Воскресенье, 18 февраля 2018

Пружанские цветники украшают Берёзу

1 070

«Сузор’е кветак» раскінулася на тэрыторыі г. Бяроза 18 жніўня. Каманды з усіх гарадоў вобласці сабраліся тут, каб паспрачацца за званне лепшых работнікаў «зялёнага будаўніцтва». Ці трэба сумнявацца, што пружанцы ўжо ў каторы раз упэўнена заявілі: мы — лепшыя! На конкурс адправіліся
два звяны зелянгаса Пружанскага КУВП «Камунальнік»: Наталля Пятравічэне з Вольгай Мартынюк і Любоў Велясевіч з Нінай Нічыпарэнка. Звяны два, а каманда — адна, таму без кіраўніка ніяк. З гэтай роллю, як заўсёды паспяхова, справілася майстар Марыя Кандарэвіч. Усе разам яны без цяжкасцей здабылі першае месца ў другой групе (сярод райцэнтраў). Два кветнікі — «Гараскоп» і «Сялянскія матывы» — не  проста спадабаліся, а захапілі строгае журы сваёй прыгажосцю і незвычайнасцю.

Аб складаемых поспеху  я пытаюся ў саміх пераможцаў.

— Дзяўчаты, адкрыйце сваю формулу поспеху. Ці гэта сакрэт?

— Я такой формулы не ведаю! — усміхаецца Марыя Мікалаеўна. — Галоўнае — гэта жаданне перамагчы і паказаць, што мы — прафесіяналы ў сваёй справе і здольны атрымліваць узнагароды за сваю працу.

— Але ж не ўсё так лёгка, — дадае Любоў Афанасьеўна, якая ўдзельнічала ў конкурсе першы раз. — Многае залежыць ад расады, ад падрыхтоўкі (а мы вельмі добра рыхтаваліся!)… Трэба любіць сваю справу! І мы яе любім. Кожную кветачку сваімі рукамі садзім, глядзім, як яна расце… А яшчэ наш поспех — у дружным калектыве. Ён маленькі, але ўсе адзін за аднаго.

— Адкуль ідэя клумбаў «Гараскоп» і «Сялянскія матывы»?

— Мы ўсе разам сядзелі і стваралі іх макеты, — прызнаецца Вольга Аляксандраўна. — Адна скажа, другая падхопіць, трэцяя сваё дабавіць. Такім чынам і з’явіліся на свет дзве гэтыя незвычайныя клумбы.

— Гэта напамінала гульню ў асацыяцыі: галоўная тэма — сяло, а далей — каму што на розум прыходзіць. А як неабходныя дэталі шукалі! Усіх знаёмых абышлі ў пошуках паламанага каша, непатрэбнага абутку. А пакуль воз выбіралі, столькі часопісаў пераглядзелі! Каля 20 мадэлей вазоў знайшлі, пакуль выбралі тое, што нам спадабалася, — майстар не стрымлівае сваіх эмоцый.

— Затое якія вынікі! — усміхаецца Любоў Афанасьеўна. — Да нашай клумбы столькі людзей падыходзіла, каб  сфатаграфавацца. Асабліва з дзецьмі. Усім вельмі спадабалася!

— Мабыць, у такой справе трэба мець добрую фантазію?

— Безумоўна, — згаджаецца Любоў Афанасьеўна. — Але галоўная не толькі ідэя ці кампазіцыя. Важна пасадзіць кветкі і раскласці дэкаратыўныя элементы так, каб гэтая кампазіцыя гля-дзелася, каб было зразумела, што яна адлюстроўвае.

— Каб было падобна на тое, што задумана, — дадае Вольга Аляксандраўна.

— Кветкі — гэта радасць, жыццё, афарбаванае ў розныя колеры. Ці дапамагаюць яны вам спраўляцца з дрэнным настроем і з унутранымі перажываннямі?

— Я думаю, што, калі працуеш з кветкамі, дрэнны настрой трэба пакідаць дома, — упэўнена Любоў Афанасьеўна. — Не варта паказваць свае перажыванні на рабоце і марнаваць калегам настрой. А кветкі, безумоўна, дапамагаюць пераадолець цяжкасці.

— Безумоўна, — пацвярджае і Марыя Мікалаеўна. — На кветкі можна глядзець бясконца, здзіўляцца іх незвычайнай прыгажосці, створанай разам чалавекам і прыродай. Асабліва падабаюцца мне ружы…

— А не хочацца пасля таго, што пабачылі і стварылі на конкурсе, зрабіць нешта падобнае ў сваім горадзе?

— Нам вельмі хочацца, каб у горадзе было прыгожа, — адказвае Вольга Аляксандраўна, — каб жыхары радаваліся, ідучы па яго вуліцах. Мы ж і самі тут жывем, і калі прыгажосць у нашых руках, чаму б не падзяліцца ёю.

— Удзел у конкурсе стымулюе ствараць у родным горадзе хараство, каб было не горш, чым у Мінску, каб людзі, наведваючыя горад, ад чыстага сэрца казалі: «Як прыгожа!», — дадае Марыя Мікалаеўна. — Вельмі здорава было б, каб і ў Пружанах прайшоў такі ж конкурс, каб людзі паглядзелі, як могуць выглядаць кветнікі і клумбы, створаныя рукамі і фантазіяй спецыялістаў з розных гарадоў.

Мы размаўлялі нядоўга, жанчыны разышліся па сваіх справах: работы ў іх хоць адбаўляй! І ў цяпліцы, і на кветкавых газонах. Яны размаўляюць на адной мове. Нездарма словы «жанчына» і «кветка» называюць сінонімамі.

Алеся Шумовіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *