Среда, 4 августа 2021

Да юбілею народнага майстра Рэспублікі Беларусь Марыі Кулецкай выдадзены памятныя каталогі

755

Шмат шчырых віншаванняў і арыгінальных падарункаў атрымала на свой 70-гадовы юбілей народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая. Асаблівай увагі сярод іх заслугоўваюць памятныя каталогі, якія з нагоды свята майстрыхі выдалі яе даўнія сябры – супрацоўнікі Пружанскай раённай бібліятэкі імя М. Засіма і Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.


Сімвалічна, што галоўнай мэтай творчай дзейнасці Марыі Мікалаеўны было імкненне захаваць і перадаць нашчадкам майстэрства нашых продкаў. Дзякуючы новым друкаваным выданням, надоўга захаваецца памяць пра саму майстрыху.

У агульнай складанасці на 72 старонках пружанскія і брэсцкія выдаўцы размясцілі фотаздымкі дзясяткаў работ народнай мастачкі, многія з якіх сёння ўпрыгожваюць выставачную залу музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Таксама ў выданнях шмат рэпартажных фотаздымкаў з раённых, абласных і нават рэспубліканскіх мерапрыемстваў, у якіх яна з задавальненнем прымала ўдзел.

Акрамя фотаздымкаў, у каталогах таксама размешчана пазнавальная інфармацыя пра жыццё і дзейнасць М.Кулецкай. Жанчына з’яўляецца членам саюза майстроў раёна, Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, Брэсцкага абласнога клуба майстроў народнай творчасці “Скарб”, саюза народных майстроў пры саюзе палякаў Беларусі, а таксама грамадскай арганізацыі аматараў мастацтва рэгіёна «Белавежская пушча» і Брэстчыны “ТУР”. Яе любяць вучні, яе паважаюць калегі, ёю захапляюцца аматары самабытнага мастацтва.
Нагадаем, што яшчэ ў пачатку 1970-х гадоў жанчына пачала аднаўляць і сёння актыўна папулярызуе ўнікальны беларускі промысел – малюнкі на шкле. Некалі страчаныя традыцыі яна ахвотна перадавала сваім вучням ва ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка”, якой сёння кіруе яе вучаніца.

Як нагадваюць каталогі, у сюжэтах Марыі Кулецкай распаўсюджаны раслінныя і жывёльныя кампазіцыі, біблейскія матывы, народныя абрады, архітэктурныя помнікі, якія сведчаць пра цудоўны культурны сусвет нашай роднай Пружаншчыны…

Дзякуй Марыі Мікалаеўне за яе актыўную жыццёвую пазіцыю, за выдатны мастацкі і педагагічны талент, высокія маральныя якасці, нястомную працу на ніве папулярызацыі і адраджэння беларускіх народных традыцый. Жадаем і далей годна несці сваё наканаванне, сваю справу.
Алеся Смайлік.