Понедельник, 1 марта 2021

Навазасімавіцкая амбулаторыя агульнай практыкі летась папоўнілася двума камп’ютарамі. Пачытайце, як працуе яе невялікі калектыў

495

Якасць і працягласць жыцця чалавека залежаць не толькі ад уласнай адказнасці за здароўе, але і ад даступнасці медыцынскай дапамогі. Менавіта таму побач з цэнтральнай раённай бальніцай у раёне функцыянуюць амбулаторыі агульнай практыкі. Ёсць такая і ў в.Новыя Засімавічы.

У зону абслугоўвання амбулаторыі, акрамя былога ваеннага гарадка, уваходзяць бліжэйшыя вёскі Пружанскага сельсавета – Арабнікі, Жадзены, Парасляны, Бузуны і Агароднікі. Працу медыкаў мясцовыя жыхары паважаюць, у чым мы пераканаліся, калі паразмаўлялі з імі асабіста. У гэтым бачыцца заслуга ўсяго невялічкага калектыву. Зараз тут працуе дзесяць чалавек, мае патрэбу амбулаторыя ў акушэрцы і медсястры фізіятэрапеўтычнага кабінета. Апошнія чатыры гады загадвае лячэбнай установай урач агульнай практыкі Я.В.Несцярук.


— Калі нашы пацыенты хварэюць, то могуць прыйсці на прыём да мяне або маёй калегі, урача агульнай практыкі Анастасіі Сяргееўны Дымша. Таксама ўрача можна выклікаць на дом. Створаны ў нас дзённы стацыянар на два ложкі. Іх выкарыстоўваем, напрыклад, тады, калі чалавек мае патрэбу ў кропельніцы. Ёсць таксама кабінет здаровага дзіцяці, працэдурны і фізіятэрапеўтычны, хаця апошні з-за пандэміі часова не функцыянуе, — расказвае Яўгеній Валер’евіч.

Дарэчы, пра каранавірус. З-за яго амбулаторыя, як і іншыя
медустановы, яшчэ вясной была падзелена на чыстую і брудную зоны. Зразумела, усе супрацоўнікі паспелі прымераць абаронныя “скафандры”. Нягледзячы на гэта, медыкі не апускаюць рукі.

Добрая матывацыя для ўрачоў нароўні з падзякамі пацыентаў – тэхнічнае аснашчэнне лячэбнай установы. Летась да ўжо выкарыстоўваемага камп’ютара дадаліся два новыя. Усе яны падключаны да электроннай урачэбнай базы. У ёй фіксуецца кожны зварот пацыента да спецыялістаў, усе выпісаныя рэцэпты і вынікі аналізаў, што значна спрашчае работу. Праводзіць якасныя шматгадзінныя даследаванні дапамагае апарат холтэраўскага манітарыравання, выяўляць захворванні вуха – апарат для отаскапіі.
Загадчык амбулаторыі прызнаецца: праца тут – вялікі і каштоўны вопыт. Зараз Яўгеній Валер’евіч на адпрацоўцы пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта. Але ўжо цяпер ураджэнец Кобрынскага раёна задумваецца пра атрыманне больш вузкай урачэбнай спецыяльнасці.


– Галоўная мэта і прызначэнне жыцця медыкаў – дапамагчы чалавеку. А патрэбныя людзям ўрачы будуць заўсёды. Таму мы працягваем працаваць, як бы цяжка ні было, – кажа Яўгеній Валер’евіч ужо на ганку амбулаторыі, адпраўляючыся на чарговы выклік пацыента…

Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады:
Працягнецца лічбавізацыя медыцыны. Бу-дзе створана адзіная тэлекамунікацыйная інфраструктура аховы здароўя. Прадугледжваецца ўкараненне інтэлектуальных сістэм для дыстанцыйнага маніторынгу здароўя.

На здымку: фельчар-лабарант С.Л.Свібода, загадчык амбулаторыі, урач агульнай практыкі Я.В.Несцярук, медыцынскія сёстры агульнай практыкі С.В.Радзіён, Т.М.Шмат і К.П.Вашкевіч.

Уладзіслаў Шпарла.