Вторник, 21 сентября 2021

Людзі слова і гонару. Сям’я Івана і Галіны Кандрацюкоў адзначыла залатое вяселле

307

Пасля знаёмства з такімі людзьмі, як жыхары Слабудкі Іван Аляксандравіч і Галіна Дзмітрыеўна Кандрацюкі, пачынаеш разумець, у чым была галоўная сіла савецкіх ваенных гарнізонаў. Не ў сакрэтных аб’ектах, абнесеных дротам з усіх бакоў. Не ў ракетных устаноўках, якія наводзілі жах на патэнцыяльных ворагаў. Не ў самалётах і верталётах, гул якіх абуджаў па раніцах усю акругу…
Сакрэт у людзях, якія працягваюць жыць «на вуліцы ў тры дамы», дзе, як у песні спяваецца, «усё проста і знаёма».


— Дзе папросту ходзяць у госці, дзе няма зайздрасці і злосці… Так, гэта пра нас. Пра нашу любімую Слабудку, — кажуць мае суразмоўцы, якія нядаўна адзначылі залатое вяселле. Напісаць пра іх у “раёнцы” папрасілі адданыя сябры, члены “баявога” братэрства, якое прайшло выпрабаванне часам: яны падтрымліваюць адзін аднаго і ў бядзе і ў радасці.

У чаканні кахання
Падобных ваенных гарадкоў у жыцці Кандрацюкоў было шмат: калі злучыць іх назвы на карце тонкімі лініямі, то атрымаецца ажурная сетка з дарог лёсу…
Нарадзіліся Іван Аляксандравіч і Галіна Дзмітрыеўна далёка адсюль — у вялікім украінскім сяле Пікаў, што ў Вінніцкай вобласці. Сябравалі сем’ямі.
— Мая мама была першай настаўніцай Вані, тата — класным кіраўніком у старэйшых класах. А я — лепшай сяброўкай яго сястры. У іх была вялікая сям’я — восем дзяцей, таму я з радасцю выклікалася дапамагчы сяброўцы ў праполцы агарода або капанні бульбы, — распавядае Галіна Кандрацюк.
— А я не мог не звярнуць увагі на гэтую прыгожую і працавітую дзяўчынку. І не заўважыў, як прыйшло каханне… Неяк усё само сабой стала зразумела, — усміхаецца “залаты” юбіляр.
Ён афіцэр: хаваць свае эмоцыі падпалкоўніку ў адстаўцы належыць па статусе. Мы ўсё разумеем і ўважліва слухаем асноўную апавядальніцу Галіну.
— Калі Іван пайшоў у армію, мы часта адзін аднаму лісты пісалі. Я чакала…


Узялі шлюб маладыя людзі 8 лістапада 1970 года. Да таго часу Іван Кандрацюк скончыў экстэрнам Сумскае вышэйшае артылерыйскае ваеннае вучылішча. А яго нявеста паспела папрацаваць піянерважатай і паступіла ў Вінніцкае медвучылішча.
— Толькі вось, прызнаюся, танцаваць асабліва не ўмела. Балазе, жаніх навучыў. Іван і спяваў прыгожа, і танцаваў. Не забыць мне той вясельны вальс. На вуліцы ішоў дождж, а мы былі ўпэўнены, што на шчасце, — прызнаецца жанчына.

Тысяча і адна ноч
Праз год пасля ўрачыстай падзеі маладога лейтэнанта адправілі служыць у групу савецкіх войскаў у Германіі. 170 гвардзейскі мотастралковы полк дыслакаваўся ў горадзе Наўмбургу. Тры гады афіцэр у ліку іншых абслугоўваў устаноўкі супрацьтанкавых кіруемых рэактыўных снарадаў сістэм “Фаланга” і “Малютка”. А яго жонка-медсястра знайшла сабе прымяненне ў хірургічным аддзяленні ваеннага шпіталя.


У 1973 г. сям’я вярнулася ў СССР. Адзін гарнізон змяняў іншы: Асіповічы, Печы, Востраў … Нарэшце, ужо ў званні маёра, Іван Аляксандравіч Кандрацюк прыбыў у Слабудку — на пасаду камандзіра дывізіёна рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 “Град”. Праз некаторы час яго накіравалі на вучобу ў Ленінградскую ваенную акадэмію.
— Трэба было абслугоўваць сістэмы 2С3 “Акацыя” і 2С1 “Гваздзік”, іншымі словамі, самаходныя гаўбіцы. Пасля вучобы ў 1980 годзе быў накіраваны ў Ірак — інструктаваць вайскоўцаў іракскай арміі, на ўзбраенне якой паступілі гэтыя сістэмы, — распавядае Іван Аляксандравіч.
— Зразумела, услед адправіліся і мы, — дапаўняе мужа Галіна Дзмітрыеўна. — Там, у Багдадзе, наш сын Саша пайшоў у першы клас школы пры савецкім пасольстве, а дачцэ Алёне было толькі тры гадкі. Мы жылі ў гасцініцы, насупраць якой стаяў помнік Шахеразадзе. Нашы дзеці сябравалі з дзецьмі супрацоўнікаў іншых пасольстваў, бывалі ў нас у гасцях і арабскія сябры. Што дзіўна, дзеткі разумелі адзін аднаго без перакладчыка. Мова сяброўства і любові — універсальная і самая прыгожая… На жаль, гэта не заўсёды разумеюць уплывовыя людзі свету.

«Топаль», бараны і трава ля дома
У 1983 годзе, у сувязі з ваенным канфліктам, які разгарэўся ў арабскім свеце, сям’я вярнулася ў СССР, у Слабудку. Іван Кандрацюк працягнуў службу ў званні падпалкоўніка. На пасадзе камандзіра дывізіёна ён прабыў да самага выхаду на пенсію па ўзросце ў 1991 годзе. А Галіна Дзмітрыеўна яшчэ доўгі час працавала ў дзіцячым садку медсястрой і выхавальніцай…
Знаходзячыся на пенсіі, Кандрацюк вельмі хутка знайшоў сабе занятак. Некаторы час узначальваў лазнева-пральны камбінат у Слабудцы, потым працаваў у ДУ “Топаль”, якая займаецца аховай аб’ектаў былых ваенных гарадкоў і аказаннем паслуг. А ў 2007 г. захапіўся сельскай гаспадаркай.
— Мой дзядуля, — актыўна далучаецца да размовы ўнучка юбіляраў Карына, якая толькі-толькі з’явілася на парозе кватэры, — трымаў цэлую атару бараноў. На радасць бабулі былі і козачкі. Бабулі з дзядулем даводзілася столькі сена для іх нарыхтоўваць, што суседзі жартавалі, маўляў, усю траву ў гарнізоне Кандрацюкі з’елі… Толькі тры гады таму яны нарэшце адмовіліся ад такой вялікай гаспадаркі. Засталіся толькі коцікі і сабачкі. Аб былой атары нагадваюць хіба толькі вось гэтыя мілыя цацачныя баранчыкі, якіх у доме вельмі многа.

Людзі слова і гонару
Калі ўжо ўзгадалі пра ўнучку, самы час сказаць некалькі слоў аб прамых спадчынніках Івана і Галіны Кандрацюкоў. Сын Аляксандр — брэсцкі прадпрымальнік, сёння знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Дубаі. А дачка Алёна, як і бацька, звязала жыццё са службай у войску: адразу пасля школы пачала служыць па кантракце ў расійскай арміі, за плячыма ў яе, у прыватнасці, удзел у баявых дзеяннях у Чачні. Сёння Алёна Іванаўна жыве ў Курску, працуе ў звычайнай кнігарні. Яе дачка Карына скончыла Кобрынскі мастацкі каледж, займаецца дызайнам інтэр’ераў.
— Беларусь стала для мяне сапраўднай радзімай, а бабуля з дзядулем — лепшымі сябрамі. Яны — людзі слова і гонару. Іх любяць сябры, іх паважаюць суседзі. З іх імкнуцца браць прыклад знаёмыя. Гэта яны прывілі маме, а потым і мне пачуццё адказнасці за свае словы і ўчынкі і ўсведамленне таго, што няма дрэнных нацый. Мой дзед сказаў — значыць дзед зрабіў. Мая бабуля пашкадавала — значыць усё дрэннае пройдзе. Навучыцца б яшчэ, як бабуля Галя, пячы пірагі, тарты і рукадзельнічаць, цаны б мне не было, — жартуе дзяўчына. І нібы маленькае дзіця сядае каля ног дарагіх людзей.
— Як жа цікава мы пражылі сваё жыццё! — падсумоўвае нашу гутарку Галіна Дзмітрыеўна. — Так, было цяжка да слёз. І было весела да слёз. Мы сябравалі сем’ямі, імкнуліся дапамагчы адзін аднаму. Многія ўжо сышлі ад нас назаўсёды, тут засталіся іх удаўцы і ўдовы, але мы іх падтрымліваем. Таму што мы — адна сям’я. Адным словам, ваенны гарадок.
Алена Зялевіч. Фота аўтара і з сямейнага альбома сям’і Кандрацюкоў.