Воскресенье, 13 июня 2021

З Днём абаронцаў Айчыны! Падрыхтавалі рэпартаж з 210-га авіяцыйнага палігона

543

210-ы авіяцыйны палігон паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, што знаходзіцца паблізу ад Ружан, мае багатую 75-гадовую гісторыю. Тут праводзілася мноства тактычных вучэнняў, праходзіла службу вялікая колькасць салдатаў. Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь заўсёды заставаўся для яго ваеннаслужачых святам вернасці прысязе, вайсковаму абавязку і сваёй Радзіме. Назваць гэты дзень сваім святам цяпер па праве могуць і сямёра хлопцаў з Пружанскага раёна, якія праходзяць на палігоне тэрміновую вайсковую службу.
Двое з іх —баявыя таварышы, малодшы сяржант Генрых Панкрац і яфрэйтар Аляксей Велясюк.

Менавіта армія дапамагла ўраджэнцам райцэнтра Аляксею Велесюку і Генрыху Панкрацу зразумець, што такое сапраўднае сяброўства. Хаця ведалі адзін аднаго хлопцы да службы ў войску: жылі па суседстве. Цікава, што прызываліся ў адзін дзень – 27 мая мінулага года. І нават курс маладога байца праходзілі разам у 120-й Яраслаўскай ордэнаў Кутузава ІІІ ступені і Чырвонай зоркі зенітна-ракетнай брыгадзе ў Баранавічах. Там жа прымалі ваенную прысягу. Пасля яе Аляксей на некаторы час быў накіраваны на 174-ы вучэбны палігон ВПС і войскаў СПА, дзе салдата навучылі кіраваць аўтамабілем «Урал-4320». Нядзіўна, што зараз хлопец служыць ва ўзводзе матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. У абавязкі яфрэйтара ўваходзяць штодзённыя агляды тэхнікі, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў.


Абавязкі Генрыха не менш сур’ёзныя і складаныя. Ён – камандзір аддзялення, таму на яго плечы кладзецца адказнасць за ўсіх салдатаў тэрміновай службы, нагляд за выкананнем імі распарадку дня і падтрыманнем парадку ў казарме. Дапамагае намесніку начальніка палігона па ідэалагічнай рабоце А.С. Шарневічу ў арганізацыі вольнага часу салдатаў. Дарэчы, да службы ў войску малодшы сяржант Панкрац паспеў скончыць Брэсцкі дзяржаўны палітэхнічны каледж.


За добрую службу камандаванне палігона стараецца заахвочваць асабісты састаў, бацькі Генрыха і Аляксея не так даўно атрымалі падзячныя лісты за подпісам начальніка палігона палкоўніка А.Г.Карасёва.


Юнакі прызнаюцца, што іх чаканні поўнасцю супалі з армейскай рэальнасцю. Але ўсміхаюцца: не думалі, што тут будуць так добра карміць!


Трэба сказаць, што лепшым ваеннаслужачым пасля прахо-джання тэрміновай службы прапануюць застацца на службу па кантракце. Такі варыянт разглядае Генрых, а вось Аляксей кажа, што хацеў бы вярнуцца на сваё першае працоўнае месца – Брэсцкі мясакамбінат, дзе тры з паловай месяцы паспеў папрацаваць інжынерам па аўтаматызацыі.

У пружанца Андрэя Ваўкавыцкага планы яшчэ больш грандыёзныя. Пасля службы ён марыць займацца ўласным бізнесам, звязаным з яго прафесіяй. Андрэй – інжынер-механік, добра разбіраецца ў аўтамабілях. Таму і першапачатковую ваенную падрыхтоўку праходзіў у 72-м аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах як вадзіцель-кранаўшчык і стропальшчык.


А яшчэ радавы Ваўкавыцкі мае першы спартыўны разрад па змешаных адзінаборствах. Займацца імі цяпер няма магчымасці, але ў спартыўным кутку ёсць трэнажоры, якія дапамагаюць трымаць сябе ў форме.


На маё пытанне, ці чакае яго дома каханая дзяўчына, Андрэй адказвае: «Не, толькі бацькі. Лічу, што ў армію трэба ісці свабодным, каб не прымушаць каханага чалавека нервавацца і не перажываць самому».


А вось радавога Ілью Жукоўскага дзяўчына чакае. Юнак расказвае, што мае магчымасць патэлефанаваць каханай, піша ёй лісты. Зараз ён набывае прафесію пажарнага, служыць у пажарным разліку. Да арміі скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, працаваў у Пружанскай ДЮСШ №2 інжынерам-праграмістам. За чатыры месяцы службы казарма стала сапраўды другім домам. Калі прыйшоў сюды, сустрэў сваіх даўніх сяброў і, канечне, набыў новых.

Што фарміруе армія ў маладым чалавеку? На гэтае пытанне мае героі адказалі па-рознаму. Пэўна, таму, што кожны салдат разам з ваенным білетам атрымае свой, асаблівы багаж ведаў і вопыту. Кагосьці армія навучыць самастойнасці, хтосьці пасля яе становіцца больш дысцыплінаваным, здольным трымаць слова і адказваць за свае ўчынкі.


Але для ўсіх без выключэння служба – гэта школа мужнасці, у якой даюць неабходную загартоўку, выхоўваюць сапраўдных мужчын.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара.