Четверг, 23 сентября 2021

Намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Кумакова атрымала Падзяку ад Міністра культуры Рэспублікі Беларусь

312

Хочаш знайсці адказы на цяжкія жыццёвыя пытанні ці проста адпачыць – пачытай добрую кнігу. А калі маеш патрэбу ў дапамозе – звяртайся ў бібліятэку.


Такое жыццёвае крэда абрала ў сваёй прафесіі Вольга Вадзімаўна Кумакова.


На рахунку намесніка дырэктара ДУК “Пружанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” мноства цікавых праектаў і распрацовак, падрыхтаваных выстаў і мерапрыемстваў. Менавіта з яе лёгкай рукі бібліятэка імя М.Засіма займела ўласны YouTube-канал, а самыя свежыя анонсы і навіны аператыўна размяшчаюцца на сайце і ў суполцы “УКантакце”. Вядома, такая актыўная работа не магла быць не ацэнена. Сярод апошніх узнагарод – першае месца ў абласным конкурсе на лепшы сацыяльны праект у намінацыі “Прафілактыка супрацьпраўных паводзін у дзяцей”, трэцяе месца ў конкурсе “Моладзь на шляху да зялёнага развіцця” і конкурсе міжнародных праектаў, дыплом абласнога конкурсу праектаў прававога выхавання…

Нядаўна спіс папоўніла Падзяка ад Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, якую Вольга Вадзімаўна атрымала за шматгадовую плённую працу і актыўную дзейнасць па прававой асвеце насельніцтва.


Гэтаму накірунку бібліятэка надае вялікую ўвагу. Амаль 20 гадоў пры ўстанове працуе публічны цэнтр прававой інфармацыі. Усе жадаючыя могуць бясплатна пракансультавацца ў адваката або натарыуса і атрымаць доступ да інфармацыйна-прававой сістэмы “Эталон”. Да таго ж, В.В.Кумакова сумесна з бібліёграфам Н.А.Казлоўскай рэалізавалі праект “Школа прававых ведаў”. Яе вучнямі сталі дзесяці- і адзінаццацікласнікі гімназіі і навучэнцы каледжа. Вольга Вадзімаўна прызнаецца: спачатку гэтая тэма здавалася сумнай і цяжкай, але, калі бібліятэкары пабачылі зацікаўленасць дзяцей, вырашылі не спыняцца. Разам з вучнямі яны абмяркоў-валі прававыя акты, праводзілі гульні на прававую тэматыку, ладзілі дыспуты і круглыя сталы.


У Вольгі Вадзімаўны яшчэ шмат планаў і напрацовак, пакуль жа яна рыхтуецца да папаўнення ў сям’і і бярэ часовы перапынак. У той жа час запэўнівае: усе ідэі, што прыйдуць падчас дэкрэтнага адпачынку, зафіксуе, каб пасля абавязкова рэалізаваць.


А цэнтральная раённая бібліятэка працягвае працу. Як расказала яе загадчыца Т.Р.Гуторкіна, сёлета запланавана шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства, ну, і, канечне, мноства сустрэч з чытачамі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.