Четверг, 15 апреля 2021

Гісторыя з фатаграфіяй. Двайняты ў пружанскім раддоме

1 509

Напярэдадні жаночага свята, мне здаецца, дарэчы будзе змясціць гэты фотаздымак, зроблены ў Пружанскім раддоме 50 гадоў таму.

У 1970 годзе сюды па размеркаванні прыехала Галіна Завіжэнец. З 1 жнўня пачала працаваць медсястрой палаты нованароджаных.
Мамам тады давяралі толькі пакарміць немаўлят, усе астатнія працэдуры з імі рабіла медсястра. Галіна Дзмітрыеўна ўзгадвае, што ў 70-ыя гады пад яе наглядам штодзень было па 30 і нават больш дзетак. Гэта зараз усе ў памперсах і касцюмчыках, а тады трэба было перапавіць, адвезці на кармленне, зноў перапавіць. Жанчына кажа, што нават вынайшла ўласную методыку «ўпакоўвання» ў пялёнкі, каб і хутка атрымлівалася, і дзіцяці было зручна.
На гэтым здымку маладой маме беражліва ўручаюць двайнятак. На адным з тугіх «пакуначкаў», які трымае юная медсястра Галіна Завіжэнец, удалося прачытаць: «хлопчык». Побач сядзіць з другім нованароджаным у руках акушэрка Агнія Міхайлаўна Міронава. У тыя часы яна ўжо завяршала свой працоўны шлях, а наогул шмат гадоў аддала нашаму раддому, пра яе з удзячнасцю ўспамінаюць многія сталыя жыхаркі Пружан.
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Г.Д.Завіжэнец.