Воскресенье, 5 декабря 2021

Уласная кватэра за 80 рублёў у месяц? Магчыма!

1 107

Не бывае такіх людзей, у каго кожны пражыты год не пакідае ўспамінаў. Добрыя ці дрэнныя, вясёлыя або сумныя, тыя, што надаюць аптымізму, і тыя, што непакояць. А яшчэ бываюць такія, што літаральна ўзрушваюць жыццё, падзяляючы яго павольную плынь на дзве часткі — «да» і «пасля».
Як гэта адбылося ў шматдзетнай сям’і Гержый, для якой 2020-ы стаў сапраўды пераломным.
Каля дзесяці гадоў таму Марыя і Ігар узялі шлюб. Першым «дахам над галавой» стаў інтэрнат. Спачатку маладыя думалі, што гэта жыллё не надоўга, але год праходзіў за годам, а шанцаў змяніць жыллёвыя ўмовы не было. У інтэрнаце нарадзіўся Уладзіслаў, а праз год — Арцёмка.
— Калі чатыры гады таму ў нас нарадзіўся трэці сын — Ільюша, то ўпяцярых у двух інтэрнатаўскіх пакойчыках агульнай плошчай каля 15 «квадратаў» стала ўжо вельмі цесна,— расказвае Марыя Славаміраўна.

Першы крок да ўласнага жылля
Напрыканцы 2019 года шматдзетных бацькоў запрасілі ў райвыканкам, дзе расказалі пра дзяржаўную падтрымку такой катэгорыі сем’яў згодна з Указам №240 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як прызнаюцца Ігар і Марыя, спачатку засмуціла слова «крэдыт», бо сумеснае жыццё яны імкнуліся ладзіць без усялякіх пазык, разлічваць толькі на ўласныя сілы. Але прадстаўнікі раённай улады патлумачылі ўсе асаблівасці дзяржаўнага крэдытавання, у прыватнасці, для сем’яў, дзе выхоўваюць трох-чатырох дзяцей.

— На тым жа агульным сходзе, на які запрасілі ўсе шматдзетныя сем’і, што стаялі на ўліку як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, нам сказалі, што для нашай катэгорыі грамадзян плануецца ўзводзіць шматпавярховы дом па вуліцы Кастрычніцкай, на месцы былога бальнічнага саду,— расказвае Ігар Юр’евіч.— А таксама запыталі, кватэру на колькі пакояў мы жадаем будаваць.


Для афармлення пазыкі і атрымання дзяржаўнай дапамогі неабходна было сабраць некалькі даведак — з агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці, аб сямейных даходах і іншыя. На гэта было выдаткавана… 2 дні, і тое без усялякай напругі і чакання ў чэргах. Ва ўсіх установах, куды звярталіся Марыя і Ігар, спецыялісты добра разумелі, што патрэбна, і ніякіх затрымак не здарылася. У дадатак была праверана крэдытная гісторыя атрымальнікаў пазыкі, і, зыходзячы з узроўню даходаў, абумоўлена, што сям’і Гержый патрэбна адшукаць двух паручыцеляў.


Акрамя таго, будучых навасёлаў азнаёмілі з праектам, паказалі, як будзе выглядаць планіроўка кватэр. А таксама дапамаглі вызначыцца з фінансавым пытаннем. Некаторых палохае тое, што пазыка ўскладваецца на плечы шматдзетнай сям’і ажно на два дзесяцігоддзі, але пры больш падрабязным разгля-дзе аказалася, што ўсё не так страшна.


— З моманту адкрыцця крэдытнай лініі нам, як атрымальнікам пазыкі, неабходна выплачваць працэнты — прыкладна 60 рублёў у месяц, — кажа гаспадар. — А праз год і 9 месяцаў пачнецца выплата па асноўным доўгу: на будаўніцтва кватэры мы дадаткова выкарысталі сямейны капітал, з-за чаго агульная сума павялічыцца яшчэ прыкладна на 20 рублёў. Вось і атрымліваецца, што займець прасторную трохпакаёвую кватэру з усімі зручнасцямі і рамонтам за 80 рублёў у месяц — не вялікі цяжар для сямейнага бюджэту.

Мары здзяйсняюцца не толькі пад Новы год
Будаўніцтва дома пачалося восенню 2019 года, і летам наступнага пяціпавярхоўку здалі ў эксплуатацыю. І ўсё роўна, як прызнаюцца Гержыі, яны да апошняга не верылі, што жыццё можа змяніцца карэнным чынам, пакуль не атрымалі ключы ад сваёй кватэры. Засяліліся ў яе шчаслівыя навасёлы ў жніўні.


Па жэрабі, якое выцягнуў галава сям’і, атрымалася кватэра на пятым паверсе. Першыя дні было нязвыкла глядзець на свет з такой вышыні, але прывыклі хутка. Запомнілася, як адрэагавалі дзеці на тое, што цяпер дзіцячы пакой па плошчы будзе роўным абодвум інтэрнатаўскім: старэйшыя ў адзін голас ускрыкнулі «Крута!», і ўсе разам пабеглі глядзець на такую прастору.

Зараз хлопчыкі абжыліся і нават не ўспамінаюць, як туліліся ўтрох на шасці квадратных метрах. А дарослыя нарэшце зразумелі, што мары ўсё-такі здзяйсняюцца.


Асабліва прыемна было адзначаць першы Новы год у сваёй кватэры, куды запрасілі родных і дзе хапіла месца ўсім, каб сабрацца разам за святочным сталом ды ўзняць бакалы пад бой курантаў.

За час, які прайшоў з наваселля, сям’я Гержый прывыкла да новага жылля. Прызнаюцца, што сталі заўважнымі некаторыя недахопы, але яны здаліся дробяззю ў параўнанні, напрыклад, з кухняй плошчай у 10 «квадратаў».


Выхад на балкон праекціроўшчыкі зрабілі разумна: не з пакояў, а з кухні. У бацькоўскай спальні хапіла месца для мэблевага гарнітура.
Нямала прасторы пакінута і на санітарныя пакоі: у ваннай лёгка размяс-цілася ажно дзве пральныя машыны-аўтаматы, а ў туалеце ўстаноўлены асобны рукамыйнік, і яшчэ засталося месца на навясныя шафкі.


Увогуле дом атрымаўся даволі цёплым, а вось з прылеглай тэрыторыяй, на думку гаспадароў, праекціроўшчыкі крыху «намудрылі».


— Мы маем сваю машыну, і добра, што побач з домам ёсць прасторная стаянка. Але з-за яе, нажаль, дзіцячую пляцоўку, зладзілі якраз паміж дамамі і цяпер там заўсёды гуляюць скразнякі. Хаця добраўпарадкаванне выканана на вышыні, не зэканомілі і на вулічным асвятленні, зрабілі тратуары, што толькі з лепшага боку выдзяляе наш мікрараён на фоне іншай гарадской забудовы — упэўнены шматдзетныя бацькі.


Адзначылі мае суразмоўцы і тое, што раён для забудовы ў плане сацыяльнай інфраструктуры выбраны ўдала: паблізу знаходзяцца дзве школы, два дзіцячыя садкі, прадуктовыя і прамысловыя магазіны, зручнае транспартнае абслугоў-ванне. Цяпер шматдзетная сям’я будуе планы па набыцці мэблі, камфортным уладкаванні пакояў, а таксама — запрашэнні гасцей да сябе, ва ўласную кватэру.
— І, калі так складзецца лёс,— усміхаюцца Ігар і Марыя,— можна ў дадатак планаваць павелічэнне сваёй сям’і.

Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады:
Галоўная мэта наступнай пяцігодкі — забеспя-чэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі. Сярод прыярытэтаў — умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара.