бітва” і Валгаградскага аддзялення Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства. Адметна, што інфармацыя на стэндах – на рускай і беларускай мовах.
Пружаны сталі трэцім горадам, жыхары якога могуць азнаёміцца з экспазіцыяй. Да гэтага выстава паспела пабываць у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” і Кобрынскім музеі імя А.В.Суворава. У наш горад завітала ў Дзень абаронцаў Айчыны і прабудзе тут да 12 сакавіка.


Дарэчы, удзел ва ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі прымалі намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, а таксама віцэ-консул Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце, кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры Ю.Я.Сяменчанка. І Руслан Васільевіч, і Юлія Яўгеньеўна звярнулі ўвагу на неабходнасць захавання памяці пра герояў вайны, мірных жыхароў і дзяцей, якія загінулі ад рук фашыстаў.
Менавіта дзякуючы такім праектам мы памятаем. Паспейце ўбачыць выставу і вы.
Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара.