Понедельник, 20 сентября 2021

Сабака бывае кусачым. Пра гэтую і іншыя памылкі гаспадароў разважае ветэрынар Алена Астудзіна

320

У чарговым выпуску нашай тэматычнай старонкі мы працягваем рубрыку “Разважанні з ветэрынарам”. На гэты раз тэму падказала само жыццё: нядаўна падчас візіту да ветэрынара сярэднеазіяцкая аўчарка моцна траўмавала сваю гаспадыню. Сабаку давялося ўсыпіць, а жанчына працягвае складанае лячэнне.


Ці могуць гаспадары пазбегнуць падобных няшчасцяў? Чаму сабаку любой пароды неабходна выхоўваць? Як гэта рабіць? І над чым трэба абавязкова задумацца, перш чым завесці чатырохногага сябра?
Разважае Алена Астудзіна.


Жывёла – не цацка
Часта жывёл у дом бяруць менавіта для дзяцей. Але кожны дарослы павінен запомніць, што ў любым выпадку ўся адказнасць за жывую істоту ляжыць на ім. І не мае значэння – гэта хамячок або вялікі сабака. Розніца толькі ў тым, што некаторым жывёлам дастаткова догляду, а іншым неабходна выхаванне.

Вяселле – не падстава пазбавіцца ад сабакі
Перш чым узяць сабе чатырохногага сябра, задумайцеся, якім можа стаць ваша жыццё праз год, два, дзесяць, пятнаццаць… Хамячкі жывуць каля 2 гадоў, каты — да 20, сабакі ў залежнасці ад пароды – 10-18. Служба ў войску, вяселле, нараджэнне дзіцяці не здымае з вас адказнасці за істоту, якую вы прыручылі. Каб вы толькі ведалі, якой колькасці сабак давялося шукаць іншых гаспадароў толькі з-за таго, што гадаванец мог не падабацца будучай абранніцы!..
А лепш парайцеся са спецыялістамі і цвяроза ацаніце свае магчымасці.

Кусаюцца ўсе!
Толькі калі ўкусіць шпіц ці ёркшырскі тэр’ер, то, хутчэй за ўсё, для вас гэта пройдзе без асаблівых наступстваў. Таму выхоўваць трэба абсалютна ўсіх. Сабака павінен ведаць, што ў яго ёсць гаспадар, якога трэба слухацца бездакорна.
А яшчэ нявыхаваныя сабакі збягаюць, брэшуць на людзей, палохаюць навакольных…
Займайцеся з сабакам! І не думайце, што гэта простая справа. Напрыклад, у знакамітай стужцы “Мухтар” галоўнага героя іграла 18 сабак: у аднаго лепш атрымліваліся трукі, у іншага — пэўныя каманды і г.д. А з імі, паверце, працавалі сапраўдныя спецыяліс-ты. Але і рукі не апускайце: у вашых сілах прывучыць сабаку да базавых каманд. Гэта аблегчыць жыццё і вам, і вашаму сябру.

Пачытайце пра асаблівасці пароды

Некалькі гадоў таму валанцёры сутыкнуліся з праблемай уладкавання сабак пароды хаскі. Людзі бяздумна набывалі гэтых прыгажуноў у кватэры. І не прымалі да ўвагі асаблівасці пароды: хаскі неабходна 4-5 гадзін фізічных нагрузак штодзень. Зразумела, калі не забяспечыць сабаку імі, то ён самастойна знойдзе, на што яму патраціць энергію.
Калі нехта падумаў, што праблемы ўзнікаюць толькі з буйнымі пародамі, то не спяшайцеся радавацца.

Возьмем да прыкладу невялічкіх шпіцаў. Паўсюль напісана, што адным з іх недахопаў з’яўляецца “гучнасць”. Так, гэта вельмі брахлівыя сабакі, таму ўтрыманне такога “званочка” ў кватэрах можа даставіць непрыемнасці. Але не пашанцавала шпіцам і ў іншым. Не так даўно інтэрнэт проста ўзарваўся ад фота і відэа прыгожага, ці, як кажуць, “мімімішнага” шпіца з кароткай стрыжкай. Сапраўды, малы выглядаў, як мяккая цацка. Стрыжка стала моднай і нават атрымала назву “пад медзведзяня”.

І толькі пасля таго, як мноства шпіцаў папросту аблысела, з сабак перасталі такім чынам здзеквацца. Поўсць шпіца патрабуе далікатнага догляду, а не кароткіх стрыжак.

Купляйце сабак у прафесійных заводчыкаў
Па-першае, гэта гарантыя таго, што сабака будзе псіхічна і фізічна здаровым. Па-другое, вы абавязкова атрымаеце кампетэнтныя парады па доглядзе і выхаванні. Трэцяе і, бадай, самае прыемнае, ваша шчаня будзе ведаць набор базавых каманд. Але і ў гэтым выпадку расслабляцца нельга: ніхто не бывае разумным проста ад нараджэння. Выхаванне сабакі патрабуе часу і цярпення.

Правілы не для таго, каб іх парушаць!
Строга прытрымлівайцеся правілаў утрымання і выгулу хатніх жывёл. Гэта нескладана, але пазбавіць ад лішняга галаўнога болю і вас, і навакольных. Выводзьце сабаку ў намордніку, не гуляйце каля шматкватэрных дамоў, прыбірайце за сваім гадаванцам, саступайце дарогу, не спускайце з павадка нават маленькіх (найперш для іх уласнай бяспекі).

Любіце жывёл
Але ніколі не стаўце іх патрэбы вышэй за чалавечыя. Ваш улюбёнец не павінен дастаўляць нязручнасці іншым людзям. Запомніце гэта.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.