Пятница, 19 апреля 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Настаўнікі са школы №3

771

Першая субота лютага — памятны дзень, калі былыя выпускнікі імкнуцца сабрацца разам, завітаць у сцены сваіх школ, павітаць настаўнікаў. Сёлета ў падобныя планы ўнесла свае карэктывы эпідэміялагічная сітуацыя, але ж самы страшны вірус — гэта вірус бяспамяцтва.


На гэтым фота — настаўнікі Пружанскай сярэдняй школы №3. Здымак зроблены на рубяжы 1960-х —1970-х гадоў: менавіта тады пружанскія жанчыны фарсілі ў модных бліскучых боціках, што прывозілі гандляры з Польшчы. А нашы настаўніцы заўсёды імкнуліся быць, як зараз кажуць, у трэндзе. Гэта можа быць святкаванне Першамая: якраз у тыя гады вясна здаралася такой халоднай, што нават кусты бэзу не выпускалі зялёныя лісцікі да святаў, і даводзілася прывязваць паветраныя шары да галінак са штучнымі кветачкамі з папяроснай паперы.


На мосце праз Мухавец пазіруюць фатографу наш класны кіраўнік, яна ж выкладчыца нямецкай мовы, Зінаіда Яўстаф‘еўна Берднік, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Зоя Макараўна Кудрэйка, Тамара Мікалаеўна Вайцяховіч і Надзея Васільеўна Самайлюковіч, намеснік дырэктара Лявонцій Паўлавіч Кудрэйка.


Тамара Мікалаеўна нядаўна адзначыла сваё 90-годдзе, астатніх, на жаль, ужо няма. Але мы ўзгадваем настаўнікаў такімі вось маладымі, элегантнымі, з усмешкамі на тварах. Мы памятаем.
Ірына СЯДОВА.
Фота з архіва Т.М.Вайцяховіч.