Четверг, 15 апреля 2021

«Ларс» прынёс у Пружанскі раён шмат снегу, але да рэкорду 2003 года пакуль далёка

347

Ад снежнага покрыва, якое выпала напярэдадні маразоў, 25 студзеня, практычна не засталося і сляда. Але зямля заставалася без белай коўдры нядоўга: у ноч на 26 студзеня Пружаншчыну накрыла моцным снегападам, які прынёс паўднёвы цыклон.


У аўторак раніцай спецыялісты метэастанцыі «Пружаны» зафіксавалі 11-сантыметровую сярэднюю вышыню снежнага покрыва.

«Па метэаралагічных паказчыках снегапад уначы з 25 на 26 студзеня ацэньваецца як моцны: была практычна нулявая бачнасць», — удакладніла інжынер-аграметэаролаг Таццяна Шопік.


Снег ішоў і ў наступныя суткі, у выніку чаго сярэдняя вышыня снежнага покрыва вырасла да 15 сантыметраў. А па стане на раніцу 28 студзеня метэаралагічныя меркі схаваліся пад снег яшчэ на адзін сантыметр. На метэастанцыі заўважаюць, што на палях і адкрытай мясцовасці гэтая лічба будзе большай, пасадзейнічаў гэтаму і моцны вецер.


«Менавіта па такім паказчыку, як вышыня снежнага покрыва, на нашай метэастанцыі захаваліся не надта багатыя даныя, — гаворыць Таццяна Шопік. — За апошнія дваццаць гадоў найбольш снегу — 23 сантыметры — выпала ў 2003 годзе. У 2017 годзе ў лютым зафіксавалі 19 сантыметраў снегу, у 2018-м — 15 см. За 2019 год максімальнае снегавое покрыва было зафіксавана на адзнацы 14 сантыметраў, ды і тое трымалася ўсяго пару дзён. А за ўвесь мінулы год, напрыклад, устойлівага снежнага покрыва, калі ападкамі пакрываецца ўся паверхня, зусім не ўтваралася».


Як надоўга затрымаецца снег? Гэта залежыць толькі ад нябеснай канцылярыі. На працягу серады-чацвярга тэмпература паветра вагалася ў межах 0 — -2 градусы па Цэльсію. Таму па стане на чацвер захоўваецца 10-бальная ступень пакрыцця зямлі снегам.
Марына Вакульская. Фота Уладзіслава Шпарлы.