Четверг, 28 марта 2024

Ураджэнец вёскі Андрыянаўка Аляксандр Разанка атрымаў званне акадэміка Санкт-Пецярбургскай акадэміі шахматнага і шашачнага мастацтва. Пра цікавы від спорту і не менш цікавага чалавека чытайце ў нашым матэрыяле

534

Праглядаючы неяк беларускую прэсу, я знайшла ў адной з газет сціплую інфармацыю ў некалькі радкоў: “Беларускія майстры шашачнай кампазіцыі Аляксандр Разанка і Віктар Шульга атрымалі званні акадэмікаў прэстыжнай Санкт-Пецярбургскай акадэміі шахматнага і шашачнага мастацтва”. Першае прозвішча было знаёмым: некалькі гадоў таму ў “раёнцы” з‘явілася грунтоўная публікацыя пра Аляксандра Разанку — нашага земляка. Ды толькі той быў паэт, а гэты – акадэмік…


Але аказалася, што гэта адзін і той жа чалавек, ураджэнец вёскі Андрыянаўка, што прытаілася паміж Роўбіцкам і Сухопалем. На жаль, прыехаць цяпер на малую радзіму з-за каранавіруса ў яго не атрымліваецца. На шчасце, сучасныя сродкі сувязі дазваляюць і на адлегласці паглядзець адзін аднаму ў вочы і на шчырасць размовы не ўплываюць.

– Аляксандр Аляксандравіч, напэўна, пачнем з Пружаншчыны?
– Нарадзіўся я ў вёсцы Андрыянаўка, у шматдзетнай сям’і. Там прайшло дзяцінства, там скончыў пачатковую школу. У пяты клас пайшоў у суседнюю вёску Сухопаль. Апрача вучобы, меў шмат захапленняў: яшчэ да школы навучыўся гуляць у шахматы, потым асвоіў гармонік, іграў на ім, седзячы на лаўцы ля хаты, нядрэнна маляваў.
Але менавіта музыка ўзняла мяне на новую прыступку ў жыцці. Старэйшы брат адвёз у Пружаны, дзе я паступіў у дзіцячую музычную школу. Гэта толькі дабавіла клопату сям’і: ездзіць за 30 кіламетраў некалькі разоў на тыдзень 12-гадоваму хлопчыку было вельмі цяжка. Нехта падказаў, што можна паступіць у Пружанскую школу-інтэрнат. Даведаўшыся, што я са шматдзетнай сям’і, круглы выдатнік і ўжо іграю на гармоніку, дырэктар школы В.М.Зелянькевіч згадзіўся прыняць мяне ў лік выхаванцаў.
Так і пачаўся новы этап у біяграфіі. Я і тут вучыўся на “выдатна”, запісаўся ў розныя гурткі па інтарэсах. Хутка пачаў выступаць ужо з баянам на школьнай сцэне. У музычнай школе мяне ўключылі ў склад аркестра народных інструментаў, мы ездзілі па раёне з канцэртамі. Усё гэта спрыяла развіццю і станаўленню адносінаў да жыцця, захапленняў. У гэтай школе я спазнаў асновы літаратурнай творчасці, графічнага дызайну, афармляў сценгазеты і рукапісныя часопісы літаратурнага гуртка, удзельнічаў у розных алімпіядах і конкурсах.

– Пры такім шырокім спектры інтарэсаў цяжка выбраць адзін жыццёвы напрамак. Чаму Вы не пайшлі па музыкальнай сцяжынцы?
– Музыка на ўсё жыццё – гэтага я не хацеў. Настаўнікі ў школе лічылі, што найбольш шанцаў і здольнасцяў маю ў галіне літаратуры і журналістыкі. Мяне самога яны захаплялі. Але ў дзясятым класе нечакана захацелася паўдзельнічаць у раённай алімпіядзе па фізіцы. Скончылася гэта тым, што мы з сябрам перамаглі ў раённым этапе, потым я стаў адным з пераможцаў абласной алімпіяды і ў складзе каманды Брэсцкай вобласці ўдзельнічаў ва ўсесаюзнай.
Калі праз нейкі час прыехаў у Мінск падаваць дакументы на факультэт журналістыкі, аказалася, што верагоднасць паступіць з-за вялікага конкурсу вельмі невысокая. І тут я ўспомніў пра сваё пасведчанне ўдзельніка ўсесаюзнай алімпіяды і пабег у радыётэхнічны інстытут (цяпер БДУІР). Дарэчы, уступныя экзамены здаваў як і ўсе, ніякіх ільгот не было, але паступіў у інстытут без праблем.
На гэтым мой пружанскі этап жыцця скончыўся. Я перабраўся ў Мінск, дзе жыву і цяпер. Але сваю школу не забываў, заўсёды, наведваючы малую радзіму, забягаў туды, сустракаўся з былымі выпускнікамі, настаўнікамі. Цяпер гэта стала рабіць цяжэй – і школа змянілася, і я пастарэў…

– Ну, а дзе шашкі? Вы ж, як разумею, узнесліся на верх прызнання менавіта ў гэтай галіне.
–Вучоба ў інстытуце давалася цяжэй, чым у школе. Я вельмі стараўся, бо вучыўся для сябе, а не для кагосьці, але да чырвонага дыплома трошкі не дацягнуў. Больш за тое, на апошнім курсе закахаўся, і з сэрца зноў, нібы ручай, пацяклі лірычныя вершы.
Але неяк, праходзячы каля газетнага кіёска, убачыў часопіс “Шашкі”. “Цікава, што можна пісаць пра гэтую простую гульню?” – падумалася мне. Усё ж купіў адзін нумар. Адразу накінуўся на пазіцыі ў канцы часопіса, рашыў некалькі канцовак і эцюдаў. А вось да задач не мог ніяк падступіцца. Я ж тады зусім не разбіраўся ў жанрах кампазіцыі і іх законах, але, як чалавек азартны, не мог прызнаць сваё паражэнне. І пры з’яўленні на прылаўку наступнага нумара часопіса адразу ж накінуўся на адказы да тых задач. Мяне настолькі ўразіла нечаканасць і прыгажосць камбінацый, хітрыкі гульнявых прыёмаў, што я ўлюбіўся ў шашкі больш, чым у дзяўчыну.
Канечне, часопіс выпісаў неадкладна і хутка “захварэў” шашкамі. І гэтая “хвароба” са мной усё жыццё. Захапляюся не проста гульнёй, а такім інтэлектуальным відам спорту, як стварэнне шашачных кампазіцый. Тут сапернікаў няма. Сам па сабе бярэш камплект шашак, дошку і расстаўляеш на ёй нейкую штучную пазіцыю, з якой трэба выканаць пэўнае заданне, напрыклад: “Белыя пачынаюць і выйграюць”. Пазіцыя павінна быць падобная да гульнявой, а спосаб выйгрышу – адзіным, нечаканым, камбінацыйным. Чым больш у гэтым рашэнні нечаканай прыгажосці, так званай гульнявой эстэтыкі, тым вышэй ацэньваецца якасць кампазіцыі.
Эцюд адрозніваецца тым, што на дошцы прысутнічае не больш за чатыры шашкі з кожнага боку, і выйгрыш ці нічыя для белых забяспечваецца не камбінацыяй, а хітрай, нечаканай і дакладнай пазіцыйнай гульнёй. Для складання такіх кампазіцый патрабуецца менш творчай фантазіі, а больш дакладнага разліку хадоў. Але найбольш складаным і прыгожым жанрам, на мой погляд, з’яўляюцца задачы.


– Не сумняваюся, што Вы выбралі сабе менавіта гэты жанр.
– Так! На першых кроках шашачнай творчасці былі спробы пранікнуць ва ўсе віды кампазіцыі. Я склаў некалькі эцюдаў, нават апублікаваў іх. Затым паспрабаваў свае сілы ў канцоўках, нават стаў адзін раз чэмпіёнам Беларусі. Некалькі маіх канцовак увайшло ў сучасныя электронныя базы гэтага жанру.
Але самым “цвёрдым арэхам” кампазіцыі аказаліся задачы. Іх складаць вельмі цяжка, але ў іх закладваецца столькі прыгажосці, столькі цікавых камбінацый, незвычайных гульнявых прыёмаў, што загарэўся менавіта гэтым жанрам.
Маімі трэнерамі сталі вядомыя ў той час майстры Г.Далідовіч і М.Пустыннікаў. Першая мая аўтарская задача з’явілася ў 1978 годзе. І з таго часу я стаў актыўна ўдзельнічаць у спаборніцтвах па кампазіцыі ў жанры задач, неаднаразова быў пераможцам і прызёрам шэрагу рэгіянальных конкурсаў і першынстваў. І нарэшце ў 1983 годзе стаў віцэ-чэмпіёнам СССР.
У 1984 годзе атрымаў званне майстра спорту СССР. З гэтага часу да мяне пачалі ставіцца больш сур’ёзна, уключылі ў склад камісіі па кампазіцыі Беларускай федэрацыі шашак. Адным словам, вырас як шашачны кампазітар і дзеяч гэтага віду спорту.

– Я так разумею, што шашкі ў гэты перыяд не былі Вашай прафесіяй, а толькі актыўным захапленнем.
– Пасля вучобы мяне пакінулі працаваць на той жа кафедры, дзе пісаў дыпломную работу. Я пачаў займацца навуковай дзейнасцю ў галіне мікраэлектронікі і марыў аб дысертацыі. Але праз год прызвалі ў рады Савецкай арміі. Служыў я лейтэнантам (у інстытуце была ваенная кафедра) спачатку некалькі месяцаў у Казахстане (г.Акцюбінск), а потым перабраўся ў Якуцію, у пасёлак Ціксі, што на беразе мора Лапцевых, быў інжынерам на вузлавой станцыі трапасфернай радыёсувязі. Работа была цяжкай, адказнай, я б сказаў, нават суровай. Праз нас праходзілі каналы сувязі нават з касманаўтамі на арбіце. Палярныя ночы, суровыя завірухі па некалькі дзён не дабаўлялі жыццёвага натхнення, але ўсё ж калі-нікалі дакранаўся душой і розумам да шашачнай і літаратурнай творчасці.
Увогуле за гады ваеннай службы на Крайняй Поўначы я набыў даволі багаты жыццёвы вопыт, ажаніўся, вярнуўся ў Мінск з малым дзіцем на руках… Працаваць вярнуўся ў свой родны інстытут, на кафедру інжынернай графікі, дзе выкладаў асновы начартальнай геаметрыі і тэхнічнага чарчэння. Атрымаў званне дацэнта, напісаў падручнік для студэнтаў. Адзінае, што змянілася ў маім жыцці, — гэта тое, што стала менш цягнуць да паэтычнай творчасці. А вось шашачнае захапленне ўсталявалася, як аказалася, надоўга.
У сярэдзіне 90-х гадоў у маім жыцці адбыўся яшчэ адзін віраж – нечакана запрасілі на работу ў інстытут крыміналістыкі і судовых экспертыз. Работа была вельмі складаная і адказная, але для мяне, як чалавека азартнага, вельмі цікавая. У тыя гады нават на шашачныя захапленні часу не хапала. Але праз пяць гадоў зноў вярнуўся на сваю родную кафедру, дзе і працаваў да самай пенсіі.

–Вось Вы расказалі пра свае спартыўныя дасягненні. Сталі майстрам спорту, маглі, мусіць, яшчэ вышэй узняцца, напрыклад, стаць гросмайстрам. Але за гэта званне акадэміка не прысвойваюць. Чым жа Вы яго заслужылі?
– Шашачную кампазіцыю можна разглядаць па-рознаму. Складанне прыгожай задачы – своеасаблівае мастацтва. Удзел складзеных твораў у конкурсах і спаборніцтвах — гэта ўжо спорт. Але, каб гэты спорт з мастацтвам жылі і развіваліся, трэба, каб нехта яго падтрымліваў, распаўсюджваў, прапагандаваў. У рэшце рэшт я пачаў судзіць спаборніцтвы па кампазіцыі рознага ўзроўню. У тым ліку сярод іх было чатыры чэмпіянаты свету. У 2017 годзе атрымаў ганаровае званне міжнароднага арбітра па шашачнай кампазіцыі.

– Цікава, што ўваходзіць у абавязкі суддзі?
– Калі казаць коратка, то суддзя глыбока ўнікае ва ўсе тонкасці рашэння, знаходзіць як станоўчыя, так і адмоўныя якасці кампазіцыі, складае характарыстыку твора і ацэньвае яго. Вось якраз у гэтым аспекце мне ўдалося падняцца да пэўных вышынь. Думаю, што не апошнюю ролю ў гэтым сыграла захапленне літаратурай і журналістыкай, а таксама нейкі вопыт па фарміраванні заключэнняў эксперта ў судовых справах.

– А хто прымаў рашэнне аб вылучэнні Вас да гэтай узнагароды?
– Як ні дзіўна, але рашэнне вылучыць мяне на прысваенне звання акадэміка прынялі ў Адэсе, а прысвоілі гэтае самае званне ў Санкт-Пецярбургу. Справа ў тым, што ў апошнія гады я прымаў актыўны ўдзел у выданні серыі адэскіх кніжак па шашках. У іх друкаваліся мае расказы пра шашачных кампазітараў, а таксама публікаваліся судзейскія справаздачы па чэмпіянатах свету. А чаму Санкт-Пецярбург? Таму што менавіта там існуе адзіная ў свеце Акадэмія шахматных і шашачных мастацтваў, якая сочыць за падзеямі ў сферы гэтых відаў спорту і падтрымлівае тых, хто спрыяе іх развіццю.

– Аляксандр Аляксандравіч, а ці былі ў Вашым жыцці яшчэ якія-небудзь захапленні, апрача шашак?
– Пра музыку і літаратуру я ўжо казаў. У канцы 90-х і пачатку “нулявых” гадоў, калі ў шашачнай кампазіцыі назіраўся застой, сваім мазгам я застойвацца не даў – уключыўся ў спаборніцтвы па рашэнні спартыўных крыжаванак і галаваломак (ёсць і такія!).
У выніку двойчы выходзіў у фінал чэмпіянату Расіі па рашэнні красвордаў, удзельнічаў у фінале кубка Расіі. Дарэчы, усе тры разы быў адзіным прадстаўніком нашай Беларусі.
Пазней арганізаваў красвордную каманду, якая актыўна ўдзельнічала ў адкрытым чэмпіянаце Украіны па красвордзе. Пры гэтым мы тройчы станавіліся чэмпіёнамі краіны-суседкі. Аднойчы я нават стаў пераможцам конкурсу па рашэнні галаваломак, які праводзіла адна з маскоўскіх газет. І ведаеце, які прыз мне дастаўся? Удзел у гульні “Поле цудаў” на Расійскім тэлебачанні! Гэта была вельмі яскравая падзея ў жыцці, да гэтага часу ўспамінаю яе.
Гутарыла Ірына СЯДОВА.

P.S.На мінулым тыдні Аляксандр Аляксандравіч Разанка адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Ад шчырага сэрца віншуем з гэтай датай і жадаем здароўя, творчага натхнення і доўгіх актыўных гадоў у свеце людзей і шашачных кампазіцый!