Понедельник, 1 марта 2021

У Пружанах прайшоў мітынг, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў (+відэа)

518

Вайна ў Афганістане, дзе нашых салдатаў называлі “шураві”, ужо стала гісторыяй. Больш за трыццаць гадоў мінула з таго часу, як вайскоўцы апошняга падраздзялення 40 арміі вярнуліся дадому. Але памяць пра тыя далёкія і ў той жа час блізкія сэрцу многіх людзей падзеі жыве.


У панядзелак, 15 лютага, у скверы па вуліцы Тармасава прайшоў традыцыйны мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Самі ўдзельнікі «афганскай» вайны, члены іх сем’яў, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх і маладзёжных арганізацый, члены працоўных калектываў і, канечне, родныя тых, хто не вярнуўся з чужой зямлі, ушанавалі памяць нашых землякоў, імёны якіх пазначаны на гранітных плітах.

Мітынг адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Ён звярнуў увагу на тое, што ў нашым горадзе шмат робіцца для ўвекавечання памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, у прыватнасці, два гады таму, да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў быў адкрыты пакой славы, прысвечаны афганскім падзеям.


— Сёння ў раёне пражывае больш за 200 ветэранаў «афганскай» вайны, многія з іх маюць баявыя ўзнагароды. Удалечыні ад Радзімы яны праявілі мужнасць, смела выконвалі пастаўленыя задачы, спазнавалі сапраўдную цану чалавечага жыцця. Сёння тая вайна ацэньваецца па-рознаму. Яна адклікаецца болем у сэрцах пружанцаў. Ніколі не зажывуць душэўныя раны бацькоў і маці, якія страцілі сваіх сыноў. Наш святы абавязак — ушанаваць памяць пра загінулых і аддаць даніну павагі тым, хто выжыў, — падкрэсліў Мікалай Пятровіч.

Словы ўдзячнасці прысутным воінам-інтэрнацыяналістам і падтрымкі родным загінулых выказаў таксама намеснік ваеннага камісара Пружанскага раёна маёр Канановіч Сяргей Вячаслававіч:
— Мы смуткуем аб загінулых у Афганістане і памерлых пасля вайны, — зазначыў афіцэр. — І будзем памятаць пра подзвігі салдатаў і афіцэраў, якія смела ўступілі ў барацьбу з праціўнікам. Вы, ветэраны, надзейныя памочнікі ў справе выхавання падрастаючага пакалення. Вы ўнеслі значны ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці. У гэты дзень, дзень памяці і смутку, жадаем вам моцнага здароўя, веры ў сябе, сваіх блізкіх і сяброў. Не губляйце аптымізму!


Ад імя моладзі выступіла старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” гімназістка Лізавета Туціна, якая дзякавала інтэрнацыяналістам за прыклад ге-раізму, патрыятызму і гонару. І запэўніла, што сучасныя маладыя юнакі і дзяўчаты абавязкова ўлічаць урокі «афганскай» вайны і захаваюць вернасць традыцыям старэйшых пакаленняў. Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.М.Гарахавіцкі прызнаўся, што і сёння ў сэрцах удзельнікаў афганскіх падзей не загоіліся раны і ў душах не суцішыўся боль.


— 15 лютага — гэта асаблівая дата, калі нарэшце перасталі гінуць нашы салдаты. У мінулым — амаль 10 гадоў страшнай вайны! 15 тысяч загінулых! Цяжкі, сумны вынік… Многія вярнуліся з той вайны пасталелымі, з ордэнамі і медалямі на грудзях. Іх памяць аб вайне ў Афганістане не змогуць сцерці ні гады, ні адлегласці — яна будзе вечнай. Дзякуй усім за адвагу! Хай жыццё ўзнагародзіць вас любоўю і клопатам родных і блізкіх, радаснымі сустрэчамі і сапраўднымі сябрамі. Хай не вайной, а мірам вырашаюцца ўсе спрэчныя пытанні ў нашым свеце! — пажадаў Валерый Мікалаевіч.
Ён таксама выказаў перакананасць у тым, што воіны-афганцы сёння з’яўляюцца захавальнікамі воінскага братэрства і пераймальнікамі подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І зачытаў віншаванне воінам-інтэрнацыяналістам ад імя дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Георгіевіча Леўчука.
“Беларусь ганарыцца сынамі, якія ахвяравалі свае жыцці на карысць іншых лю-дзей. Цяжка ваяваць за сваю радзіму, яшчэ цяжэй ваяваць за чужую. Дзякуй усім за тое, што хапіла мужнасці пераадолець жах вайны, не шкадуючы свайго здароўя і сіл”, — значылася ў лісце…
Памяць пра тых, хто загінуў пры выкананні свайго воінскага абавязку, удзельнікі мітынгу ўшанавалі  мінутай маўчання і ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

Працягам мітынгу стала паніхіда па загінулых земляках, якая прайшла ў Свята-Аляксандра-Неўскім саборы. Воіны-інтэрнацыяналісты паставілі свечкі за спачын душ сваіх сяброў і саслужыўцаў, для якіх служба ў Афганістане стала апошнім этапам жыцця, — Аляксандра Барана, Аляксандра Дружэні, Анатолія Кубаркі, Мікалая Цабрука, Васілія Бортніка, Генадзя Ільяшука, Мікалая Кудраўца, Івана Прохара, Анатолія Супруна, Сяргея Хандогі, Уладзіміра Чарнака, Вячаслава Панамарэнкі, а таксама зніклых без звестак Алега Еўтуховіча і Анатолія Талашкевіча.

…І хоць дзень перамогі ў той далёкай вайне ветэранам «афганскай» вайны не выпала адзначыць, але для іх 15 лютага — асаблівая дата, частка жыцця, якая ніколі не забудзецца. Таму аддамо даніну павагі тым, хто на чужыне з годнасцю выканаў свой воінскі абавязак.

Алена Зялевіч. Фота аўтара.