Суббота, 12 июня 2021

Кодэкс гонару барца ад шарашэўскіх спартсменаў

2 044

Нездарма кажуць, што пушчанскае паветра мае нейкую гаючую містычную сілу. Тут дрэвы растуць такія вялікія, што іх некалькім людзям разам не абняць. Тут і людзі жывуць такія моцныя, што іх амаль нікому не перамагчы.


Юныя асілкі з Шарашоўскай СШ, якія займаюцца ў клубе “Тарнада” пры мясцовым цэнтры культуры і вольнага часу, навялі “жаху” на сапернікаў на закрытым чэмпіянаце і першынстве вобласці па в’етнамскім баявым мастацтве — вавінам.


Барцы прывезлі дамоў ажно сем медалёў і сем дыпломаў. І па просьбе журналіста склалі для маленькіх чытачоў газеты “кодэкс гонару барца”.


Арсеній Галякевіч, 4 клас, дыплом II ступені:
— Не змагайся з тым, хто маладзейшы, ніжэйшы і слабейшы за цябе.
Арсеній Дзюдзін, 6 клас, дыплом I ступені:
— За межамі рынга ніколі не нападай першым. Пераадольвай сілу настойлівай гутаркай, але будзь пільным.
Аляксандр Семянчук, 7 клас, дыплом II ступені:
— Паважай іншыя школы баявых мастацтваў, выкарыстоўвай свае навыкі барца толькі для самаабароны і абароны справядлівасці.
Максім Паламарчук, 8 клас, дыплом II ступені:
— Калі вырашыў адказаць на ўдар, то няхай ён будзе адпаведным удару нападаючага.
Максім Кацко, 6 клас, дыплом I ступені:
— Будзь справядлівым, старанным і міласэрным. Умацоўвай розум, узбагачай сябе духоўна.
Ілья Калінейка, 7 клас, дыплом I ступені:
— Не бі таго, хто ўпаў. Будзь стрыманым, сціплым і шчодрым.
Юліяна Калінейка, 8 клас, дыплом III ступені:
— Паважай саперніка і ніколі не смейся з яго паражэнняў. Служы людзям і чалавецтву!