Четверг, 23 сентября 2021

Высветлілі, што і дзе плануюць пабудаваць у Пружанах у 2021 годзе

1 366

— Распрацаваны праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады для нашага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва пры яго прыняцці дазволіць захаваць той тэмп узвядзення жылых дамоў, што склаўся ў папярэдняе дзесяцігоддзе, — расказвае дырэктар УП «УКБ Пружанскага раёна» А.А.Мацявін.


Як расказвае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва, у Пружанскім раёне працуе чатыры будаўнічыя арганізацыі — ПМК-21, 22, 29 і ААТ «Рамбуд», якія маюць багаты вопыт ва ўзвядзенні жылля, а гэта сур’ёзны патэнцыял для далейшага руху наперад. За 10 год калектывамі гэтых арганізацый уведзена ў эксплуатацыю чатыры 60-кватэрных і 18 — 40-кватэрных дамоў, або прыкладна па дзве шматпавярхоўкі штогод.


Зразумела, што новае жыллё — гэта прыцягальнасць рэгіёна ў вачах тых, хто шукае месца жыхарства і працы. Таму вызначаная праектам Праграмы сацыяльная падтрымка — выдатны падмурак для будаўнікоў, каб складаць планы на перспектыву. Напрыклад, пры захаванні той дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў і іншых катэгорый грамадзян адзначаная вышэй тэндэнцыя, безумоўна, будзе працягнута.


—Да чаго мы і рыхтуемся зараз, — адзначае Аляксандр Мацявін. — Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екце «Квартал шматпавярховай забудовы» ў раёне вуліцы 8 Сакавіка ў Пружанах. У рамках яе за наступную пяцігодку мяркуецца пабудаваць восем 40-кватэрных дамоў па вуліцы Майскай. Два з іх запланаваны на 2021 год. ПМК-29 хутка прыступіць да ўзвядзення аднаго з гэтых пяціпавярховых дамоў. Планы па наступным будуць вызначаны пасля правядзення тэндарных таргоў.

Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады:
Асноўны інструмент для ўмацавання дэмаграфічнага патэнцыялу краіны – даступнасць камфортнага жылля. У прыватнасці, у планах на наступную пяцігодку — рост аб‘ёмаў будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай для шматдзетных сем‘яў.
Алег СІДАРЭНКА.