Воскресенье, 5 декабря 2021

Спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Вікторыя Калеснік: «Пакуль сяброўкі гулялі ў лялькі, я запаўняла «бухгалтарскія» кнігі»

617

Калі ў цябе сярэдні бал атэстата 9,8, а ты да таго ж яшчэ ўдзельнічаеш у абласных этапах алімпіяд па некалькіх прадметах, у цябе можа быць толькі адна праблема пры паступленні – выбар прафесіі.
Спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг ЦБУ №122 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Пружаны Вікторыя Калеснік пазбегла і такой дылемы: што будзе працаваць у банку, яна ведала з дзяцінства.


— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— У той час, калі мае сяброўкі гулялі ў лялькі, я разам з дваюраднай сястрой запаўняла «бухгалтарскія» кнігі. Мая цётка — а яе мама — працавала бухгалтарам, і мы, можна сказаць, з дзяцінства ведалі на каго раўняцца. У школе матэматыка стала адным з самых любімых прадметаў, і ў мяне ні разу не ўзніклі сумненні, якую ж прафесію абраць.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Горш за іншыя прадметы мне даваліся руская і беларуская мовы. Для паступлення я абрала рускую і рыхтавалася да здачы ЦТ самастойна: вучыла граматыку і актыўна рашала заданні тэсціравання мінулых гадоў.
З замежнай, французскай, мовай я ўдзельнічала ў алімпіядах, і тых ведаў, што атрымала пры падрыхтоўцы да іх, было больш, чым дастаткова. Вялікі дзякуй за гэта маёй настаўніцы Т.М. Дараховіч.
Цікава, але рэпетытар мне спатрэбіўся менавіта па тым прадмеце, які ведала лепш за іншыя, — па матэматыцы. Як цяпер думаю, больш для ўпэўненасці ў сабе.
Набраныя балы дазвалялі абраць любую ВНУ краіны, але мы з мамай спыніліся на Палескім дзяржаўным універсітэце: тут гарантавана даваўся інтэрнат для пражывання.

— Не пашкадавалі пра выбар ВНУ і пра тое, што не трапілі ў сталіцу?
— Не. Я і сёння лічу, што Палескі дзяржаўны ўніверсітэт — выдатнае месца для асваення такой спецыяльнасці, як “Банкаўская справа”, і іншых сумежных. Універсітэт адкрыўся на базе вышэйшага банкаўскага каледжа, які многія гады фінансаваўся Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. Першую практыку мы праходзілі прама ва ўніверсітэце, бо для гэтага тут створаны ўсе ўмовы і ёсць неабходнае сучаснае абсталяванне.
Што тычыцца па-за вучэбнай дзейнасці, то нельга не адзначыць спартыўныя аб’екты. На занятках па фізкультуры мяне навучылі плаваць, хаця я ўжо думала, што ніколі не змагу. Тут я ўпэўнена стала на канькі. У часы майго студэнцтва ва ўніверсітэце было актыўнае і насычанае культурнае жыццё.

— Што сёння ўваходзіць у Вашы што-дзённыя абавязкі?
— Абслугоўванне насельніцтва. Прыём разнастайных плацяжоў, аперацыі з пластыкавымі карткамі, валютныя аперацыі і многае іншае. Да дэкрэтнага адпачынку маё працоўнае месца, што называецца, было “адкрытым”. Гэта дазваляла больш працаваць непасрэдна з людзьмі, прызнацца, я крышачку сумую менавіта па такой рабоце.
У апошні час мне і маім калегам даводзіцца папярэджваць кліентаў пра разнастайныя махінацыі. Скарыстаюся магчымасцю і яшчэ раз усім нагадаю: банкаўскі работнік НІКОЛІ не запытае ваш пін-код, 3-G пароль і нічога не будзе высвятляць па тэлефоне!

— Каму б Вы параілі абіраць такую спецыяльнасць?
— Усім, хто любіць працаваць з лічбамі і ўмее хутка аналізаваць інфармацыю. Але, калі будучая работа будзе звязана з людзьмі, вам спатрэбіцца яшчэ камунікабельнасць і стрэсаўстойлівасць. Дадам і тое, што фінансавыя спецыяльнасці дазваляюць працаваць не толькі ў банку, а адчыняюць многа іншых дзвярэй у прафесійнай сферы.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Ірыны Сядовай.