Четверг, 23 сентября 2021

Удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі: «Узняць праблемы аграрыяў»

558

Пётр Мікалаевіч Білецкі, дырэктар ААТ «Мурава»:


— Дзякуючы дзяржпраграмам, якія на працягу апошніх гадоў рэалізоўваліся ў сельскагаспадарчай галіне, сёння аграрны сектар адпавядае выклікам часу і становіцца ўсё больш эфектыўным. У выніку доля эканамічна моцных сельгаставарыстваў павялічылася, а колькасць стратных істотна паменшылася. Калі моцная гаспадарка можа развівацца за кошт уласнага капіталу, то слабой для рэнтабельнай работы не абысціся без старонняй дапамогі: фінансавай, арганізацыйнай, тэхналагічнай. Як вядома, чым вышэй дасягнуты вынік, тым больш складана дамагчыся наступнага росту. Толькі граматная палітыка стымулявання вытворчасці і падтрымкі з боку дзяржавы дазваляе павялічыць тэмпы росту і стабільна працуючым прадпрыемствам. Таму чакаю Усебеларускага народнага сходу як пляцоўкі для абмеркавання тэмы эфектыўнага гаспадарання на зямлі і напрамкаў далейшай дзяржаўнай падтрымкі сельгасвытворцы.


Партнёрскія адносіны паміж вытворцам сельгаспрадукцыі і перапрацоўшчыкам, матэрыяльнае забеспячэнне сельгаспрадпрыемстваў, будаўніцтва жылля ў вёсцы, захаванне наяўнай сацыяльнай інфраструктуры сельскіх тэрыторый і далейшае развіццё сацыяльнай сферы ў цэлым. Вось пералік найбольш актуальных, на мой погляд, на сённяшні дзень пытанняў, якія калі не напрамую, дык ускосна тычацца аграрнай галіны і патрабуюць удасканалення.


Я не толькі кіраўнік гаспадаркі, але і старшыня раённага аграпрамысловага саюза. Нярэдка абмяркоўваем з калегамі пытанне партнёрскіх адносін вытворцаў сельгас-прадукцыі і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Лічу, што справядліва выбудаваць дакладную, празрыстую сістэму льгот і бонусаў ад перапрацоўшчыка за прадукцыю, рэалізаваную яму вытворцам. Прычым эфектыўнасць ад гэтага не прымусіць сябе чакаць не толькі вытворцу, але і перапрацоўшчыка: такая фінансавая дапамога зможа накіроўвацца на абнаўленне асноўных вытворчых фондаў сельгасвытворцы.
Сярод праблемных аграрных пытанняў — матэрыяльнае забеспячэнне вытворчасці. Напрыклад, многія гаспадаркі адчуваюць недахоп угнаенняў пад поўную патрэбу. Але часта адной толькі фінансавай магчымасці на іх набыццё недастаткова: здараецца, што гаспадаркі атрымліваюць грошы пазней за аптымальныя тэрміны ўнясення ўгнаенняў.


З улікам таго, што цэны на матэрыяльныя рэсурсы, якія закупляюцца сельгасарганізацыямі, часта мяняюцца, хацелася б мець даступныя праграмы доўгатэрміновага і льготнага лізінгу на набыццё тэхнікі, ільготныя крэдыты на фінансаванне асноўнай дзейнасці.


Што да людзей, якія жывуць на вёсцы, іх, натуральна, больш цікавіць эканоміка, узровень іх дабрабыту. За апошнія гады яны прывыклі да высокага ўзроўню жыцця і хочуць зберагчы элементарныя дасягненні: магчымасць спакойна працаваць, змястоўна праводзіць вольны час, быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Іх турбуе, дзе вучыць дзяцей, іх лёс пасля атрымання адукацыі, ці захочуць яны вярнуцца на малую радзіму. І гэтыя пытанні не трэба скідваць з рахункаў: сёння на вёсцы не хапае кваліфікаваных кадраў. Каб моладзь хацела застацца на сяле, важна захаваць для вяскоўцаў пэўныя льготы, у першую чаргу, даступныя крэдыты на будаўніцтва жылля. Для многіх сем’яў гэта вырашальны фактар, каб назаўжды застацца ў вёсцы. Але апошнім часам сельгасарганізацыям стала намнога цяжэй весці будаўніцтва жылля: ільготны крэдыт не кампенсуе кошт будаўніцтва дома і сродкі даводзіцца адцягваць з абаротных актываў, што складана нават для эканамічна моцнай гаспадаркі. Да слова, раней за кошт ільготных крэдытаў штогод узводзілася па пяць-шэсць дамоў.
Сялянская праца вельмі цяжкая, але жыццё ў вёсцы непараўнальна спакайней за гарадское. Так што, думаю, трэба і далей рознымі спосабамі павышаць прэстыж сельскага жыцця.