Понедельник, 1 марта 2021

Бычок па мянушцы Жучок і іншыя падарункі ад «раёнкі» (+відэа)

672

Ох, і тыдзень выдаўся ў рэдакцыі! Толькі ўявіце: акрамя штодзённых клопатаў па падрыхтоўцы новых нумароў да друку, мы раздалі
(а некаторыя даставілі да самага ганка дома) больш за 40 падарункаў для нашых чытачоў. А яшчэ наведалі самых удачлівых з нашых падпісчыкаў – сям’ю Шпарла з Вялікага Сяла і пазнаёміліся з іх новым гадаванцам — чорным бычком па мянушцы Жук, які стаў суперпадарункам ад рэдакцыі «Раённых будняў».

Паспытаць удачу з сямі тысяч нашых падпісчыкаў вырашыла 832 чалавекі. Найбольш з іх — 335 — жыхары райцэнтра. На гэты раз пашчасціла 18 гараджанам. І, як мы ўжо ўбачылі пры ўручэнні падарункаў, усе яны нашы шматгадовыя сябры.

Напрыклад, Галіна Яўгенаўна Міхеева і члены яе сям’і неаднаразова станавіліся героямі нашых публікацый, а сын Дзмітрый нават атрымліваў «салодкія» падарункі за перамогі ў нашых фотаконкурсах. На старонках газеты мы неаднаразова пісалі і пра Галіну Дзмітрыеўну Завіжэнец. Да таго ж, жанчына на працягу многіх гадоў не проста збірае самыя цікавыя матэрыялы “раёнкі”, а і раскладвае іх па спецыяльных папках згодна з тэматыкай.


Другімі па актыўнасці сталі падпісчыкі з аграгарадка Лінова — 47 удзельнікаў, дваім з якіх пашчасціла. У выдатным настроі за «салодкім» падарункам да нас завітаў Мікалай Мікалаевіч Курыловіч:


— Многія сябры і суседзі таксама вельмі любяць вашу газету, а вось у конкурсе ўдзельнічаць не захацелі, маўляў, не з нашым шчасцем. З мяне нават жонка пасмейвалася, што я малюнак збіраў ды клеіў. Затое цяпер не толькі буду ў курсе раённых навін, а яшчэ і пачастуюся ласункамі!


А вось вёска Чапялі была прадстаўлена толькі трыма ўдзельнікамі. І двум з іх усміхнулася ўдача! Адна з іх — стараста вёскі Людміла Іванаўна Абрамчык. Жанчына неаднаразова дасылала ў рэдакцыю свае допісы, якія займалі сваё месца на газетных старонках. Як і многія нашы шматгадовыя падпісчыкі, яна чытае газету ад першай старонкі да апошняй, але асаблівую ўвагу аддае тым артыкулам, дзе расказваецца пра дабрачыннасць і дапамогу.


Атрымалі падарункі і дзве жыхаркі Муравы — Алена Мікалаеўна Хоміч і Ірына Іванаўна Кузьміч.

Алена Мікалаеўна прызнаецца, што пачала знаёмства з “раёнкай” у свой першы працоўны дзень на Пружаншчыне і вось ужо больш за 20 гадоў не здраджвае выданню.

Хочацца, каб спраўдзілася пажаданне Ірыны Іванаўны, якая выказала пажаданне, каб у хуткім часе сярод падарункаў былі нават кватэры і аўтамабілі.


Яшчэ адна наша пастаянная чытачка — жыхарка Шарашэва Таццяна Аляксандраўна Фасевіч (дарэчы, ад гарадскога пасёлка было 35 удзельнікаў конкурсу) летась была адзначана падзякай ад Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. І, зразумела ж, стала гераіняй нашага артыкула. Прыемны сюрпрыз чакаў яе і сёлета: атрымала «мясны» падарунак.

Такі ж дастаўся яшчэ адной жыхарцы Шарашэва Таццяне Рыгораўне Кацко, якая сваю ўдачу, нягледзячы на тое, што ў падобным конкурсе ўдзельнічала ўпершыню, палічыла выдатнай нагодай для таго, каб сабраць усю сям’ю за адным сталом.

Вялікая сям’я Шпарла з Вялікага Сяла, безумоўна, таксама збярэцца разам у бліжэйшы час. Найперш, каб задаволіць цікавасць пяці ўнукаў, якія з мінулай суботы пытаюць у бабулі з дзядулем, калі ж яны ўжо ўбачаць бычка?! Дарэчы, і самі гаспадары толькі ў суботу, пасля таго, як атрымалі ад паштальёна нумар “раёнкі”, нарэшце паверылі, што сапраўды сталі ўладальнікамі галоўнага падарунка. (Заўважым, што на яго прэтэндавала 422 чалавекі з ліку тых, хто падпісаўся на газету на паўгоддзе).

Тэлефанаванне з рэдакцыі прыемна здзівіла, але Ганна Трафімаўна і Мікалай Барысавіч не маглі паверыць у сваё шчасце. А вось друкаванаму слову паверылі адразу. З самай раніцы сям’я прымала віншаванні ад родных і суседзяў.


Чорны бычок Жук трапіў у даволі вялікую гаспадарку: Шпарлы трымаюць свіней, курэй, качак, трусоў, а некалькі гадоў таму былі на падворку і кароўкі. Мікалай Барысавіч мяркуе, што лепшым сябрам Жуку стане сабака, дарэчы, такой жа афарбоўкі, што і бычок. А таксама сцвярджае, што Жуку пашанцавала, бо тут яго будуць любіць і даглядаць.


Бычок, мабыць, перапалоханы паездкай з комплексу, не надта хацеў пазіраваць для фота, а вось кот рабіў гэта з радасцю, да таго ж, пільна сачыў за нашай размовай.


— Ганна Трафімаўна, атрымліваецца, што рэдакцыя разам з ААТ “Ружаны-Агра” таксама і клопатаў вам дадалі?
— Дык гэта ж прыемныя клопаты! — не згаджаецца гаспадыня. — Будзе чым заняцца. Ды і ўнукам радасць якая, яны ў нас жывёлу любяць, асабліва малодшыя: як прыедуць, — адразу да хлява, каб пакарміць каго-небудзь.
— А Ваша сяброўства з газетай калі пачалося?
— Я пераехала ў Беларусь з Украіны каля 35 гадоў таму. Вось тады і пазнаёмілася з вашым выданнем — у сям’і мужа ўсе выпісвалі газету. Перайнялі гэтую добрую традыцыю і мы. Ведаю, што і сыны мае чытаюць “раёнку”. Дарэчы, і наш ліст адправіла адна з нявестак — Сняжана.
А цяпер ужо і ўнукаў прывучаем. Спецыяльна пакідаем для іх дзіцячыя старонкі і падчас канікулаў разам выконваем розныя заданні. Нам у вашай газеце падабаецца ўсё, можа толькі рэклама лішняя…
— Ну, што ты такое гаворыш, Ганна? — не згаджаецца Мікалай Барысавіч. — Пластыкавыя вокны мы паставілі, дзякуючы рэкламе ў газеце, з дапамогай аб’яў куплялі і прадавалі парасят, жыллё сынам шукалі. Атрымліваецца, што ў газеце неабходна кожная старонка! А найбольш я люблю чытаць артыкулы на гістарычную тэматыку. Вельмі ж цікава пішаце!
— І за Жука можаце не хвалявацца — ён трапіў у добрыя рукі! — дадалі на развітанне шчаслівыя гаспадары.
Кацярына Пашкевіч. Фота Уладзіслава Шпарлы.