Четверг, 15 апреля 2021

Актуальнае інтэрв’ю да Дня міліцыі

382


З 1999 года ў Рэспубліцы Беларусь напачатку сакавіка адзначаецца Дзень беларускай міліцыі. Гэта структура, якая забяспечвае грамадскі парадак і законнасць практычна па ўсіх накірунках нашага жыцця. Міліцыя першая паўстае на барацьбу з крыміналам, на абарону правоў і інтарэсаў грамадзян краіны. З’яўляюцца і новыя пагрозы, супрацьстаяць якім даводзіцца вучыцца не «па падручніках», а на практыцы.


Пра здабыткі, праблемы і планы на будучыню мы пагаварылі з начальнікам райаддзела ўнутраных спраў І.А.АМЕЛЬЯНЧУКОМ

— Трэба адзначыць, што дасканала наладжаная работа, выкарыстанне сучасных метадаў расследавання і прафілактыкі злачынстваў станоўча паўплывалі на паляпшэнне крымінагеннай статыстыкі мінулага года,— расказвае Ігар Аляксеевіч.— Знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах (да 46), непаўналетнімі (да 8) і асобамі, якія маюць судзімасць (да 101).
Зніжэнне адзначаецца па лініі наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі, паменшала ў тым ліку і цяжкіх злачынстваў. Да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення прыцягнута два грамадзяніны.
Станоўчы ўплыў аказвае прафілактыка, напрыклад, злоўжывання спіртных напояў. А таксама асноўная дзейнасць органаў аховы правапарадку: эфектыўнасць устанаўлення асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў з катэгорыі цяжкіх, склала 93,8% пры сярэднеабласным паказчыку 87,8%.

Дзень, вечар, сонца, дождж — у любы час і надвор’е на дарогах раёна дзяжураць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Перад чарговым рэйдам у аб’ектыў фотакамеры трапілі інспектары ДПС П.М.Фядун і С.М.Казмярчук.

— Але ж статыстыка паказвае рост агульнай колькасці злачынстваў у мінулым годзе: у параўнанні з 2019 годам зарэгістравана фактаў супрацьпраўных дзеянняў на 12% больш.
— Прычына ў павелічэнні выпадкаў так званых кіберзлачынстваў — з 40 выпадкаў у 2019-м да 72 — у 2020-м. Аналіз узбуджаных крымінальных спраў паказаў, што значную частку злачынстваў складаюць факты добраахвотнай перадачы пацярпелымі рэквізітаў банкаўскіх картак пасля фальшывых тэлефонных паведамленняў, пераходу па спасылках на махлярскія рэсурсы з гандлёвых пляцовак. Мяркуючы па сёлетняй статыстыцы, працэнт падобных злачынстваў яшчэ ўзрасце.
Таксама рост далі крадзяжы (74 выпадкі), незаконныя дзеянні са зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі (8). Удвая больш (22) зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, па адным з якіх вінаватыя асобы не ўстаноўлены. Увогуле па лініі крымінальнага вышуку ўчынена ў 2020 годзе 147 злачынстваў: 118 крадзяжоў, 1 забойства, 1 наўмыснае прычыненне цяжкіх траўмаў, 1 згвалтаванне, 7 махлярстваў, 5 угонаў аўтатранспарту, 12 хуліганстваў і 2 рабаванні. Пераважная частка зарэгістравана на тэрыторыі Пружан (136), Ружанскага (28), Ліноўскага (27), Шчарчоўскага, Зеляневіцкага (15), Шарашэўскага (14), Шаняўскога (13) і Навазасімавіцкага (10) сельсаветаў.
Адзначу, што ў шэрагу злачынстваў была і ўскосная віна пацярпелых, якія не паклапаціліся пра сваю маёмасць, праявілі наіўнасць і даверлівасць або ўвогуле справакавалі сацыяльна неўраўнаважаных грамадзян.

Ігар Аляксеевіч, у нашай дзяржаве вялікая ўвага надаецца сітуацыі ў сем’ях. У той сацыяльна небяспечнай абстаноўцы, якая пануе ў некаторых дамах, наўрад ці вырастуць сумленныя грамадзяне. Якая работа вядзецца праваахоўнымі органамі з нядобранадзейнымі сем’ямі?
— Падобная практыка нароўні з асноўнымі задачамі, якія выконвае беларуская міліцыя, асвоена намі дасканала. Сумесная прафілактычная работа разам з работнікамі сацыяльнай, медыцынскай службаў, сістэмы адукацыі і выканаўчых камітэтаў дае свой плён. У сферы процідзеяння сямейнаму насіллю захоўваецца станоўчая тэндэнцыя да зніжэння колькасці бытавых злачынстваў (1 выпадак). Разам з тым, прымаюцца меры па прафілактыцы злачынстваў у выглядзе прэвентыўных (папераджальных) мер уздзеяння. Да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці прыцягваюцца «кухонныя баксёры», многія з якіх потым асцерагаюцца ў спрэчках прымяняць кулакі. Летась заслужанае пакаранне атрымала 68 сямейных дэбашыраў. Судом Пружанскага раёна прынята рашэнне аб абмежаванні ў дзеяздольнасці трох чалавек, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і, тым самым, ставяць свае сем’і ў цяжкае матэрыяльнае становішча.
Яшчэ адзін прамы вынік паспяховасці прафілактычнай работы — зніжэнне колькасці злачынстваў і супрацьпраўных дзеянняў, учыненых непаўналетнімі.

— Але ж нядаўняя гісторыя з раскрыццём серыі крадзяжоў, якія ўчынілі двое 15-гадовых пружанцаў, узрушыла ўсіх жыхароў горада.
— Калі прааналізаваць тыя пяць крадзяжоў з гаражоў па вуліцы Заводскай і дамоў пружанцаў, якія ўчынілі двое падлеткаў, то незразумелымі застаюцца падставы, якія падштурхнулі непаўналетніх да супрацьпраўных дзеянняў. Хлопцы не мелі ў
сем’ях матэрыяльных цяжкасцей, добра вучыліся і хутка маглі займець спецыяльнасць. На маю думку, прычына ў адсутнасці належнага нагляду з боку бацькоў. На працягу амаль усяго лютага падлеткі прыносілі і захоўвалі дома ўкрадзеныя рэчы — інструменты, прылады, іншыя каштоўнасці. І ніхто з дарослых не задумаўся, адкуль усё гэта ў 15-гадовага хлопца. Цяпер жа змяніць нешта немагчыма: абодва непаўналетнія прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, і іх далейшы лёс будзе вырашаць суд.
Віну дарослых пацвярджае і іншая статыстыка. Летась выяўлены 1 факт рэалізацыі алкаголю непаўналетнім. Прыцягнута да адказнасці 10 бацькоў за невыкананне абавязкаў па суправаджэнні непаўналетніх у начны час.
Відавочна, што над прафілактыкай падобных праяў нам таксама трэба працаваць у будучым.

Павышаная адказнасць патрабуецца ад участковых інспектараў міліцыі. На здымку: С.М.Каляда, Д.С.Казарэнка, С.В. Уродніч і В.А.Міхайлаў.

—Ведаю, што вострым для райаддзела міліцыі застаецца кадравае пытанне.
— Праблемы з напоўненасцю падраздзяленняў аддзела ўнутраных спраў пакуль застаюцца, але лічыць іх вострымі нельга. Сапраўды, напружанасць службы, адказнасць і высокія патрабаванні да дысцыпліны не ўсе вытрымліваюць. Але касцяк асабовага саставу мае каштоўны вопыт, якім дзеліцца з моладдзю. Магчыма, і добра, што застаюцца не ўсе, а толькі лепшыя. Што і адбіваецца на выніках. Напрыклад, работа пружанскай міліцыі штогод адзначаецца на абласным узроўні. Па агульных выніках службовай дзейнасці ў мінулым годзе мы сталі шостымі ў вобласці, у той жа час група па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю заняла першае месца ў вобласці, дыпломам трэцяй ступені была адзначана крымінальна-выканаўчая інспекцыя. З лепшага боку можна адзначыць службу супрацоўнікаў дарожнай інспекцыі, ізалятара часовага ўтрымання, участковых інспектараў міліцыі, дзяжурнай часці.
Усіх віншую з прафесійным святам, жадаю больш спакойных змен і менш непрыемнасцей. Здароўя і добрага настрою зычу нашым ветэранам, парады якіх патрэбны як маладым супрацоўнікам, так і вопытным афіцэрам.

У аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі пераважная большасць работнікаў — жанчыны. Тут заўсёды ідэальны парадак у справах, бо за яго адказваюць пашпартыстка А.А.Панасевіч, інспектар Н.П.Пракапеня і спецыяліст АГіМ А.А.Паўловіч.


Асабліва шчырыя словы з нагоды Міжнароднага жаночага дня адрасую нашым жанчынам, якія нясуць цяжар службы разам з намі, ці то ў райаддзеле, ці дома. Дзякуй вам за падтрымку, за тое, што не дазваляеце нам страціць душэўную цеплыню, веру і дабрыню.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны МАСІК.