Пятница, 29 марта 2024

Пачаліся сустрэчы дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ў працоўных калектывах

242

Гэты рабочы тыдзень для дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу пачаўся з сустрэч у працоўных калектывах. Цяпер задача кожнага ўдзельніка форуму — данесці да калег і землякоў асноўныя арыенціры развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.


Абмеркаваць вынікі важнейшай палітычнай падзеі ў панядзелак сабраліся і аграрыі. Адзін з пружанскіх дэлегатаў — дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі выступіў перад калектывам таварыства. Паводле яго слоў, УНС стаў не проста важнай падзеяй, а найперш — дыялогавай пляцоўкай. Была магчымасць абмеркаваць у тым ліку праблемы ў канкрэтных галінах.
«Зразумела, наша дзяржава па-ранейшаму застанецца сацыяльна арыентаванай. Але не трэба мець вышэйшую адукацыю для таго, каб зразумець, што клапаціцца пра дзяцей, пенсіянераў, уразлівыя слаі грамадства магчыма толькі пры развіцці эканомікі, — зазначыў Пётр Мікалаевіч падчас гутаркі з членамі калектыву, які ўзначальвае. — Таму сёння стаіць задача шукаць новыя шляхі для ўмацавання эканомікі — базісу, ад якога залежыць і развіццё астатніх галін беларускага грамадства. Беларусь — аграрная краіна, таму невыпадкова асобнай тэмай для абмеркавання стала развіццё сельскай гаспадаркі.
Па зразумелай прычыне я чалавек неабыякавы да далейшага развіцця аграрнага сектара: на Пружаншчыне ў сельгаспрадукцыі найбольшая ўдзельная вага. На сёння ўжо шмат чаго ўдалося дамагчыся, але і на дасягнутым спыняцца нельга. Не трэба скідваць з рахункаў і чалавека працы: з улікам таго, як пастарэла сельскае насельніцтва, трэба працягваць будаўніцтва жылля па прэзідэнцкай праграме, павялічваць зарплату сельскім жыхарам, каб яны былі зацікаўлены застацца ў вёсцы».
Нагадаем, Пружаншчыну на Усебеларускім народным сходзе прадстаўляла 11 дэлегатаў. У бліжэйшыя тыдні ў іх рабочым раскладзе важнае месца будзе адведзена сустрэчам з працоўнымі калектывамі.
Марына Вакульская.