Понедельник, 20 сентября 2021

Лукашэнка: форум паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў

565

Усебеларускі народны сход паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, падводзячы вынікі VI Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Сучаснасць і будучыня Беларусі ў нашых руках, і перш за ўсё ў руках прысутных тут дэлегатаў, паколькі вы самая высокая эліта нашага грамадства. Мы ідзём наперадзе, за намі пойдуць іншыя, калі яны хочуць жыць у мірнай і спакойнай краіне. Таму ад нас залежыць усё», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу адобрылі асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сацыяльная арыентаванасць беларускай эканамічнай мадэлі застаецца нязменнай. «Форум паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў, — заявіў ён. — Гэта сведчыць аб тым, што за гады незалежнасці нам удалося выбудаваць сістэму, у аснове якой непахіснасць суверэнітэту краіны. Суверэнітэту, які трымаецца на традыцыях, патрыятызме, імкненні народа да міру».

Прэзідэнт адзначыў, што як суверэнная дзяржава Беларусь па-ранейшаму адкрыта для раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усім светам — інакш быць не можа. Пры гэтым рэспубліка нязменна трымае курс на пабудову саюза з Расіяй, еўразійскую інтэграцыю і развіццё адносін з Кітаем.

На працягу двух дзён на форуме абмяркоўваліся далейшыя напрамкі развіцця беларускага грамадства, неабходныя змяненні для найбольш поўнага ўдзелу насельніцтва ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Гэта пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу, умацаванне мясцовага самакіравання, павышэнне ролі грамадскіх структур у палітычным жыцці краіны.

«Гэта не догма. Усё, што тут было сказана, у тым ліку і мною, будзе прааналізавана. Жыццё ідзе, мяняецца, з’явяцца многія пункты гледжання. Магчыма, некаторыя пытанні, як яны былі выкладзены на Усебеларускім народным сходзе, зменяцца. Напэўна зменяцца. Мы ні ў якім выпадку не будзем дагматыкамі і не будзем трымацца жалезабетонна за тое ці іншае выказанае меркаванне (гэта датычыцца перш за ўсё мяне). Усё павінна быць дэмакратычна з улікам вопыту цывілізаваных дзяржаў», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
На здымку: Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу ад Пружанскага раёна: Сяргей Усік, Таццяна Анісеня, Мікалай Кудравец, Пётр Білецкі, Ірына Рыбакова, Юрый Бісун, Дзмітрый Пстыга, Святлана Карповіч, Крысціна Глушко, Анатоль Вакульчык і Аліна Каляда падчас работы сходу.