Понедельник, 20 сентября 2021

У касцёл Святой Тройцы перададзена ўнікальная ікона святой велікамучаніцы Барбары. Пачытайце гісторыю яе стварэння

409

Здаецца, у тую нядзелю нават прырода рыхтавалася да ўрачыстасці. Зіма накрыла зямлю белым покрывам, а мароз з кожнай гадзінай толькі мацнеў, як бы сцвярджаў, што і вера павінна быць моцнай і трывалай. Касцёл Святой Тройцы ў Ружанах сустрэў ва ўсёй сваёй велічы. Мы прыехалі якраз тады, калі са званіцы на імшу вернікаў клікала святочная калядка. “Анёлы, заспявайце! Зайграйце, пастушкі! Паклон Яму аддайце, Валадару зямлі!” – разлівалася чароўная мелодыя па наваколлі. І ў гэты час сонейка неяк па-асабліваму асвяціла бакавую каплічку, названую ў гонар святой Барбары. У касцёле з гісторыяй даўжынёй у пяць стагоддзяў было сапраўднае свята: сюды прыехала ікона глыбокапаважанай велікамучаніцы.

Як стваралася святыня
Два гады таму ў ружанскі касцёл завітаў мужчына (ён захацеў застацца ананімным), які вырашыў пазнаёміцца з мясцовым ксяндзом і даведацца, як можа дапамагчы святыні. Пасля размовы было вырашана: перш за ўсё, трэба пафарбаваць будынак і агароджу вакол храма. Затым былі заменены вокны і праведзена гідраізаляцыя. Падчас аднаго з візітаў ксёндз Януш Пуліт прапанаваў мецэнату ўзяць на памяць невялічкую брашурку з фотаздымкамі і гісторыяй касцёла. У ёй мужчына прачытаў пра капліцу св. Барбары, размешчаную справа ад касцёла і ўзведзеную ў 1787 годзе намаганнямі князя Аляксандра Сапегі. І ў той момант быццам голас з неба падказаў: у ружанскім касцёле павінен з’явіцца свой абраз, які будзе бараніць вернікаў ад бед і няшчасцяў, і стаць ім павінна менавіта ікона святой Барбары.


Заказ на яе стварэнне паступіў знакамітаму брэсцкаму мастаку-ювеліру, заслужанаму дзеячу мастацтваў, аўтару адноўленага Крыжа Еўфрасінні Полацкай і ракі для нятленных мошчаў гэтай святой Мікалаю Кузьмічу. Работа заняла восем месяцаў. Ікона выканана ва ўнікальнай тэхніцы старажытнавізантыйскай эмалі. Аснову абраза складаюць вельмі тонкія залатыя пласцінкі. З імі адбыўся своеасаблівы цуд: мастак расказвае, што спачатку яны ўвесь час лопаліся, і толькі пасля таго, як майстар памаліўся і пачаў вывучаць жыціе велікамучаніцы Барбары, праца пайшла, як па масле.
Памер іконы – 20 на 30 сантыметраў, вага – 700 грамаў. Да абраза прыкладаецца тэхпашпарт з падрабязным апісаннем. Але самае галоўнае, па словах прыхаджан, не матэрыял, з якога зроблены абраз, а яго неймаверная сіла, якую адчуваюць вернікі.

“Яна была там, дзе найбольш палыхала…”
Абраз св. Барбары брэсцкі ювелір завяршыў акурат да леташняга каталіцкага Вялікадня. Хіба гэта таксама не цуд? Першым месцам, куды адправілася ікона, стаў віцебскі касцёл, які носіць імя велікамучаніцы. Там яна была асвечана біскупам Алегам Будкевічам.
Святая Барбара і ў праваслаўных, і ў каталікоў лічыцца сімвалам нязломнасці веры: сама велікамучаніца загінула ад мяча ўласнага бацькі, але да самай смерці не адступілася ад хрысціянства. Пэўна, таму ёй моляцца тыя, каго ахоплівае смутак і роспач. Моляцца цяжарныя жанчыны, просячы, каб роды прайшлі добра, а ў сям’і панаваў спакой. А яшчэ да святой звяртаюцца з просьбай аб здароўі і лёгкай смерці. І Барбара чуе малітвы: Залатаверхі Міхайлаўскі манастыр у Кіеве, у якім раней захоўваліся яе мошчы і дзе манахі і ўдзень, і ўначы маліліся велікамучаніцы, абмінула пяць эпідэмій чумы… Таму, калі Беларусь сутыкнулася з сусветнай “чумой” – каранавірусам, – ікона пачала падарожжа па краіне.
“Нібыта выратавальніца святая Барбара наведвала храм за храмам, каб выслухаць і пачуць малітвы людзей і, канечне ж, дапамагчы. Ікона паспела пабываць у цэрквах і касцёлах Стоўбцаў і Навагрудка, Ліды і Бабруйска, Магілёва і Жлобіна, многіх іншых населеных пунктаў. Словам, Барбара была там, дзе палыхала, і з тымі, хто меў у ёй патрэбу”, — успамінае пілігрымку мецэнат, якому прыйшла думка пра стварэнне абраза.

Барбара застанецца ў Ружанах
І вось нарэшце ікона прыехала ў касцёл, для якога стваралася. З нагоды прыбыцця святыні правялі ўрачыстую імшу. Аўтару ідэі і мецэнату ружанскага касцёла шчыра дзякавалі настаяцель храма, ксёндз Януш Пуліт, а таксама дэкан Пружанскага рымска-каталіцкага дэканата, настаяцель касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе, ксёндз Уладзімір Буклярэвіч.


Словы падзякі прагучалі і ад прадстаўнікоў раённай улады, і ад вернікаў, якія адразу пасля імшы паспяшаліся падысці да іконы. У той момант здавалася, што святая Барбара нібыта вітаецца з кожным – тым, хто страціў надзею; тым, хто ўчора плакаў або смяяўся; тым, хто шчыра верыць, а таму чакаў ікону ў сваім храме і нарэшце дачакаўся яе…

12 паясоў – 12 ікон
Яшчэ адна асаблівасць іконы св. Барбары ў тым, што з адваротнага боку на ёй размяшчаецца своеасаблівы абярэг, аналаг знакамітага слуцкага пояса. Аўтар ідэі стварэння абраза падзяліўся са мной яшчэ адным цудам. Аказваецца, паясы ткала адна з майстрых у Барысаве. Жанчына працавала вельмі старанна да самага закрыцця фабрыкі і паспела зрабіць дванаццаць паясоў. Мецэнат ружанскага касцёла ўпэўнены: гэта таксама знак звыш. Калі мужчына даведаўся пра колькасць паясоў-абярэгаў, якая супадае з колькасцю апосталаў, вырашыў, што і ікон павінна быць дванаццаць.
Дарэчы, другая ўжо амаль гатова. Раскрыем некаторыя падрабязнасці: абраз будзе называцца “Маці Божая “Уладарка лясоў”. На ім таксама можна будзе ўбачыць выяву пружанскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, для якога і робіцца ікона.
Добрая і светлая справа мужчыны, які пажадаў застацца невядомым, абавязкова запомніцца. Запомніцца вернікам, якія будуць маліцца перад абразамі, святарам, якія абавязкова парадуюцца, калі гэтыя малітвы будуць пачуты, простым людзям, якія, магчыма, выпадкова трапяць у храм і здабудуць веру.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.