Воскресенье, 13 июня 2021

Ляснічы Лыскаўскага лясніцтва Павел Козел пра выбар прафесіі: «Я сёмы прадстаўнік сям’і, які звязаў сваё жыццё з лесам»

445

Шлях да прафесіі ў нас усіх розны. Ёсць у гэтым плане шчасліўчыкі, якія амаль з дзяцінства ведаюць, з якой галіной ці нават спецыяльнасцю звяжуць сваё далейшае жыццё. Нехта вагаецца да апошняга, але ж робіць правільны выбар. А некаму даводзіцца змяніць некалькі прафесій, перш чым знайсці справу па душы. А яшчэ ў кожнай прафесіі ёсць сямейныя дынастыі. Прадстаўнік адной з іх – ляснічы Лыскаўскага лясніцтва ДЛГУ “Пружанскі лясгас” Павел Козел – герой чарговага выпуску нашай рубрыкі “Першае працоўнае месца”.


— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— Я сёмы прадстаўнік сям’і, які звязаў сваё жыццё з лесам. Прызнаюся, нейкі час я марыў пра іншую прафесію, але гэта хутка прайшло. Мабыць, кліч продкаў аказаўся мацнейшым.
Зразумела, што лес вабіў мяне з дзяцінства, тым больш, што мы родам з Белавежскай пушчы. Шмат часу праводзіў побач з татам, які тады працаваў у Язвінскім лясніцтве. Мне падабалася, што ён пастаянна рухаецца, а не сядзіць на месцы з паперкамі. У сям’і заўсёды было паважлівае стаўленне да лесу і яго жыхароў. Дзядуля — быў такі выпадак — нават выратаваў і выгадаваў маленькае аленяня, якое так прывыкла да людзей, што адпраўляла і сустракала тату і яго братоў са школы. Пра Цімошку (такую мянушку атрымаў алень) нават у газетах пісалі. Іншымі словамі, я з дзяцінства разумеў – у лесе цікава. Таму ў 11 класе пачаў мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення на факультэт лясной гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Рыхтаваўся я сам, без рэпетытараў. Па прадметах, неабходных для паступлення (хімія, матэматыка і адна з дзяржаўных моў), наведваў дадатковыя і факультатыўныя заняткі. Вельмі мне пашчасціла, што хімію ў нас выкладаў У.Я.Цубер. Уладзімір Яфімавіч на першым занятку пытаў у вучняў, каму патрэбна хімія для паступлення. Пасля некалькі месяцаў прыглядаўся да тых, хто падняў руку, а потым ужо выносіў вердыкт: хто вывучыць сам, каму хопіць некалькіх заняткаў перад самім тэсціраваннем, а каму лепш займацца з рэпетытарам для паспяховай здачы. Мяне ён вылучыў у групу тых, хто можа падрыхтавацца самастойна, але спуску не даваў ні на адным уроку! І на саміх уроках у яго да кожнага быў асобны падыход. Ведаю, што былі вучні, якія спецыяльна пераходзілі ў СШ №4, каб трапіць вучыцца да гэтага настаўніка. І яны не прагадалі.

— Ці ёсць нейкія асаблівасці навучання на “лясным” факультэце?
— Навучанне на лесагаспадарчым факультэце пачынаецца … з практыкі. У верасні студэнты накіроўваюцца ў Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас і некалькі месяцаў займаюцца там. На базе лясгаса ёсць інтэрнаты, вучэбныя класы і аўдыторыі, але ўсе заняткі носяць практычны характар. Пасля ідзе тэарэтычнае вывучэнне дысцыплін, якое пасля кожнага курса зноў замацоўваецца на практыцы. Асабіста мне гэта было намнога цікавей, чым проста пісаць канспекты.

— Што сёння ўваходзіць у Вашы штодзённыя абавязкі?
— У ляснічага вельмі многа абавязкаў: ахова, назіранне, маніторынг, лесакультурныя мерапрыемствы, улік жывёлы і многае-многае іншае. Кожны сезон работа адрозніваецца, так што сумаваць ці скардзіцца на тое, што работа нудная, не варта.
Даводзіцца шмат хадзіць па лесе. Цяпер работу значна аблягчае наяўнасць дрона. Напрыклад, калі мы праводзім маніторынг ляснога фонду і нам неабходна выявіць участкі, дзе адбываецца ўсыханне, а таксама ветравальна-бураломныя. З дапамогай дрона можна іх вызначыць літаральна за некалькі дзён.
Гэта я пералічыў толькі невялікую колькасць абавязкаў. Няхай яны не палохаюць тых, хто задумваецца пра паступленне на лесагаспадарчы факультэт: калі табе цікава тое, чым займаешся, то гэта і не ўспрымаеш, як нейкую павіннасць.

— Каму б Вы параілі абіраць такую спецыяльнасць?
— Таму, хто не любіць сядзець на адным месцы. Мы заўсёды ў руху. Кожны дзень адрозніваецца ад папярэдняга, і кожны па-свойму цікавы. Безумоўна, чалавек павінен любіць прыроду і шанаваць яе. У лясной гаспадарцы выдатна рэалізаваць сябе могуць і юнакі, і дзяўчаты – на факультэце многа спецыялізацый. Выбар за вамі!

На здымку: Павел Козел з бацькам — галоўным ляснічым ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Дзмітрыем Мечыслававічам.
Фота з сямейнага архіва.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.