Понедельник, 20 сентября 2021

Супрацоўнікі Пружанскага лясгаса вярнуліся з узнагародамі са спаборніцтваў па лыжных гонках

387

Супрацоўнікі Пружанскага лясгаса паспяхова выступілі на спаборніцтвах па лыжных гонках сярод работнікаў лясной гаспадаркі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
Турнір прайшоў на мінулым тыдні на лыжаролернай трасе аг. Мір Баранавіцкага раёна. Лепшых спартсменаў вызначалі ў трох узроставых групах, пры гэтым жанчынам трэба было пераадолець дыстанцыю ў 1 км, мужчынам – удвая большую.


Пружанскія лесаводы вызначыліся ў індывідуальных гонках.
У групе ад 30 да 39 гадоў не было роўных майстру лесу Лыскаўскага лясніцтва Аляксандру Ляцэвічу.

Лепшым у катэгорыі 40 гадоў і больш стаў пастаянны ўдзельнік падобных спаборніцтваў вальшчык лесу Міхалінскага лясніцтва Сяргей Макарэвіч. Адметна, што трэцяе месца ва ўзроставай групе ад 18 да 29 гадоў заняў яго сын Андрэй, які працуе разам з бацькам.


Пераможцы спаборніцтваў атрымалі кубкі і грашовыя прэміі. Лідары турніру, сярод якіх А.Ляцэвіч і С.Макарэвіч, увойдуць у зборную, якая будзе абараняць гонар вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе работнікаў лясной гаспадаркі. Яе мяркуюць правесці ў сярэдзіне лютага ў Лагойскім раёне.
Уладзіслаў Шпарла.