Воскресенье, 11 апреля 2021

Мануальная тэрапія: лячэнне без медыкаментаў

926

Адным з рэабілітацыйных метадаў лячэння, што зарэкамендаваў сябе як найбольш эфектыўны, сёння з’яўляецца мануальная тэрапія. Але гэтая методыка яшчэ выклікае нямала пытанняў у недасведчаных людзей: напрыклад, якім чынам маніпуляцыі мануальнага тэрапеўта ўздзейнічаюць на арганізм, пры якіх захворваннях паказаны ці маюць супрацьпаказанні…


Гэтыя і іншыя пытанні тлумачыць урач-рэабілітолаг Пружанскай ЦРБ, мануальны тэрапеўт Віктар Дараневіч.

—Віктар Міхайлавіч, у маім уяўленні, даступная пружанцам медыцынская рэабілітацыя — гэта традыцыйныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры, якія можна атрымаць у кабінетах на першым паверсе паліклінікі…
— А яшчэ масаж, лячэбная фізкультура і санаторна-курортнае лячэнне… Сапраўды, многія пацыенты нашай бальніцы думаюць, што гэта ўсё, што мы можам прапанаваць. Але не ўсе ведаюць, што некалькі гадоў таму гэты спіс дапоўніла яшчэ і мануальная тэрапія — спосаб як немедыкаментознай прафілактыкі хвароб у здаровым арганізме, так і дапамогі на стадыі выздараўлення і пасля яго.
На жаль, ва ўяўленні большасці людзей мануальны тэрапеўт і кастапраў — гэта адзін і той жа спецыяліст. Але абсалютна няправільна так думаць. Кастапраў спецыялізуецца на вывіхнутых ці паламаных касцях. А мануальны тэрапеўт — урач, які кантактна ўздзейнічае рукамі на мышцы і суставы, звязкі і органы, каб аднавіць іх правільнае размяшчэнне адносна адзін аднаго. Невыпадкова мануальную тэрапію выдзелілі ў асобную спецыяльнасць і ў Беларускай медакадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яе выкладаюць асобным курсам.

— Крышку падрабязней пра перавагі мануальнай тэрапіі.
— Калі абагульніць, то метад мануальнай мабілізацыі суставаў дазваляе ў кароткі тэрмін аднавіць функцыю рухальнага сегмента, зняць болевы сіндром, нармалізаваць мышачны тонус, чым актыўна садзейнічае працэсу папраўкі. Без перабольшання, метад гэты вельмі эфектыўны, асабліва калі аднаўленчае лячэнне праводзіцца мультыдысцып-лінарнай брыгадай: рэабілітолагам, фізіятэрапеўтам, інструктарам ЛФК…

— Віктар Міхайлавіч, як зразумець, што не лішне звярнуцца да мануальнага тэрапеўта?
— У сучасных рэаліях многія захворванні абумоўлены ўздзеяннем на апорна-рухальную сістэму. Так, многія вытворчыя працэсы сёння механізаваныя, але людзей, якія на сваім рабочым месцы выконваюць адна-стайныя рухі, ад гэтага, здаецца, стала толькі больш. Як вынік — зрывы адаптыўных магчымасцей арганізма: падвывіхі суставаў пазванкоў, якія цягнуць за сабой боль, абмежаванне рухальных функцый. Пазваночны ланцуг мае рэфлекторныя дугі, якія ўплываюць і на ўнутраныя органы. Падчас блокаў усё гэта чалавек і адчувае. У адрозненне ад мануальнай тэрапіі звыклае нам сімптаматычнае лячэнне, на жаль, не накіравана на выдаленне прычын хваробы.
Калі выдзеліць асноўныя паказанні, то гэта будуць боль у спіне, суставах, змяшчэнне пазванкоў, падвывіхі і блокі ў суставах, парушэнне іх функцыі, парушэнне паставы. Больш за тое, у асобных выпадках сярод скаргаў могуць быць нават сістэматычныя галаўныя болі, галавакружэнне і павышаны артэрыяльны ціск.

— Я так разумею, пералік таго, што лечыць мануальны тэрапеўт, шырокі…
— Так. Гэта і астэахандроз усіх аддзелаў, аняменне канечнасцяў, захворванні лёгкіх, выкліканыя парушэннем кровазвароту ці змяшчэннем структур пазваночнага слупа, вегетасасудзістая дыстанія, дрэнны сон і стамляльнасць, выкліканыя праблемамі пазваночніка.

— Узроставыя абмежаванні ёсць?
— Ніякіх. Пацыентамі мануальнага тэрапеўта могуць быць нават дзеці. А вось супрацьпаказанні маюцца. Іх выяўляе ўрач падчас агляду.

— Калі браць па прафесійнай прыналежнасці, у каго ёсць усе шанцы стаць пацыентам мануальнага тэрапеўта?
— У першую чаргу, гэта спецыялісты IT-галіны, людзі, якія шмат часу вымушаны праводзіць за камп’ютарам, работнікі прадпрыемстваў, якія стаяць каля вытворчых канвеераў. І калі так разабрацца, гэта вельмі шырокая група: нават работнікі агра-прамысловага комплексу ў групе рызыкі.

— Ну, вось чым небяспечна, напрыклад, сядзячая работа?
— Перш з’яўляюцца болі ў спіне, вобласці шыі, якія абмяжоўваюць рухі. Затым болі ў пазваночніку прыводзяць да павышанага артэрыяльнага ціску і спазмаў сасудаў галаўнога мозга, паталогіі груднога аддзела, якая можа праяўляцца ў выгля-дзе болю ў сэрцы.

— Віктар Міхайлавіч, раскажыце, што ўяўляе сабой прыём у мануальнага тэрапеўта?
— Як і любому іншаму ўрачу трэба пачынаць з анамнезу. Па-другое, дыягностыка: яна праводзіцца рукамі. Падчас яе вызначаюцца ступень рухомасці суставаў, участкі напружання мышцаў, даецца адзнака болевай актыўнасці. Акрамя таго, урач абавязкова накіроўвае на дадатковае абследаванне (асабліва калі ў пацыента ёсць складаныя захворванні, якія маюць на ўвазе абмежаванні нагрузак, напрыклад, пазваночныя грыжы): гэта можа быць і рэнтген, і УГД, і МРТ.
Увогуле я б сёння рабіў стаўку на дыягностыку, якая робіцца мануальным тэрапеўтам. На жаль, яе значнасць заніжаецца. Хаця, дзякуючы мануальнай тэрапіі, да з’яўлення многіх за-хворванняў можна было не дапускаць — яна дапамагае іх прадбачыць і пазбегнуць медыкаментознага лячэння: на жаль, так здараецца, што клінічных праяўленняў хваробы на ранняй стадыі не назіраецца.
Што тычыцца непасрэдна працэдур у мануальнага тэрапеўта, то, насуперак прадузятасцям, гэты ўрач не робіць балюча. Методыкі лячэння, якія выкарыстоўваюцца спецыялістам, — гэта не ўдары, наадварот, мяккія рухі, распрацаваныя еўрапейскімі ўрачамі. Галоўнае — вельмі эфектыўныя. Але трэба мець на ўвазе, што пасля праходжання курсу мануальнай тэрапіі трэба і далей працаваць над сабой: рабіць гімнастыку, займацца лячэбнай фізкультурай.

— Падкажыце яшчэ, як можна трапіць да Вас на прыём? Якая працягласць курсу лячэння?
— Кабінет мануальнай тэрапіі працуе пры Пружанскай ЦРБ яшчэ з 2017 года на пазабюджэтнай аснове. Прэйскурант цэн можна знайсці на сайце нашай установы ці атрымаць у касе. У сярэднім гэта 10 рублёў за сеанс. Колькі канкрэтна іх спатрэбіцца, можна сказаць толькі непасрэдна падчас лячэння: ад двух да дзесяці працягласцю 20-30 мінут кожны. Калі лячэнне падабрана правільна, пацыент адчувае эфект ужо пасля першага паходу да ўрача.
Кабінет працуе толькі ў будныя дні з 14 да 16 гадзін. Запісацца на прыём можна па нумары тэлефона 8-033-672-49-90.
Ідучы на першы прыём, трэба разумець, што мануальная тэрапія — не панацэя ад усіх хвароб. Але ў шэрагу выпадкаў лепш аддаць ёй перавагу — усё-такі гэта немедыкаментозны метад лячэння.
Марына Вакульская. Фота аўтара.