Среда, 4 августа 2021

Наша апытанне: Якой бачыце ролю жанчыны ў Царкве?

1 280


Міжнародны дзень 8 Сакавіка ўжо даўно вызваліўся ад палітычнага і феміністычнага падтэксту і пераўтварыўся ў свята вясны, пяшчоты і прыгажосці, увасабленнем якіх з’яўляецца Жанчына. Яе роля ў свеце — бясспрэчная. А якое месца выдзелена для цудоўнай паловы чалавецтва ў Царкве? — пра гэта журналісты “раёнкі” спыталі ў прыхаджан Свята-Аляксандра-Неўскага сабора.

Вольга:


— Ролю жанчыны ў Царкве прадвызначыла сама Багародзіца, якую Бог узнёс вышэй за анёлаў. Дзева Марыя паказала нам прыклад маўклівага, пакорлівага служэння Богу, стойкай веры, велічнага мацярынства, чысціні і прыстойнасці ва ўсім, у словах і ўчынках. Менавіта ў такім духу мы, жанчыны, павінны выхоўваць сваіх дзяцей, асабліва дзяўчынак, каб было здаровае грамадства.

Іван:


— Прыкра, але даволі часта даводзіцца чуць, як мужчыны трактуюць на свой лад словы апостала Паўла “жанчына ў царкве маўчыць” і такім чынам адводзяць сваім жонкам, матулям, сёстрам другасную ролю. Гэта няправільна. Жанчына ў царкве маўчыць таму, што моліцца… Яна – галоўная ахоўніца дома, сям’і і веры. Мы, мужчыны, можам толькі ваяваць за веру і няздольны на творчую сілу маўчання і малітвы.

Наталля:


— Жанчыны што ў свецкім, што ў царкоўным жыцці даказалі, што вартыя многага. Як сведчыць Евангелле, менавіта яны бясстрашна ішлі за Хрыстом да самага канца, выявілі такую вернасць, якой не было нават у апосталаў, і ва ўзнагароду сталі першымі сведкамі Уваскрэсення. Потым пайшлі прапаведаваць хрысціянства па ўсёй зямлі. Нават у Беларусі наша вера замацавалася, дзякуючы жанчыне — Еўфрасінні Полацкай.

Таццяна:


— У мужчын і жанчын у Царкве розныя ролі: адныя моляцца каля прастола, другія — каля аналоя і дома. У чым розніца? Няўжо вы думаеце, што чым далей ад алтара, тым слабейшая малітва. Не! Няхай не засмучаюцца жанчыны, што ў храме ім даводзіцца падыходзіць да прычасця і ікон пасля мужчын. Гэта значыць толькі тое, што жанчына нават у Царкве павінна быць «за мужам», «за каменнай сцяной». Згаджайцеся і маўчыце, як Багародзіца, голасу Якой нават у Святым Пісанні мы практычна не чуем.

Ігар:


— Роля жанчыны ў царкве значна большая, чым мужчыны! Вы проста палічыце, каго больш у храме. Правільна, «белых хустачак». Гэта яны, нашы жанчыны, прыходзяць у царкву раней за ўсіх, больш уважліва ставяцца да набажэнстваў, ведаюць глыбінны сэнс малітвы. Гэта яны даглядаюць вялікія кветнікі і праз эстэтыку прыводзяць у храм моладзь.

Яўген:


— Я не задумваўся ніколі над ролямі людзей у храмах, ведаю толькі адно: там могуць служыць розныя святары, епіскапы і нават мітрапаліты. Але ўпершыню нас у царкву прыводзяць менавіта матулі і бабулі. Яны вучаць маліцца і ставіцца да людзей з павагай і любоўю, незалежна ад іх полу.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.