Четверг, 23 сентября 2021

Былы выпускнік СШ №3, а цяпер студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ Ягор Падгурскі: «Ставіць мэту і ісці да яе»

753

Для кагосьці мінулы год быў цяжкім, некаму ён прынёс неверагодныя выпрабаванні, а хтосьці, дзякуючы сваёй упэўненасці і рашучасці, энергіі і нястомнасці, змог дасягнуць даволі значных поспехаў. Апошняе – якраз пра майго героя. Яшчэ падчас вучобы ў СШ №3 Ягор Падгурскі прыцягваў да сябе нейкай незвычайнай харызмай і актыўнасцю.


Нядзіўна, што зараз ён студэнт адной з самых прэстыжных ВНУ краіны, якая сёлета святкуе 30-гадовы юбілей, – Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. А напрыканцы мінулага года пружанец трапіў у сапраўдную казку і стаў адным з удзельнікаў беларускага навагодняга балю. Але аб усім па парадку.


Ставіць мэту і ісці да яе
Уважлівыя чытачы “раёнкі”, пэўна, успомняць імя Ягора Падгурскага. Неаднойчы наша газета пісала пра хлопца як пра пераможцу шматлікіх турніраў па плаванні. Упершыню ў Водны палац Ягор завітаў у трэцім класе і наведваў яго да заканчэння школы. Думкі, каб закінуць заняткі спортам, ніколі не ўзнікала.


— На працягу васьмі гадоў амаль штодзень я прыходзіў у басейн. Трэніроўкі забіралі шмат часу і сіл, але мне вельмі падабалася гэта. Таму, акрамя турніраў па плаванні, выступаў за школу ў валейбольных і футбольных чэмпіянатах, лёгкаатлетычных эстафетах, спаборніцтвах па стральбе…

Але звязаць сваё жыццё Ягор вырашыў не са спортам, а з юрыспрудэнцыяй. Калі раней юнак дасягаў мэт спартыўных, то ў адзінаццатым класе паставіў мэту вучэбную – стаць студэнтам Акадэміі кіравання. І ўпарта ішоў да яе: займаўся з рэпетытарамі і самастойна. Праўда, каб ажыццявіць мару, давялося на некаторы час прыпыніць заняткі плаваннем. Калі ж убачыў сваё прозвішча ў спісе залічаных на спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і права”, зразумеў: вынік быў таго варты.

Прывітанне, Акадэмія!
Ад многіх першакурснікаў даводзілася чуць, што прывыкнуць да ўніверсітэта, новага горада і выкладчыкаў было цяжка. Ягору ж, наадварот, было вельмі цікава. Можа, таму, што і тут актыўнасць хлопца не спынілася? Мяркуйце самі: менавіта ў Акадэміі ён змог далей займацца спортам, зараз уваходзіць у зборныя каманды Акадэміі па плаванні і валейболе, паспяхова выступаў на ўніверсіядах. Акрамя таго, Ягор – стараста сваёй вучэбнай групы. Актыўна ўключыўся ў прафарыентацыйную работу і нават прыязджаў з прэзентацыяй пра Акадэмію ў родную школу. І гэта толькі на першым курсе.


Зараз хлопец на другім, і ўжо змог паспрабаваць сябе ў ролі куратара. У першыя месяцы вучобы разам з іншымі студэнтамі дапамагаў “навабранцам” асвоіцца ў сценах ВНУ і паспяхова паказаць сябе на конкурсе талентаў. Не забываўся пра творчыя спаборніцтвы і сам. Летась Ягор вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе красамоўства “Цыцэроній”. Удзельнікам неабходна было запісаць абмежаванае па часе відэа з аповедам пра сябе, свае захапленні і дасягненні. Месцам здымкі студэнт выбраў родны горад. І не прагадаў: Ягор стаў абсалютным пераможцам конкурсу і ў хуткім часе прадставіць Акадэмію кіравання на міжнародным узроўні. Да таго ж, менавіта ролік пружанца набраў найбольшую колькасць лайкаў, таму Ягор быў удастоены яшчэ і прыза глядацкіх сімпатый.


Таксама ў мінулым годзе Падгурскі стаў сакратаром БРСМ сваёй навучальнай установы і паўдзельнічаў у форуме “Мы — лідары Беларусі”, прысвечаным пытанням самарэалізацыі моладзі. Нядзіўна, што напрыканцы года фота актыўнага маладога чалавека ўпрыгожыла першую паласу папулярнай мала-дзёжнай газеты “Знамя юности”. Але тады, у лістападзе, Ягор і ўявіць не мог, што самая запамінальная падзея года яшчэ наперадзе!

Чароўная казка пад Новы год
Восенню студэнтаў перавялі на дыстанцыйную форму навучання. Тады ж да Ягора паступіў званок з Акадэміі з прапановай стаць удзельнікам… навагодняга прэзідэнцкага балю ў Палацы Незалежнасці.


— Першая думка, якая тады прыйшла ў галаву: “Нічога сабе, гэта ж такі гонар!” Вядома, я пагадзіўся, але дыстанцыйная форма навучання крыху ўскладніла сітуацыю: заняткі з харэографамі праходзілі па выхадных у Мінску, а я знаходзіўся ў Пружанах. З наведваннем рэпетыцый усё было вельмі строга: тры пропускі азначалі аўтаматычны вылет з ліку ўдзельнікаў балю. На шчасце, мне ўдалося наведаць абсалютна ўсе рэпетыцыі, таму цяпер я з лёгкасцю станцую самбу, румбу, паланэз, па-дэ-карт, па-дэ-грас і не толькі, — усміхаецца Ягор.


Падрыхтоўка да балю заняла прыкладна два месяцы, пры гэтым некаторыя рэпетыцыі доўжыліся па 7-8 гадзін. Дзякуючы гэтаму, прызнаецца субяседнік, усе танцавальныя “па” былі завучаны ледзь не да аўтаматызму. Спартыўную выпраўку студэнта заўважылі, і Ягор з партнёршай увайшоў у лік 72 лепшых пар – дэбютантаў, якія адкрывалі баль.


— Атмасфера панавала ў сценах Палаца Незалежнасці ў той вечар проста фантастычная: дзяўчаты ў вячэрніх уборах, юнакі ў фраках, упрыгожванне і велічнасць залы, аркестр – усё гэта заварожвала. Здавалася, што ты знаходзішся ў казцы. Сам баль дзяліўся на дзве часткі. Падчас першай да нас звярнуўся Прэзідэнт, яго выступленне было вельмі шчырым. Затым мы выконвалі традыцыйныя бальныя танцы, а другая частка была аддадзена пад адвольную праграму. Мне ўдалося завесці шмат новых цікавых знаёмстваў, эмоцыі пасля балю доўга не сціхалі. Ведаеце, напэўна, гэта тая падзея, пра якую я буду расказваць сваім будучым дзецям, — дзеліцца Ягор.

Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспуб-
лікі Беларусь на 2021-2025 гады:
Галоўнымі накірункамі маладзёжнай палітыкі стануць фарміраванне сістэмы падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, стварэнне ўмоў і магчымасцей для навуковай, творчай, прадпрымальніцкай актыўнасці маладых грамадзян, іх самаразвіцця.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота з асабістага архіва Ягора Падгурскага.