Четверг, 15 апреля 2021

Як вырасціць выдатныя памідоры? Сакрэтамі дзеліцца наша чытачка Ганна Магільная

272

Як вырасціць ураджай, якім можна накарміць не толькі родных, але і ўсіх сяброў, а таксама парадаваць кветкамі, якія сваёй прыгажосцю будуць прыцягваць увагу кожнага прахожага, выдатна ведае наша пастаянная чытачка Ганна Магільная. Улетку яе сядзібу ўпрыгожваюць 14 кустоў гартэнзій, 40 вазонаў з кветкамі, а ружам, лілейнікам ліку нават няма. Але асаблівым гонарам дбайнай гаспадыні з’яўляюцца… памідоры.


-А ў мяне і памідоры для душы, кажа Ганна Сяргееўна. — Я многа чаго вырошчваю, але з асаблівым задавальненнем даглядаю гэту культуру.

Ужо шмат гадоў аддаю перавагу высакарослым гатункам. Сярод іх асобна вылучаю “бычынае сэрца”. Некалькі гадоў таму сяброўка “пазнаёміла” мяне з гатункам “дэ-бараа”, які адразу трапіў у лік маіх “любімчыкаў”. Памідоры “дэ-бараа” бываюць розных колераў: чырвоныя, ружовыя, жоўтыя, аранжавыя, нават чорныя і паласатыя — і гэта вельмі прыгожа выглядае на градцы. Дарэчы, з партугальскай мовы назва перакладаецца, як “барон”, але мне больш падабаецца, калі за рознакаляровасць і форму пладоў гэтыя памідоры называюць “велікоднымі яйкамі”.


Але сёлета я буду эксперыментаваць з гатункам “калібры”, пра які чула многа станоўчых водгукаў.


Звычайна я рыхтую насенне самастойна, але калі чую пра нейкія навінкі, то, зразумела, адразу ж іх купляю.


Многа гадоў запар я высявала памідоры на расаду, а пасля займалася пікіроўкай. Летась жа адразу высеяла насенне ў цяпліцы. Калі сёлета ў канцы сакавіка надвор’е не прынясе асаблівых сюрпрызаў, то зноў зраблю такім чынам. Ураджай атрымаўся не горшым пры меншай колькасці клопатаў, адзінае – узыходзілі расліны даўжэй.


Для добрага ўраджаю перад высадкай у адкрыты грунт у лунку дадаю жменю перагною і лыжку суперфасфату. Па меры росту раслін выконваю ўсе неабходныя працэдуры: апрацоўваю, падвязваю, падкормліваю і інш. Але пакуль, напэўна, гаварыць аб гэтым яшчэ рана.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.