Суббота, 12 июня 2021

Юныя стралкі з Параслянскай СШ на абласных спаборніцтвах узялі «золата» і «срэбра»

978

У мінулыя выхадныя ў Брэсце прайшло першынство сярод каманд першай лігі на прызы абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ па кулявой стральбе памяці воіна-інтэрнацыяналіста І.Д.Жуковіча. На гэтых спаборніцтвах гонар Пружанскага раёна абараняла каманда стралкоў з Параслянскай СШ, дзе працяглы час дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах «Стралковы» ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.


У асабістым заліку сярод юнакоў другое месца заняў Ягор Семаковіч, а сярод дзяўчат бясспрэчнае «золата» заваявала Кацярына Савушкіна. Пры гэтым судзейская калегія адзначыла выдатную тэхніку стральбы параслянскіх спартсменаў. Напэўна, такое меркаванне склалася таму, што і першае агульнакаманднае месца занялі прадстаўнікі Пружаншчыны.


Як расказвае трэнер юных спартсменаў Ю.М.Дронь, для Кацярыны Савушкінай гэта перамога — заканамерны вынік працяглых трэніровак. Дзяўчына пачала займацца ў стралковым аб’яднанні пяць год таму і сёння з’яўляецца яго старастай, а на спаборніцтвах выступае ў ролі капітана. Ужо на другі год навучання стральбе дзяўчына паказала самы лепшы вынік у раённай падгрупе, а ў 2019 годзе выканала нарматыў трэцяга дарослага разраду. І паспявае Кацярына ўсюды, маючы сярэдні бал па агульнаадукацыйных прадметах вышэй за «дзявятку».


Ягор Семаковіч захапіўся стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі ў 7-м класе, неаднаразова прымаў удзел у раённых спаборніцтвах. На абласны ўзровень трапіў упершыню, але хлопцу хапіла вытрымкі і самавалодання, каб паказаць на фоне сваіх сапернікаў другі вынік.

Трэба адзначыць, што стралковае аб’яднанне курыруе раённая структура ДТСААФ, у прыватнасці, дапамагае ў набыцці неабходнага спартінвентару. Напрыклад, параслянскім спартсменам была набыта для трэніровак пнеўматычная вінтоўка высокага класа. А таксама — праз удзел у рэгулярных спаборніцтвах, што дае дзецям магчымасць папрактыкавацца і дасягнуць пэўных вынікаў: напрыклад, на нядаўніх абласных спаборніцтвах Каця і Ягор выканалі нарматыў юнацкага разраду ў адным з практыкаванняў.


Параслянскую школу наведаў старшыня раённай арганізацыі ДТСААФ В.М.Гарахавіцкі, які ўручыў пераможцам адпаведныя граматы і каштоўныя падарункі.


На здымках: Ягор Семаковіч і Кацярына Савушкіна; падчас спаборніцтваў.
Алег Сідарэнка.