Суббота, 12 июня 2021

Наша апытанне: Ці добрая пітная вада ў Новых Засімавічах?

505

Навазасімавіцкі сельсавет з упэўненасцю можна назваць унікальным, бо складаецца ён толькі з аднаго населенага пункта. Але праблем тут, як і ў іншых сельсаветах, хапае. Адна з самых вострых – якасць вады. Многа нараканняў і зваротаў на гэты конт атрымлівае і рэдакцыя. Няўжо ўсё сапраўды настолькі дрэнна? Мы вырашылі разабрацца ў праблеме і запыталіся пра гэта ў мясцовых жыхароў.

Алена:


— Я не адчуваю праблем з якасцю вады. Іржавай яна бывае, калі ідуць рамонтныя работы. І тое нядоўга: “рыжая” вада хутка сцякае, далей з крана льецца прыдатная для піцця. Мяне яна поўнасцю задавальняе. Вінаваціць “Камунальнік” у тым, што вада перыядычна мяняе колер, не варта. Трэба разумець, што рабочыя праводзяць планавыя работы, без якіх вада была б куды горшай.

Ганна:


— На работу камунальшчыкаў і якасць вады нараканняў не маю. Калі, дапусцім, ломіцца кран, даю заяўку і рабочыя амаль у той жа дзень яго рамантуюць. Іржаўчына ў вадзе з’яўляецца толькі пасля нейкіх рамонтных работ: пацячэ крыху, а затым яе змяняе вада, якую можна спакойна піць.

Аляксей Феадосьевіч:


— Вада бывае дрэннай якасці, але не часта. Думаю, што «ржавее» яна пры правядзенні рамонту або прарывах водаправода, якія раз-пораз здараюцца. Дарэчы, ліквідуюцца яны намнога аператыўней, чым некалькі гадоў таму.

Алена з дачкой Верай:


— Вада ў вёсцы сапраўды не вельмі чыстая, таму пацвярджэнне — асадак пасля яе кіпячэння ў электрачайніку. Менавіта таму наша сям’я выкарыстоўвае фільтр. Думаю, што гэта цалкам апраўдана: фільтр каштуе не вельмі дорага, а яшчэ гэта клопат пра ўласнае здароўе.

Раіса Іванаўна:


— Нядаўна ў вёсцы пабудавалі новую станцыю абезжалезвання, але ад многіх даводзіцца чуць, што якасць вады не задавальняе. Я таксама лічу, што праблема вырашана не да канца. Як быў налёт на посудзе пасля кіпячэння, так ён і застаўся, ды і парашку ў пральную машыну даводзіцца сыпаць больш, каб выдаліць накіп.

Тамара:


— Іржавы налёт мяне палохае. Калі ваду часам адключаюць, то такое адчуванне, што пасля з крана цячэ гарбата, вось толькі піць яе небяспечна. Сцякае яна прыкладна гадзіну. Пасля вада больш-менш добрая, а хацелася б, каб такой яна заставалася заўсёды.

Пра «водную» праблему мы запыталіся і ў старшыні сельвыканкама І.А.Казакевіч. У адказ яна адкрыла кран і прадэманстравала, што якасць і смак вады не адрозніваюцца ад той, што цячэ з кранаў у райцэнтры.


Ірына Аляксандраўна патлумачыла: летась “Камунальнікам” была праведзена дыягностыка і рамонтна-прафілактычныя работы на станцыі абезжалезвання. Напрыканцы мінулага года даследаванне якасці вады правёў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Згодна з заключэннем, вада да ачысткі сапраўды не адпавядае патрабаванням санітарных правілаў і нормаў. А вось пасля яе праходжання праз станцыю абезжалезвання і размеркавальную сетку з’яўляецца цалкам прыдатнай для ўжывання. Таксама Пружанскаму КУВП “Камунальнік” рэкамендавана выкарыстоўваць для водазабеспячэння насельніцтва артсвідравіну №4, якасць вады ў якой значна лепшая, чым у свідравіне №5.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Алены Зялевіч.