Суббота, 12 июня 2021

У Пружанскім раёне пачалася вакцынацыя ад COVID-19

834

Старт вакцынацыі ад COVID-19 у нашай краіне быў дадзены ў мінулым месяцы. Першымі, хто атрымаў магчымасць зрабіць прышчэпку, сталі медыкі. Чацвёртага лютага вакцынацыю сваіх супрацоўнікаў пачала Пружанская ЦРБ.


Як удакладніла загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Ж.Ж.Ісакава, вакцына “Гам-КОВІД-Вак” (або, прасцей кажучы, “Спадарожнік-V”) у Пружанскую райбальніцу пастаўляецца з Брэсцкага РУП “Фармацыя”.


Пры гэтым вакцына транспарціруецца ў спецыяльных тэрмакантэйнерах пры тэмпературы мінус 18°С і ніжэй. Пакуль бальніца арандуе такія кантэйнеры, але хутка павінны з’явіцца свае. У ЦРБ вакцыну змяшчаюць у спецыяльныя маразільныя камеры, якія маюць сертыфікат якасці.

Зараз Пружанская ЦРБ, як і іншыя медустановы краіны, завяршае першую планавую вакцынацыю сваіх супрацоўнікаў расійскай вакцынай. Усяго, па словах Жанны Жанаўны, было прышчэплена 70 медработнікаў – менавіта столькі доз вакцыны напачатку лютага паступіла ў раённую бальніцу.


Якраз падчас нашага візіту чаргі на прышчэпку чакалі ўрач аддзялення дзённага знаходжання Г.М.Сямашка і ўрач прыёмнага пакоя А.А.Боб.


— Спачатку я не хацела рабіць прышчэпку: проста баялася. Але потым задумалася пра свой узрост – ён ужо такі, калі любая хвароба лягчэй чапляецца. Ды і прафесія мая прадугледжвае цесны кантакт з людзьмі. Вельмі не хочацца ні самой падхапіць інфекцыю, ні, тым больш, заразіць сваіх пацыентаў, — кажа Галіна Мікалаеўна.


Падтрымлівае калегу Аляксандр Анатольевіч:
—Паколькі я працую, што называецца, на перадавой, у прыёмным пакоі, то лёгка магу сутыкнуцца з чалавекам, хворым на каранавірус. Лічу, што лепей засцерагчы і сябе, і іншых.

Вакцынацыя ад COVID-19 адбываецца ў два этапы, пры гэтым чалавеку ўводзяцца два розныя штамы адэнавірусаў. Першы кампанент запакаваны ў ампулу сіняга колеру. Кампанент для другой ін’екцыі бярэцца з чырвонай ампулы, а праводзіцца яна праз 21 дзень пасля першай.


Варта заўважыць, што прышчэпка робіцца толькі тым людзям, якія не хварэлі на каранавірус.


— Прыкладна з пачатку сакавіка, — расказвае Жанна Жанаўна, — пачнём вакцынацыю работнікаў сістэмы адукацыі і супрацоўнікаў інтэрнатаў з кругласутачным знаходжаннем людзей. Яны, таксама як і медработнікі, падвяргаюцца найбольшай рызыцы захварэць на COVID. Спісы жадаючых мы сталі фарміраваць яшчэ некалькі тыдняў таму. Таксама чакаецца, што ў красавіку пачнём вакцынацыю ўсіх жадаючых, запіс на яе ўжо ідзе: па буднях з 10 да 12 гадзін па нумары 3-05-60 працуе “гарачая лінія” па пытаннях вакцынацыі і запісу на яе.

Нагадаем, што на базе Пружанскай ЦРБ па-ранейшаму можна прайсці платнае экспрэс-тэсціраванне на антыцелы да COVID-19. Яго кошт – 27,08 р. Рабіць такі тэст можна, калі вы не маеце прыкмет вострай рэспіраторнай інфекцыі.


Парады пра нашэнне масак, выкарыстанне антысептыкаў і сацыяльнае дыстанцыраванне па-ранейшаму актуальныя. Беражыце сябе і будзьце здаровы!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.