Четверг, 29 июля 2021

Паштальён Аліна Ясковіч: «Раёнку» ў Шарашэве любяць»

1 016

Жыхарка Шарашэва Аліна Валянцінаўна Ясковіч некалькі гадоў таму ўжо станавілася гераіняй нашага артыкула. Памятаю, што ў папярэднюю нашу сустрэчу маці пяцярых дзяцей уразіла сваёй прыгажосцю, ветлівасцю і гаспадарлівасцю. Гэтым разам журналіста да яе прывялі не сямейныя, а “паштовыя” навіны. Дзякуючы жанчыне, падпіска на “раёнку” на тэрыторыі Шарашэўскага сельсавета склала больш за 50%. А гэта значыць, наша газета сёлета прыходзіць у кожны другі дом мясцовых жыхароў.


У паштовай службе Аліна – пяць гадоў. Раней працавала і ў мясцовым універмагу, і на мэблевай фабрыцы, і нават у доме-інтэрнаце — ўсюды яе адзначалі як адказную работніцу. А калі стала паштальёнам, то ў першы ж год узняла падпіску на больш высокі ўзровень. Сёння за жанчынай замацаваны вялікі ўчастак – дзясяткі дамоў і адміністрацыйных будынкаў у розных населеных пунктах сельсавета. У папяровым свеце газет, часопісаў і іншай карэспандэнцыі Аліна адчувае сябе, як рыба ў вадзе.


На пытанне: як ёй удаецца далучыць такую колькасць людзей да падпіскі на «раёнку», Аліна Валянцінаўна адказвае проста:
– Можа, таму, што я сама мясцовая, людзі мяне ведаюць, давяраюць, заўсёды чакаюць і радуюцца сустрэчы, таму самі з ахвотай падпісваюцца на газету. Увогуле «раёнку» ў Шарашэве вельмі любяць чытаць. Заўсёды чую ад людзей толькі цёплыя водгукі аб ёй. Прыцягваюць падпісчыкаў у тым ліку абвешчаныя «раёнкай» бонусныя праграмы з магчымасцю атрымання зніжак у крамах. Ведаеце, людзі заўсёды будуць чакаць газет, лістоў і паштовак. Праўда, лісты і паштоўкі да свят цяпер значна менш адпраўляюць.
Сёння ў сувязі са складанай эпідсітуацыяй функцыі паштальёнаў значна пашырыліся. Многія пажылыя вяскоўцы робяць заказы на дастаўку прадуктаў харчавання, іншых тавараў… І ўсё гэта дастаўляецца пешшу.


— Мы ўжо прывыклі, — кажа жанчына. – Так, сумка бывае вельмі цяжкай, але ж па дарозе яна становіцца ўсё лягчэй… Дзякуй за размову, трэба спяшацца: навіны не чакаюць!
Алена Зялевіч. Фота аўтара.