Суббота, 17 апреля 2021

Пружанскія дэлегаты дзеляцца ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу. Аліна Каляда: «Многія з праблем абавязкова вырашацца»

398

У дзень адкрыцця Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітаў удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу, адзначыўшы, што менавіта яны ў гэтыя дні з’яўляюцца гаспадарамі сталіцы і краіны.


Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё падзякаваў мясцовым органам улады за правядзенне напярэдадні форуму дыялогавых пляцовак у розных гарадах, дзе людзі змаглі абмеркаваць існуючыя праблемы і прапанаваць варыянты іх рашэння. «Гэта дало магчымасць выказаць свой пункт гледжання вельмі-вельмі многім людзям», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


У якасці першай ён назваў сітуацыю ў эканоміцы, дасягненні і магчымыя недахопы. «І галоўнае — рэзервы і канкрэтныя прапановы па далейшым развіцці», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Другая важная тэма — пытанні грамадска-палітычнага развіцця, роля грамадзян у палітычным жыцці краіны і магчымасць карэкціроўкі асноўнага закона. «Яшчэ адна тэма — размеркаванне ўладных паўнамоцтваў, узмацненне ролі мясцовага кіравання і самакіравання. Мы павінны максімальна наблізіць цэнтры прыняцця рашэнняў да людзей, забяспечыць пастаянную, эфектыўную зваротную сувязь паміж уладай і насельніцтвам. Гэта павінна ісці ад жыцця і ад нашых людзей», —упэўнены беларускі лідар.
Неабходнасць прааналізаваць рэаліі геапалітычнай сітуацыі, у якой апынулася краіна, Прэзідэнт назваў у якасці трэцяй тэмы форуму.
Чацвёрты блок пытанняў, якія патрабуюць пільнай увагі, датычыцца зберажэння каштоўнасцей, традыцый, якія даюць магчымасць беларусам заставацца нацыяй.

«Якія б мы ні ставілі мэты, галоўным арыенцірам застаюцца людзі»
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што на форуме будуць абмяркоўвацца перш за ўсё прапановы кіраўніцтва краіны, заснаваныя на ідэях, якія выказвалі людзі на дыялогавых пляцоўках.
Прэзідэнт прывёў некаторыя палажэнні з праграмы праціўнікаў дзеючай улады. У эканоміцы гэта павальная прыватызацыя, неадкладная ліквідацыя слабых прадпрыемстваў, забарона продажу расійскім кампаніям аб’ектаў беларускай інфраструктуры, распродаж зямель сельскагаспадарчага прызначэння. У палітыцы — выхад з Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, аднаўленне мытнага і памежнага кантролю на мяжы з Расіяй, забарона прарасійскіх фондаў і арганізацый. У ваеннай сферы — выхад з АДКБ і з адзінай з Расіяй сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. У інфармацыйнай сферы — забарона на трансляцыю грамадска-палітычных і навінавых праграм расійскіх тэлеканалаў, поўная свабода для заходніх СМІ. У гуманітарнай — платныя адукацыя і медыцына, павальнае ўвядзенне беларускай мовы, аднаўленне беларускай аўтакефальнай царквы як альтэрнатывы Беларускага экзархата РПЦ.
«Цяпер я прадстаўлю наш пункт гледжання, каб беларускі народ падумаў і вызначыўся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт на выніках развіцця Беларусі за гады суверэнітэту, падкрэсліўшы, што краіна дасягнула поспехаў у розных галінах.
«Галоўны арыенцір — гэта чаканні, памкненні, магчымасці развіцця сучаснага чалавека. Бо якія б мы ні ставілі мэты, галоўным рэсурсам у іх дасягненні застаюцца людзі, таленавітыя і працавітыя, адданыя сваёй зямлі. На кожным з беларусаў ляжыць адказнасць за лёс краіны. І галоўнае — ва ўсіх ёсць роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і мяняць жыццё ў Беларусі да лепшага. У гэтым сэнс нашай мадэлі сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая даказала сваю жыццяздольнасць, нягледзячы на сусветныя санкцыі і палітычны ціск», — сказаў Прэзідэнт.

Галоўныя праграмы — дэмаграфічныя
Прэзідэнт прапанаваў сур‘ёзныя навацыі ўнесці ў праграму «Шматдзетная Беларусь». Па-першае, прапанаваў пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу. «Другое: мама з трыма дзецьмі — не хатняя гаспадыня. Праца маці павінна ацэньвацца гэтак жа, як і любая іншая. Мама чацвярых дзяцей — зарабіла будучую працоўную пенсію. Пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці даць шматдзетнай маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае стаж працы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы падрэжам любыя іншыя праграмы, але не дэмаграфічную, і не па падтрымцы людзей па жыллі», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што насельніцтва Беларусі за апошнія пяць гадоў скарацілася на 90 тыс. чалавек. «Нам трэба мінімум 15 млн, а лепш 20 млн чалавек насельніцтва, а мы гэтую тэндэнцыю змяншэння не пераламалі. І гэта ў будучыні можа стаць не проста праблемай, а катастрофай. Мы не супраць таго, каб да нас прыяз-джалі і жылі людзі з іншых рэгіёнаў, але ў пераважнай большасці тут павінны жыць беларусы, каб гэтая зямля заўсёды была беларускай. А для гэтага трэба сёння падтрымліваць маці, якія нараджаюць», — лічыць Прэзідэнт.

Новы праект — «Здаровая нацыя»
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў рэалізаваць праект «Здаровая нацыя». У ім будуць наступныя асноўныя раздзелы: «Мабільная медыцына», «Крокавая даступнасць меддапамогі», «Дзень здароўя», «Клапатлівая паліклі-ніка», «Адпачынак для здароўя», «Высокатэхналагічная медыцына ў рэгіёнах».
Што тычыцца апошняга разделу Прэзідэнт адзначыў, што гаворка ідзе пра 12 міжрэгіянальных цэнтраў, якія будуць аснашчаны ўсім неабходным па сталічных стандартах для аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.

Аліна Уладзіміраўна Каляда, вядучы эканаміст па працы ААТ “Айчына”:


— Самае галоўнае, што асабіста я вынесла з Усебеларускага народнага сходу – адказы на пытанні, якія сапраўды хвалююць. Дзяржава і надалей будзе надаваць пільную ўвагу паляпшэнню жыцця людзей. Гэтая мэта будзе дасягацца праз умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу і ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя.
Наш Прэзідэнт падчас УНС яшчэ раз пацвердзіў, што ён сапраўды бачыць і разумее праблемы краіны. Урад распрацоўвае шляхі вырашэння гэтых праблем, і многія з іх абавязкова вырашацца, дзякуючы намечаным арыенцірам на бліжэйшую пяцігодку.