Воскресенье, 13 июня 2021

Вучань СШ №5 другі год запар стаў прызёрам абласнога этапу республіканскай алімпіяды па гісторыі. Пагутарылі з юнаком і яго настаўніцай

562

З Тамарай Сцяпанаўнай Ляўчук нашы чытачы добра знаёмы па папярэдніх публікацыях. Настаўніца гісторыі — спачатку гімназіі, а цяпер СШ №5 — з больш чым 35-гадовым стажам з зайздроснай рэгулярнасцю прыводзіць сваіх вучняў да перамог у школьным алімпіядным руху.


Адзінаццацікласнік Андрэй Семянчук адзін з іх. Другі год запар юнак становіцца прызёрам абласнога этапу республіканскай алімпіяды па гісторыі. І мае магчымасць без экзаменаў стаць студэнтам гістарычнага факультэта педагагічнага ўніверсітэта.


Назіраць за размовай гэтых людзей было адно задавальненне. Нібы перад табой разыгралі цікавую шахматную партыю. Дзе адзін гулец — славуты гросмайстар, які прадбачліва саступаў роўна настолькі, наколькі яму падказваў вопыт. Другі — таленавіты юны шахматыст, які дзейнічаў хутка, смела і бездакорна…
Ім дваім слова.

Ход 1: Ахарактарызуйце, калі ласка, адзін аднаго.

Тамара Сцяпанаўна:
— Мне заўсёды шанцавала з вучнямі. І ў гімназіі, пра якую я захоўваю самыя добрыя і цёплыя ўспаміны, і ў СШ № 5, дзе мяне сустрэў вялікі дружны калектыў настаўнікаў і вучняў. Выдатныя, дапытлівыя, крэатыўныя, уважлівыя, начытаныя. Менавіта такі і Андрэй. Зразумеўшы, што ў яго ёсць павышаная цікавасць да гісторыі, я з першых месяцаў знаёмства пачала рыхтавацца з ім да алімпіяды. І адразу высокі вынік. Андрэй, я табой ганаруся!
Андрэй:
— Новая настаўніца захапіла нас не толькі як педагог, але і як асоба, якая размаўляе з намі нароўні і дазваляе смела выказваць свае думкі. Раней я нават і не ўяўляў, што гісторыя можа быць такой цікавай. Не скажу, што планую звязаць з гістарычнай навукай сваю будучыню, але ў якасці хобі са мной яна дакладна застанецца. Дзякуй Тамары Сцяпанаўне за тое, што ніколі не прымушала бяздумна зубрыць даты і факты, а навучыла проста бачыць логіку гістарычных працэсаў.

Ход 2: Тады адкажыце, што было першым: яйка ці курыца?

Тамара Сцяпанаўна:
— Жыццё, якое пачалося з кахання.
Андрэй:
— Яйка. І не важна, курыцы ці дыназаўра. У метафарычным сэнсе – той імпульс, што запаліў жыццё.

Ход 3: Хто, на ваш погляд, піша гісторыю?

Тамара Сцяпанаўна:
— Народ, які заўсёды імкнецца да праўды. Народ, які нараджае вялікіх асоб, здольных пераламіць ход па-дзей.
Андрэй:
— Пераможцы, якія адным росчыркам пяра могуць пера-крэсліць усё, напісанае раней. А гэта значыць, што ў гісторыі заўсёды будзе суб’ектыўны элемент.

Ход 4: У вас ёсць самы любімы і самы ненавісны перыяды гісторыі?

Тамара Сцяпанаўна:
— Самы любімы – гэта сённяшні дзень, калі ты маеш магчымасць нешта змяніць і задаць накірунак будучыні. Нелюбімых многа – гэта той час, калі зямля скаланалася ад войнаў. Ажно страшна стано-віцца ад думкі, як шмат іх было. І што ўвесь гэты жах — смецце цывілізацый — прыйшло ў наш свет, дзякуючы чалавеку.
Андрэй:
— Гэта адзін і той жа перыяд. Сярэдзіна ХХ стагоддзя, да якога адна з найвялікшых у гісторыі дзяржаў, Савецкі Саюз, прыйшла з вялікімі дасягненнямі і, у той жа час, з вялікімі стратамі. Ззаду – Перамога над фашызмам і… страшныя рэпрэсіі, калі было знішчана шмат сумленных людзей. Наперадзе – палёт савецкага чалавека ў космас і застой: крызіс навукі і фальсіфікацыя гісторыі.

Ход 5: Дзіўна, калі маладыя людзі адчуваюць нейкую настальгію па тых часах, якіх не бачылі.

Тамара Сцяпанаўна:
— Больш дзіўна, калі ганьбяць тую эпоху. Так, усяго было, але мы жылі, марылі, спадзяваліся. І радзіму сваю любілі, якая б яна ні была на погляд сучаснай моладзі.
Андрэй:
— Вядома, мінулае, звязанае з СССР, абрасло міфамі. Але ж нездарма кажуць, што цікавыя для гісторыкаў, мена-віта тыя перыяды, у якія цяжка жылося людзям.

Ход 6: А ў які час, калі б гэта было магчыма, вы хацелі пажыць?

Тамара Сцяпанаўна:
— Цікавае пытанне. Ну, напэўна, у “залаты век” Кацярыны Вялікай. Чаму б і не прымераць яе царскія сукенкі і туфлікі (смяецца). Нават прычоска мая, як часта жартуюць сябры, пасуе да гэтай ролі.
А калі сур’ёзна, то нікуды не хочацца. Лёс не падманеш.
Андрэй:
— А я, напэўна, рызыкнуў бы пажыць у часы Першай сусветнай вайны, каб прымераць ролю Вільгельма II. Хай і не сціпла будзе гучаць, але мне здаецца, я не прайграў бы вайну.

Ход 7: Сапраўды, марыць – не грэх. Той жа Платон марыў пра дзяржаву, якой кіруюць філосафы. А як вы думаеце, якой будзе дзяржава, якой кіруюць толькі гісторыкі?

Тамара Сцяпанаўна:
— Калі яны будуць вучыцца на памылках мінулага і не паўтораць іх, то ўсё будзе добра.
Андрэй:
— Складана спрагназаваць. Напэўна, будзе весела. Праўда, калі разыйдуцца ў меркаваннях, то наступіць анархія. А гэта ўжо бяда.

Ход 8: Дайце, калі ласка, параду пачынаючым гісторыкам.

Тамара Сцяпанаўна:
— Памятайце: гісторыю нельга павярнуць назад. Проста своечасова пераасэнсоўвайце каштоўнасці і заставайцеся сумленнымі людзьмі. Кожны чалавек побач з вамі мае права выказаць сваё меркаванне. Паважайце суразмоўцаў, нават тых, у каго супрацьлеглы пункт гледжання. У любых выпадках імкніцеся да міру і згоды.
Андрэй:
— Так, гісторыя не любіць умоўнага ладу. Вывучайце вопыт мінулых пакаленняў, смела разважайце, супастаўляйце факты, прагназуйце, але ў сваіх высновах абапірайцеся толькі на дакладныя крыніцы. Старайцеся быць аб’ектыўнымі, бо вам пісаць новую гісторыю.
Гутарыла Алена Зялевіч.