Понедельник, 20 сентября 2021

Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Разам успомнім нашага земляка, гвардыі радавога Анатоля Талашкевіча, якога праглынула “пражэрлівая” афганская зямля.

487

Гэтая вайна была неабвешчанай. Але ў 1979-м савецкія салдаты апынуліся ў Афганістане… І вярнуліся адтуль амаль праз 10 гадоў. Як адрапартаваў камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Громаў, пакідаючы Афганістан, «за яго спінай» — за ракой Амудар’я, не засталося ніводнага савецкага салдата.


Але ці сапраўды ніводнага? Лічылася, што сярод тых, хто прапаў без вестак (а такіх аказалася некалькі соцень), — былі, у тым ліку, баязліўцы, дэзерціры і здраднікі. А калі так, ці варта шукаць?
Калі вы лічыце, што не варта, не чытайце гэты матэрыял: ён будзе нялёгкім. Калі згодны з аўтарам, што пошукавікі выконваюць важную місію, застаньцеся з намі да канца. Разам успомнім нашага земляка, гвардыі радавога Анатоля Талашкевіча, якога праглынула “пражэрлівая” афганская зямля.

Сёння Толя глядзіць на нас з чырвонай гранітнай пліты, што ў скверы па вул. Тармасава, нібы з некаторым дакорам: у выгравіраванай на ёй даце прыкрая памылка. 13 лістапада 1983 года ён прапаў без вестак, а гэта зусім не значыць, што загінуў. Просты беларускі хлопец з далёкіх 70-х. З якімі пачуццямі ты перасякнуў нябачную мяжу паміж мірам і вайной? Чаго ў цябе было больш: юнацкай рамантыкі, нясмеласці, страху ці мужчынскага характару?


Нарадзіўся Толя 9 лістапада 1964 года ў вёсцы Росахі Пружанскага раёна ў сям’і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага двума ордэнамі Славы. Аляксандр Сідаравіч Талашкевіч працаваў учотчыкам, пазней —брыгадзірам у калгасе імя Леніна, а мама Надзея Іванаўна была паляводам.


Як успамінаюць родныя, сябры і першая настаўніца Толі Вера Міхайлаўна Муха, якая сёння жыве ў Пружанах, хлопчык рос паслухмяным і пры гэтым вельмі жвавым дзіцем… З ранняга дзяцінства быў прывучаны да працы, у 14 гадоў касіў лепш, чым бацька. У вольны ад вучобы і вясковай працы час з ветрыкам рассякаў па вёсцы на мапедзе, які ўмеў самастойна рамантаваць. Зімой любіў гуляць з сябрамі ў хакей на кар’еры за Росахамі. Меў добрыя музычныя здольнасці, прыгожа спяваў, спраўна іграў на гармоніку і гітары. Быў прыязным, кампанейскім, добрым хлопчыкам. Любіў людзей, жывёл…

Толі споўнілася 18 гадоў, і на наступны дзень, 10 лістапада 1982 года, ён быў прызваны на тэрміновую службу. Спачатку служыў у Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, у 78-м асобным вучэбным дывізіёне САУ (в/ч 71363), які ўваходзіў у склад 44-й вучэбнай паветрана-дэсантнай дывізіі. Быў навучаны вадзіць баявыя машыны і здзяйсняць скачкі з парашутам у любы час сутак.


У канцы красавіка 1983 года дэсантнік Талашкевіч трапіў у Афганістан. Служыў у 8-й роце 3-га батальёна 345-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка (в/ч 53701 “О”), які дыслакаваўся ў цэнтры Чарыкарскай даліны, каля вядомай авіябазы Баграм (правінцыя Парван).


Там небяспека чакала салдатаў на кожным кроку. Уся даліна, да самага перадгор’я, уяўляла сабой суцэльныя зялёныя зараснікі. Невысокія дрэвы і густыя плантацыі вінаграду служылі выдатным сховішчам для “духаў”. “Чарыкарская зялёнка” атрымала сумную славу сярод шураві з-за пастаянных засад і нападаў маджахедаў на калоны, якія праходзілі па трасе.


Анатоль Талашкевіч быў механікам-вадзіцелем камандзірскага БТР-70. Колы яго машыны не раз узбівалі сухую афганскую зямлю ў пыл, і тая пранікала абразівам у змазку рухавікоў, забівала радыятары…


Пра гэта, а яшчэ пра тое, што вельмі горача днём і халаднавата ноччу, ён пісаў у сваіх лістах дадому. “Жыццё маё салдацкае ідзе па-ранейшаму… Некалькі дзён таму вярнуліся з буйной аперацыі ў гарах, яна прайшла нармальна. Я, як і раней, езджу на БТР-70… У маёй роце служыць хлопец з Лунінца. У наступным лісце вышлю яго адрас”, — напісаў Толя 10 верасня 1983 года. Больш лістоў ад яго не прыходзіла.

13 лістапада, праз некалькі дзён пасля дня нараджэння і практычна ў гадавіну сваёй службы ў войску, Толя Талашкевіч прапаў без вестак.
Больш за месяц ішло паведамленне ў Пружанскі ваенкамат ад камандзіра палка гвардыі падпалкоўніка Аляксандра Фядотава з просьбай паведаміць бацькам аб тым, што здарылася. Напярэдадні новага 1984 года ў маленькі драўляны дом у Росахах прыйшло гора…
Што было далей? Жах мацярынскай адзіноты. Бацька Толі ў жаданні даведацца падрабязныя абставіны знікнення і пошукаў сына даслаў ліст у Міністэрства абароны і 25 мая 1984 г. атрымаў адказ: “Дадатковых звестак не маем…”. Бацькава сэрца не вытрымала выпрабавання невядомасцю. Надзея Іванаўна раптоўна страціла сына, мужа і здароўе, хваробы сталі яе пастаяннымі спадарожнікамі. Але памяць надзейна захоўвала кожнае імгненне яе жыцця побач са сваімі Сашам і Толем…

Але дадатковая інфармацыя была… Аказваецца, яшчэ 2 студзеня 1984 года Пружанскі ваенкамат паслаў запыт у 345-ы полк, каб даведацца пра абставіны знікнення радавога Талашкевіча. 20 лютага на імя ваеннага камісара прыйшло паведамленне, падпісанае начальнікам штаба палка гвардыі маёрам Бязрукавым. У ім паведамлялася, што “Анатоль Аляксандравіч Талашкевіч добраахвотна пайшоў з часці без зброі”…


Выдатна разумеючы, што падобныя паведамленні пісаліся на падставе рапартаў і тлумачэнняў камандзіраў падраздзяленняў, я адшукала камандзіра 8 парашутна-дэсантнай роты 3 батальёна 345 палка Яўгена Святлічнага, каб даведацца яго версію таго, што адбылося (чаму выкары-стоўваю слова “версію”, вы зразумееце пазней). Вось што ён распавёў:
“Талашкевіч пачаў службу ў 8-й роце, якой на той момант камандаваў я, і быў кіроўцам камандзірскага БТРа. Маральна да службы гатовы не быў, праяўляў маладушнасць. Каб пры правядзенні баявых аперацый не падвяргаць жыццё таварышаў небяспецы, па ўласнай просьбе быў пераведзены ў адно з тылавых падраздзяленняў часці. І аднойчы, калі мы вялі баявыя дзеянні пад кішлаком Дэхі-Наў, ён знік. Дэзерціраваў. Кажуць, пазней яго бачылі ў атрадзе апазіцыі”.


Заява, зробленая камандзірам у вельмі эмацыйнай форме праз амаль сорак гадоў пасля знікнення салдата, прызнацца, мяне вельмі здзівіла. І я перавяла размову ў юрыдычнае рэчышча: усё-такі “дэзер-ціраваў” і “перайшоў на бок ворага” — розныя паняцці. На пытанне, ці бачыў ён ці хтосьці канкрэтна, што Толя ваяваў на баку маджахедаў, камандзір адказаў, што не бачыў.

Па прынцыпе “раз кажуць, значыць, і пішуць” я звярнулася па дапамогу да інтэрнэту. І натыкнулася на кнігу генерала-маёра А.А.Ляхоўскага, якая выйшла ў 1995 годзе. Там, у спісе прапаўшых без вестак, радавы Анатоль Аляксандравіч Талашкевіч лічыцца пад № 272 (з удакладненнем “у атрадзе апазіцыі”). Прыняла гэта да ведама і пачала праглядаць увесь спіс.


Да вялікага здзіўлення, выявіла, што ў ім пад № 127 таксама згадваецца прозвішча вядомага беларускага воіна-інтэрнацыяналіста з Віцебшчыны Аляксандра Звярковіча, пад № 178 — Сяргея Ляўчышына, а пад №254 — Мікалая Саміня (насупраць кожнага — аналагічная прыпіска). Але вядома, што гэтыя трое па-геройску загінулі ў Бадаберы падчас паўстання савецкіх ваеннапалонных. Выходзіць, у спісе Ляхоўскага не проста недакладнасці, а недапушчальныя скажэнні? Чаму? Адказ я даведалася пазней…

Пачала вывучаць падрабязную статыстыку незваротных страт Узброеных Сіл СССР у Афганістане за 1983 год, дзе ў храналагічным парадку па прозвішчах пазначаны ўсе загінулыя, прапаўшыя і дэзерціры. Чытаю: “13 лістапада гвардыі радавы Талашкевіч прапаў без вестак — трапіў у палон і далейшы яго лёс невядомы”.
Што цікава, у той жа дзень таксама прапаў без вестак і сяржант Аляксей Рашчупкін, выяўлены пазней у палоне ў адным з атрадаў Ахмада Шаха Масуда (у 1994 г. яго бачылі жывым, аднаму замежнаму журналісту атрымалася яго сфатаграфаваць і апублікаваць здымак у часопісе).


А ў спісах тых, хто ў 1983 годзе “трапіў у палон і перайшоў на бок саперніка” значыцца толькі радавы Генадзь Цеўма. Ён адмовіўся вярнуцца на радзіму нават пасля абвяшчэння амністыі, сёння жыве з сям’ёй у Афганістане…

Прааналізавала знойдзеную інфармацыю і вырашыла звярнуцца непасрэдна да тых людзей, хто да гэтага часу шукае ваеннапалонных. Дзякуючы сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”, знайшла іх хутка.

Вось што распавёў кіраўнік рабочай групы міжведамаснай камісіі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак палкоўнік Аляксандр Лаўрэнцьеў:
“У спісе генерала Ляхоўскага, які ў свой час быў памочнікам прадстаўніка Мінабароны ў Афганістане, на жаль, вельмі шмат недакладнасцей. Пазней ён сам прызнаваў, што не заўсёды правяраў інфармацыю, у тым ліку тую, што паступала ад Міжнароднага Чырвонага Крыжа. На жаль, на 70-80% яна не адпавядала рэчаіснасці, паколькі МЧК збіраў чуткі… Мой асабісты пошукавы вопыт паказаў, што ўсе агентурныя дадзеныя, якія паступалі і паступаюць ад афганскіх інфарматараў, трэба правяраць. За спіс палонных, якія нібыта ваявалі на баку апазіцыі, апублікаваны і растыражыраваны ў інтэрнэце, хтосьці будзе гарэць у агні.


Я нідзе і ніколі не сустракаў інфармацыі аб тым, што Анатоль Талашкевіч ваяваў у апазіцыі, ды яшчэ ў атрадзе Ахмада Шаха Масуда. Больш за тое, Мікалай Быстроў, які ў свой час трапіў у палон і потым сапраўды быў целаахоўнікам у Масуда, а сёння дапамагае нам шукаць палонных, падрабязна распавёў пра ўсіх салдатаў, якіх бачыў у атрадзе да 1995 года. Ніколі Талашкевіча там не было.


Увогуле за гады пошукаў перыядычна сутыкаўся з тымі, хто выказваў усякія паскудствы як у дачыненні да прапаўшых без вестак, так і ў дачыненні да мяне асабіста. Даўно не марную час на разборкі. З такімі людзьмі гэта не мае сэнсу. З гадамі я ўсё лепш разумею сэнс слоў “не судзіце, ды не судзімыя будзеце”.

***
Ішлі гады… Надзея Іванаўна Талашкевіч усё чакала хоць якіх-небудь звестак пра сына.
І вось 19 ліпеня 1988 года жанчына атрымала ліст ад саюзнай арганізацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца са словамі падтрымкі. У ім гаварылася пра тое, што супрацоўнікі арганізацыі прыступілі да высвятлення лёсаў прапаўшых без вестак салдатаў. “Паверце, мы зробім усё, што ад нас залежыць, у гэтым складаным працэсе. Спатрэбіцца пэўны час, каб высветліць лёс Вашага сына, паколькі мы накіравалі запыты ў некалькі міжнародных арганізацый”, — паведамлялася ў лісце.
А літаральна праз год, у жніўні 1989 г., прыйшоў ліст ад нейкай Эміліі Крыловай, якая, як аказалася, была членам камітэта па выратаванні палонных у Афганістане “Надзея” і выязджала на перамовы ў Пакістан і Афганістан. У лісце паведамлялася, што старшыня камітэта ў хуткім часе плануе выехаць у Пакістан для абмену першай групы палонных. “Там могуць апынуцца альбо мой, альбо Ваш сын… Ёсць некаторыя апаскі, што хлопцы могуць быць запалоханыя… Напішыце свайму сыну ліст аб тым, што Вы яго вельмі чакаеце. Напішыце так, як пісалі заўсёды, каб ён верыў, што ў краіне зараз іншая абстаноўка, каб ён не баяўся вяртацца, пры якіх бы абставінах ні апынуўся ў палоне і як бы ні жыў усе гэтыя гады там”, — пісала яшчэ адна няшчасная жанчына, сын якой Вадзім прапаў без вестак у 1984 годзе. І таксама “сышоў сам”…
Так праз гады ў Надзеі Іванаўны з’явілася хоць нейкая надзея на тое, што сын жывы.
А 16 студзеня 1990 года ў Пружанскі ваенкамат прыйшла тэлеграма ад камандавання з указаннем наведаць сям’ю прапаўшага без вестак воіна-інтэрнацыяналіста Талашкевіча, даведацца патрэбы сваякоў і запэўніць, што савецкае камандаванне прымае меры па яго “вызваленні”… На жаль, сёння цяжка сказаць, якія канкрэтна меры па вызваленні ваеннапалонных прымаліся ў 1990 годзе, але дадому гвардыі радавы Анатоль Талашкевіч так і не вярнуўся.
У чэрвені 1996 г. па заяве Надзеі Іванаўны ў Пружанах адбылося судовае пасяджэнне аб прызнанні яе сына памерлым. Справа ў тым, што, маючы поўнае права на льготы, яна не магла іх атрымаць, паколькі не было дакументаў, якія пацвярджалі б гібель сына.
Вывучыўшы матэрыялы справы, старшыня суда М.В.Рэпіха прыняў рашэнне задаволіць просьбу маці і прызнаў Талашкевіча загінулым пры выкананні воінскага абавязку. Рашэнне ўступіла ў сілу 9 ліпеня 1996 года…
24 снежня 2003 года Анатоль Талашкевіч быў узнагароджаны пасмяротна медалём “У памяць 10-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана”.

Замест пасляслоўя
Падчас працы над гэтым матэрыялам мяне не пакідала адчуванне таго, што самае важнае наперадзе. І літаральна за некалькі дзён да публікацыі артыкула мне даслалі фота дакумента з былога Міністэрства абароны СССР.
У ім гаворыцца, што “крымінальная справа, звязаная з самавольным адлучэннем з часці Анатоля Аляксандравіча Талашкевіча, спынена 1 снежня 1988 года з-за адсутнасці злачынства… Пры правядзенні расследавання было ўстаноўлена, што ён захоплены паўстанцамі і паводле ўдакладненых звестак знаходзіцца ў руках адной з банд апазіцыянераў у Афганістане. 24.02.1990 г.”.

Удзельнік пошукавых экспедыцый, воін-інтэрнацыяналіст, рэжысёр-пастаноўшчык кінакампаніі “Масфільм” Яўген Барханаў, аўтар дакументальнага фільма пра пошукі ваеннапалонных “Ташахор”:


“На сёння невядомы лёс 264 чалавек. Калі яны патрапілі ў палон, няважна пры якіх абставінах, то лічыце, трапілі ў самае сапраўднае пекла… Калі выжылі, то ўсё яшчэ хочуць вярнуцца дадому. На жаль, праз столькі гадоў пошукавікі часцей знаходзяць магілы з астанкамі, чым жывых людзей. Дзякуючы сабранай базе дадзеных, гэтыя астанкі пазней ідэнтыфікуюць… Пра гэта важна распавядаць і паказваць. Нядаўна, напрыклад, мы даведаліся, што недалёка ад пакістанскага горада Парачынара ўтрымлівалася шэсць ці сем савецкіх ваеннапалонных, якім удалося збегчы ўсёй групай. На жаль, яны пазней былі схоплены і расстраляны. Цяпер на месцы іх пахавання знаходзіцца жылая пабудова. Нам яшчэ трэба будзе высвятляць іх імёны…
Алена Зялевіч.

*Больш падрабязна пра Анатоля Талашкевіча чытайце ў нумары «Рб» за 13 лютага.