Понедельник, 1 марта 2021

Зімовая непагадзь дадае клопатаў розным службам. Даведаліся, як спраўляюцца з наступствамі электрыкі, дарожнікі і медыкі

317

Як спраўляюцца электрыкі з сюрпрызамі і капрызамі сёлетняй зімы?
Сёлетняй зімой электрыкі знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці пазмагацца з сюрпрызамі, што яна падносіць. У тым ліку і падчас завеі напачатку гэтага тыдня. Але «дапамог» мароз: снег не наліпаў і перабояў з падачай электраэнергіі ў раёне не адбылося. А вось з 26 па 29 студзеня на тэрыторыі Пружанскага раёна не на жарт разгулялася снежная стыхія, якая прынесла з сабой моцныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу. Паколькі тэмпература паветра была каля нуля, адбылося наліпанне снегу на галіны дрэў і правады ліній электраперадач. Падзенні, нахіленні дрэў і галін справакавалі масавыя пашкоджанні на лініях электраперадач, што прывяло да парушэння электразабеспячэння спажыўцоў.


За гэты перыяд у Пружанскім раёне адключалася 17 ліній электраперадач 10 кВ, 263 трансфарматарныя падстанцыі, 69 населеных пунктаў, пяць фермаў і сем кацельняў. Для аператыўнай ліквідацыі наступстваў стыхіі быў задзейнічаны персанал пружанскага, ружанскага, шарашэўскага ўчасткаў электрасетак, групы падстанцый, аддзела збыту энергіі, аўтатранспартнага ўчастка і інш.

Усяго працавала 11 брыгад (61 чалавек) і 15 адзінак тэхнікі.У працэсе ліквідацыі наступстваў непагадзі рамонтна-аднаўленчым брыгадам пад‘ехаць да месцаў аварый перашкаджалі снежныя заносы і паваленыя дрэвы.

Толькі дзякуючы зладжанай рабоце і высокай кваліфікацыі работнікаў філіяла «Пружанскія электрасеткі», атрымалася ў максімальна кароткія тэрміны лакалізаваць пашкоджанні і аднавіць электразабеспячэнне спажыўцоў.
Кацярына ЗУБКО, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі»


Зімовая непагадзь дадала клопатаў дарожным службам
Як расказаў начальнік ДЭУ-25 У.І.Пунько, на адкрытых участках аўтадарог ствараліся сумёты. Там практычна бесперапынна працавала тэхніка.
На дарогах раённага значэння, як паведаміў начальнік ДРБУ-140 А.В.Субота, таксама ствараліся некаторыя праблемы. Асабліва ў тых месцах, дзе праезная частка знаходзіцца ніжэй за мясцовасць, праз якую праходзіць дарога, — Кацёлкі, Труханавічы, Бакуны (Велікасельскія). Месцамі сухі снег настолькі моцна трамбаваўся ветрам, што з сумётамі ледзь спраўляўся грэйдар. У выніку ствараліся цяжкасці з пераадоленнем падобных участкаў рэйсавымі і школьнымі аўтобусамі.
Усяго на аўральных работах было задзейнічана больш за два дзясяткі адзінак тэхнікі. Пасля заканчэння расчысткі на трасу выехалі спецаўтамабілі для пасыпкі пясчана-салянай сумессю.
Не абышлося і без аварыйных сітуацый: на пад’ездзе да в.Слабудка не справіўся з кіраваннем вадзіцель велікагрузнага аўтамабіля. Фура апынулася ў кювеце. Выцягнуць машыну дапамаглі дарожнікі.
Алег СІДАРЭНКА


Прычыны траўмаў — мароз і галалёд
Снег, які на мінулым тыдні змяняўся на дождж, прывёў да ўтварэння галалёду на дарогах і тратуарах. Як вынік — павышаная траўманебяспека. А мароз стаў прычынай халадовых траўмаў.
Як паведаміў галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ А.І.Пачынчык, за дзень у лячэбную ўстанову цяпер звяртаецца ў сярэднім 2-3 чалавекі, у якіх дыягнастуецца галалёдная траўма. На ранак аўторка 13 чалавек з такімі траўмамі знаходзіліся ў траўматалагічным аддзяленні, яшчэ два чалавекі з халадовымі траўмамі праходзяць лячэнне ў аддзяленні хірургіі.
Уладзіслаў ШПАРЛА.