Четверг, 15 апреля 2021

Удзельніца VI Усебеларускага народнага сходу дырэктар ДУК «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» Крысціна Глушко: «Турызм можа прыносіць прыбытак»

645

Крысціна Генадзьеўна Глушко, дырэктар ДУК «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў»:


— Удзел ва Усебеларускім народным сходзе — гэта вялікая адказнасць перад беларускім народам. Прыемна, што мне аказалі давер прадстаўляць наш раён на такім маштабным форуме.


Я з’яўляюся дэпутатам Ружанскага сельскага Савета дэпутатаў, таму прымаю непасрэдны ўдзел у жыцці гарадскога пасёлка і не па чутках ведаю, чым жыве глыбінка. Мяне вельмі хвалюе развіццё рэгіёнаў: сёння важна ўдасканальваць інфраструктуру невялікіх населеных пунктаў, каб зрабіць гарадскія пасёлкі і вёскі больш прывабнымі і камфортнымі для жыцця. Першачарговымі павінны быць пытанні жылля і сямейнага баўлення вольнага часу.

Як кіраўніка музейнай установы найперш мяне клапоцяць пытанні развіцця галіны культуры, у тым ліку захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны. У нас яна вельмі багатая, таму, каб нічога не страціць, важна спланаваць работу па аднаўленні помнікаў — яны захоўваюць у сабе нашу гісторыю. Як вядома, рух наперад немагчымы, калі не ведаеш і не шануеш гісторыю роднага краю. Нельга не заўважыць, як вырас інтарэс да помнікаў архітэктуры: апошнія гады вядзецца рэстаўрацыя і кансервацыя значных аб’ектаў краіны.


Ужо шмат зроблена для захавання гісторыка-культурнай спадчыны Ружан — пасёлка з багатай гісторыяй і вялікім патэнцыялам. Прыкладаюцца намаганні, каб захаваць і палац Сапегаў. Працэс рэстаўрацыі аказаўся працяглым: гэта работа не на адзін год. Галоўнае — яна працягваецца.


Наш музей таксама вядзе актыўную работу па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Пружаншчыны. Ва ўмовах пандэміі, калі замежныя курорты не змаглі прымаць турыстаў, нямала беларусаў адкрыла для сябе прыгажосць роднай краіны. І, што самае цікавае, нават не падазравалі, наколькі шмат цікавых турыстычных маршрутаў і захапляльных славутасцей размешчана зусім побач.
Гэтая сітуацыя добра паказала, што развіццё неабходна не толькі ўязному турызму, але і ўнутранаму. Толькі Ружанскі музей штогод наведвае каля 20 тысяч чалавек. Але хацелася б, каб наведванне Ружан не абмяжоўвалася толькі экскурсіяй па палацавым комплексе. У Ружанах мноства цікавых месцаў: касцёл Святой Тройцы XVII стагоддзя, Петрапаўлаўская царква XVIIІ стагоддзя, сінагога XVII стагоддзя, капліца Святога Казіміра XVIIІ стагоддзя, алея драўляных скульптур, маляўнічае возера Паперня.


Пры правільным падыходзе турыстычная галіна можа з’яўляцца не толькі культурнай складаемай, але і прыносіць прыбытак, быць крыніцай дабрабыту.
Падрыхтавала Марына Вакульская.

Фота: https://people.onliner.by/